Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Дзякуй Богу за смутак і радасць…»

Паміж гэтымі двума прозвішчамі – адлегласць невымяральная. І ўсё ж адной эпохай пазначана іх прысутнасць на планеце людзей. Кацярына Фурцава – партыйны функцыянер высокага рангу, жанчына складанага і супярэчлівага лёсу. Трагізм яе ў тым, што адна, без значнай падтрымкі, яна спрабавала вясці сваю партыю ў яўна не жаночай гульні.
Таіса Палянская (па мужу Шупенька) – мая гераіня, на нябесныя для сябе зоркі не разлічвала, хоць і з’яўляецца, сцвярджаюць сямейныя паданні, патомкам слыннага радзівілаўскага роду. Толькі роднасць гэта ёй ні аўтарытэту, ні вядомасці не прыбавіла. А вось імем Кацярыны Фурцавай пазначаны значок-узнагарода «За выдатную работу», які Таіса Іванаўна атрымала ў 1965 годзе. Подпіс міністра культуры СССР, такую пасаду займала тады Фурцава, выразна акрэслены на пасведчанні. Колькі такіх непрадказальных віртуальных кантактаў здараюцца на планеце людзей – матэрыялізаванай вышэйшай волі яе Стваральніка.

Амаль што ля парога, у далікатным паклоне, гасцей сустракае каліна. Годная сваёй позняй прыгажосцю, яна нечым нагадвае гаспадыню сялібы. Таісе Шупенька хутка восемдзясят. Але, як і ўсе самадастатковыя асобы, што здзейснілі наканаваны ім лёсам абавязак, жанчына не хавае свайго ўзросту. Рухавая, гнуткая, бы тая каліна, парывістая – яна зводдаль можа сысці за спрытную маладзіцу. Вось толькі плячо нядаўна болем звяло, прадзьмула відаць, калі па гаспадарцы ўпраўлялася. Хвароба зблытала планы. Гародчык не перакапаны яшчэ, падворак густа заслала лісцем. Толькі дарэмна Таіса Іванаўна турбуецца. На сядзібе і ў хаце той гадамі ўсталяваны парадак, які ўжо ніякім абставінам скарэкціраваць не пад сілу. У прасторных пакоях, – вясковая ўтульнасць. Яна звыкла робіць адметным быт іх насельнікаў на фоне тыповага інтэр’еру гарадскога жытла. На покуце – абраз з выяваю Маткі Боскай. Ля стала – кадка з кітайскай ружай.
– Перасадзіла нядаўна. Дык засохла. А пасля зацвіла. Аж тры кветкі былі… – Таіса Іванаўна злёгку напружаная, перабірае светлы каўнерык, што годна ахінае яе стройную шыю. Раз-пораз праводзіць рукой па валасах, хвалістых, напэўна, вельмі мяккіх навобмацак.
– Вось такая ў нас з Аляксандрам прасторная хата выйшла, – нібы апраўдваецца жанчына, сувымяраючы з колішнім размахам сённяшнюю сваю адзіноту. Таіса Іванаўна ужо чвэрць веку ўдава. Адзіная дачушка жыве ў Мядзелі. Медсястрой у санаторыі працуе. Зяць добры трапіўся.
– А гэта – унучачка, – ловіць мой позірк, скіраваны на аточаную драўлянай рамкай фотакартку гаспадыня. Са здымка бесклапотна ўсміхаецца юнацтва, апранутае ў лёгкае, колеру весняга неба, убранне. – Клічуць мяне дзеці да сябе. А я, пакуль кратаюся, хату сваю не кіну.
Таіса Іванаўна не можа пайсці адсюль нават да самых родных людзей, бо гэта гняздзечка вілі яны ўдваіх з Аляксандрам. А ў гісторыі іх узаемнасці, як і ў любым жыцейскім сюжэце, мелася свая прадмова. Лёсавызначальная, – лічыць цяпер мая суразмоўца. Усё ішло да таго, каб яны сустрэліся, каб у адной кропцы сышліся іх шляхі-дарогі, пераплёўшыся затым так, як на шэрай канве ткацкага палатна пераплятаюцца рознаколерныя ніці. Каб стаць пасля маляўнічым узорам ідэйнай задумы творцы.
Таісе было дзевяць год, як яна страціла маці. Маладая жанчына, не меўшая яшчэ і сарака, стлела, як свечка, ад незразумелай хваробы. У вёсцы казалі: на вецер паплакала. А плакаць было ад чаго.
