Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

…І куды «паехала» аптэка

Колькі б ні наракалі мы на няпростае жыццё, колькі б ні скардзіліся на людскі прагматызм і нават чэрствасць, а ўсё ж праяўленняў дабрыні і чалавечнасці значна болей. Пра іх – наступныя звароты чытачоў.
«Жыццё адзінокай пенсіянеркі ў многім залежыць ад увагі тых, хто побач, ад ласкавага слова, – напісала віляйчанка Людміла Кавальчук. – А тая дапамога, якую атрымліваеш своечасова, без слёзных просьбаў – асабліва цэніцца. Для мяне такімі памочнікамі сталі працаўнікі ЖРЭУ-1 Сяргей Аркадзьевіч Новаш, Людміла Мікалаеўна Пацкова, Жанна Браніславаўна Рачыцкая, Іосіф Мечыслававіч Церах і Яўген Вітольдавіч Лазовік. Неспакойная ў іх работа, часам няўдзячная. Дзякуй гэтым людзям і нізкі ім паклон».
З вёскі Касцяневічы ў рэдакцыю патэлефанавала Ніна Антонаўна Піскуровіч. Нядаўна жанчыне давялося лячыцца ў ЛОР-аддзяленні раённай бальніцы.
– Здарылася бяда: ад вялікага ціску лопнуў сасуд, пачалося кровацячэнне, – расказала Ніна Антонаўна. – Цэлую ноч ні на крок не адыходзілі ад мяне ўрачы, якіх лічу цяпер сваімі выратавальнікамі. Як блізкія людзі,дапамаглі яны мне. Ад усяго сэрца я ўдзячна Міхаілу Сцяпанавічу Буслаўскаму, Наталлі Міхайлаўне Шарафановіч, Вользе Вайцехаўне Кезік. Каб не іх прафесіяналізм ды чалавечнасць, страшна ўявіць, што было б са мной. Няхай дае Бог ім, маім выратавальнікам, усё самае найлепшае ў жыцці.
Зварот віляйчанкі Галіны Валяр’янаўны Савіцкай таксама пра чалавечнасць. Жанчына расказала, што ў яе знаёмых прапаў сабачка. Некалькі дзён гаспадары не маглі яго знайсці, нават страцілі надзею ўбачыць жывым. І раптам…
– Выпадкова непадалёк ад куранецкага пераезду сустрэла хлопчыкаў, побач з якімі бег сабачка, – расказала Галіна Валяр’янаўна. – Прыгледзелася, а гэта Лары, прапажа маіх сяброў. Пачала распытвацца ў хлопцаў, дзе сустрэлі аўчарачку. Яны і расказалі, што дасталі яе з калодзежа, у які яна ўвалілася. Трэба было бачыць, як абрадаваліся хлопцы, што знайшліся гаспадары Лары! Такія вось душэўныя падлеткі, у сэрцах якіх жыве міласэрнасць. На жаль, не паспела спытаць іх імёны і прозвішчы, але, хочацца верыць, яны прачытаюць гэтыя радкі. Дзякуй вам, хлопцы!
І яшчэ адзін зварот. На гэты раз – з пытаннем. Пенсіянерка Галіна Міхайлаўна пацікавілася, чаму зачынена аптэка, што па вуліцы Савецкай.
Як паведаміў загадчык цэнтральнай раённай аптэкі Валерый Мількота, будынак аптэкі закрыты на рамонт. На гэты час установа размясцілася ў прамтаварным магазіне па вуліцы Савецкай, 50 на першым паверсе. Так што, як бачыце, медыцынская ўстанова «пераехала» толькі на пэўны час і зусім недалёка. Дарэчы, у бліжэйшы час тут будзе ўстаноўлены і тэлефон аптэкі – 5-42-45.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 172 queries