19 верасня ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі раённай цэнтральнай бібліятэкі для навучэнцаў ДУА «Вілейская гімназія № 1 «Логас»» адбылося асветніцкае мерапрыемства, прысвечанае гісторыі беларускай кнігі. Дзеці пазнаёміліся з выставачным праектам «Жыццё ў слове» з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, а таксама прынялі ўдзел у тэматычным квэсце «Летапісцы эпохі».

У рамках сустрэчы навучэнцам былі прадстаўлены рэдкія факсімільныя выданні, якія захоўваюцца ў бібліятэцы і складаюць залаты фонд нацыянальнай культуры. Асаблівую ўвагу прыцягнула факсімільнае ўзнаўленне Слуцкага Евангелля – унікальнага рукапіснага помніка XVI стагоддзя, якое лічылася страчаным пасля 1941 года і пазней набытае. Дакладная копія гэтай святыні, выдадзеная абмежаваным тыражом, дазваляе дакрануцца да духоўнай спадчыны мінулага.

Удзельнікі мерапрыемства змаглі пабачыць «Псалтыр» Францыска Скарыны – першую друкаваную кнігу, выдадзеную асветнікам у Празе ў 1517 годзе. Разгледзілі таксама «Азбуку» 1618 года – адзін з першых друкаваных падручнікаў, які адыграў немалаважную ролю ў гісторыі ўсходнеславянскай асветы.
Жывую цікавасць выклікалі прыжыццёвыя зборнікі класікаў: «Вянок» Максіма Багдановіча – адзіная выдадзеная пры жыцці паэта кніга вершаў, якая выйшла ў 1913 годзе ў Вільні, і «Жалейка» Янкі Купалы – дэбютны ўцалеўшы паэтычны зборнік, які пабачыў свет у 1908 годзе ў Пецярбургу.
Закончыўся агляд знаёмствам з кнігай духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна «Ксты», якая намініравалася на Нобелеўскую прэмію ў 2006 годзе.
Праведзены квэст «Летапісцы эпохі» дазволіў навучэнцам не толькі замацаваць атрыманыя веды, але і паглыбіцца ў атмасферу гістарычнага мінулага праз інтэрактыўныя заданні.
Вікторыя БОХАН, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай цэнтральнай бібліятэкі/ Фота прадастаўлена аўтарам