…Вясковы солтыс, выконваючы праграму вермахта па нарыхтоўцы з акупаваных тэрыторый авечай воўны (пэўна, не было з чаго вязаць шкарпэткі змораным ад бясконцых «усходніх» халадоў нямецкім салдатам – М.К.), здзекліва папіхнуў ботам рэзгіні, прынесеныя маладой жанчынай:
– Некандыцыйная ў цябе воўна, мокрая, смярдзючая. Забірай назад.
Разумеючы, што лепшай пакуль не будзе, жанчына ўсю дарогу дамоў горка плакала. А назаўтра злягла ў ложак. Ды так і не ўстала… Бацька Іван, апантаны горам, урэшце ўсё ж ажаніўся зноў, падуладны больш не сэрцу, а цвярозаму розуму. Адзіны ў акрузе каваль, ён увесь час бавіў на працы, у самоце забыцця аднаўляючы аблічча той, што праводзіла на вайну, сустракала пасля з перамогай, баязліва і з асцярогаю ў хвіліны блізкасці мацаючы на шчацэ след ад кулявога ранення. Кулямётчыкам прайшоў Іван вайну і скончыў яе ў Берліне.
Мачыха Таісе трапілася лагодная. Ніколі кавалкам не ўпікнула. Дзяўчыне, дзякуючы сямейнай згодзе, удалося і культасветвучылішча закончыць, і завочнае хаэраграфічнае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта.
– Я ў школе не была выдатніцай, – шчыра прызнаецца суразмоўца. – Пасля вайны, якія там падручнікі. Дадуць адзін на ўвесь клас. Памятаю, сабраліся, чытаем «Восресение» Талстога. Па сюжэту плакаць трэба, а мы рагочам… Сшыткаў не было. Прыстасоўвалі пад пісьмо мяхі з пад солі. Крэмзалі на іх бураком.
…Аляксандр не быў яе першым каханнем. Але, як з’явіўся ў вёсцы пасля службы ў марфлоце, сэрца дзяўчыны выгукнула: Мой!
У кожнага з нас хоць раз у жыцці нараджалася падобнага роду прадчуванне. Яно не спела спакваля, не паланяла патрохі свядомасць, як паланяе прыморскі бераг начны прыбой. А ўзрушана і ўдначас абрушвалася на яго, як абвальнае цунамі, справакаванае падводным землятрусам.
Якія гены малявалі аблічча гэта цёмнага, як восеньская ноч, прыгажуна, сказаць цяжка. Толькі, акрамя армейскай выпраўкі і мужчынскага хараства, меў Аляксандр яшчэ і добрае, шчырае сэрца. У сваты дэмабілізаваны марак ехаў па снежнай цаліне. Завейная выдалася зіма. Вяселле гулялі небагатае. Але найлепшым капіталам у ім была нявеста. Выйшла Таіса да яго ў пазычанай штапельнай сукеначцы. Бялютка-белай. З марлевым вэлюмам, абрамленым зялёнай рутай. Далікатная, недатыкальная… Пасля афіцыйнай рэгістрацыі Аляксандр і Таіса тайна павянчаліся. У Княгінінскай царкве. Ужо без сукенкі і без вэлюму. Туды даехалі на спадарожным аўтамабілі. А назад ішлі па снежнай цаліне, узіраючыся ў мутную замяць завірухі, каб не згубіць апошнія арыенціры для ўдалага завяршэння гэтай вясельнай вандроўкі.
Лёсам Таісе быў прадвызначаны канфлікт з тагачаснай сістэмай афіцыйна прынятых маральных каштоўнасцяў. Хоць яна ніколькі не правакавала яго, – наадварот, колькі хапала душэўных і фізічных сіл, – імкнулася згладзіць вострыя вуглы. А яны непазбежна аднаўляліся, паколькі ўзнікалі на стыку чалавечай духоўнасці, у якой пераважалі хрысціянскія каштоўнасці, і ідэалогіі кодэкса «будаўніка». Першыя – спаконвечныя, выхаваныя сямейнымі традыцыямі. Другія – перасаджаныя са знешняга, часта неспрыяльнага да чалавечага духу асяроддзя. Калі мая суразмоўца працавала загадчыцай Касцяневіцкага сельскага клуба, калега, бібліятэкар, запрасіла Таісу стаць хрышчонай маці для яе нованароджанага сына. Адпаведны запіс быў зроблены ў касцельнай кнізе. Унушэнне з пагрозаю страты партыйнага білета, найвялікшай у часы ваяўнічага атэізму, Таіса атрымала ў аддзеле прапаганды райкома партыі. А праз колькі часу зноў наступіла на тыя ж самыя граблі, бо не змагла пахаваць бацьку без рытуальнай пахавальнай малітвы. Калі сканаў былы франтавік, так і не дачакаўшыся ільготнай пенсіі, Таіса працавала ўжо старшынёй Касцяневіцкага сельсавета. Такога роду «амаральны» ўчынак не мог ёй дараваць раённы партыйны камітэт. За «вечную памяць», што прагучала над труной роднага чалавека, яна страціла пасаду і прывыкала жыць пад спачуваючымі, а то і здзеклівымі позіркамі землякоў. Адно радуе: хрышчонік яе – урач, паважаны сярод людзей чалавек, цяпер загадвае хірургічным аддзяленнем у Клецкай бальніцы. Благаславенне Усявышняга пазначыла яго жыццёвы шлях. Яго і тых, хто судакранаецца з ім па волі лёсу.
– А выдатніка культуры як Вам удалося атрымаць?
– Неспадзеўкі ўсё выйшла. Праверылі маю працу, калі я была культработнікам. Планы, сцэнарыі, нагляднасць – ну, і узнагародзілі знакам. Нечаканасць для мяне была вялікая.
Таіса Іванаўна – уся ва ўспамінах. Чырванеюць шчокі, вочы запальваюцца ці то ад хвалявання, ці то ад віртуальнага вяртання ў маладосць. Тады ўсялякія непаразуменні перажываліся лёгка, на адным дыханні. Так натуральна пераносіць стайер часовыя перыпетыі ўжо спрагназаванага забегу на доўгую дыстанцыю. Яна ледзь паспявала адчыніць клуб, як ён тут жа поўніўся людзьмі. Хтосьці браў шашкі, нехта станавіўся за більярдны стол. На сцэне ў танальнасцях практыкаваліся вакалісты. Што ні выхадны – гастролі. У суседнія гаспадаркі, на адкрытых кузавах зусім не прыстасаваных для перавозкі артыстаў аўтамабіляў. У мясцовай Касцяневіцкай школе навучалася больш трохсот дзетак. Калі ўжо стала кіраўніком мясцовай улады, праблем з добраўпарадкаваннем тэрыторыі не мела:
– Выйдуць з венікамі. Як мурашачкі вуліцу аблепяць… Але ж і транспарту ў старшыні сельсавета не было. Надзейны конік – веласіпед.
З болем успамінае Таіса Іванаўна той час, калі статус неперспектыўных пракляццем лёг на лёс малых вёсак:
– У іх па пяць-дзесяць дзяцей сем’і мелі. Ім бы будавацца дазволіць. Колькі б яшчэ сядзіб ля адной бацькоўскай хаты вырасла.
Слова ці паняцце прыстае, бывае, як калючае асцё дзядоўніка, выклікаючы зразумелае жаданне пазбавіцца ад гэтага некамфортнага адчування. Людзі пазбаўляліся, пакідаючы вёску, спальваючы масты для вяртання. Сёння, лічыць Таіса Іванаўна, мы пажынаем плады той недальнабачнай палітыкі. І, дай Бог, каб не мела яна рэцыдыву.
У Касцяневічах, каля яе дабротнага, з жоўтай шалёўкай,дома, ужо адбуялі флоксы. Іх разнаколерныя суквецці кусціліся тут перад фасадам, пачынаючы ад жніўня, адцяняючы пераважна ружовымі фарбамі суседні парафіяльны дом, дзе жыве настаяцель мясцовага касцёла. Таіса Іванаўна хрышчана ў праваслаўі. Але і з ксяндзом, і з храмам у яе добрае суседскае і хрысціянскае паразуменне. Сама ж яна спявае ў хоры Рэчкаўскай царквы Святога Духа. Ёй па душы сучасны песенны рэпертуар храма , дзе ўсё настолькі сугучна з настроем чалавечай душы.
– Дзякуй Богу за смутак і радасць, – узгадвае Таіса Іванаўна словы, якія сёння, як нельга больш, адпавядаюць яе светаадчуванню. Калі вялікае жыццё пражыта. А ля ганку яшчэ палае гронкамі каліна. Абяцаючы светлыя марозныя ранкі зусім недалёкай зімы.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries