Успомніце сваё дзяцінства. Успомніце, як многія з вас хацелі стаць урачамі. А чаму? Чаму гэта прафесія так прыцягвае малых і яны з захапленнем гуляюць, уяўляючы сябе на месцы доктара?
Мне здаецца, таму, што наша жыццё – ад самага пачатку – цесна звязана з урачамі: яны перажываюць, хвалююцца за наша здароўе, ратуюць і лечаць не толькі ў бальніцы, але і па першым выкліку – пад трывожныя гудкі сірэны – імчацца на дапамогу… Дзякуй, доктар!
Уладзіслаў Хмарэнка, 9 клас
***
Чым вы цяпер займаецеся? Адпачываеце? Абедаеце?
А яны зараз, у гэты момант, ратуюць людзей. Рызыкуюць уласным жыццём, каб выратаваць жыццё другога чалавека. І так – штодзень: белы халат, спецыяльны касцюм, пальчаткі, маска… Дзякуй, доктар! Дзякуй за нашага выратаванага сына, нашага дзядулю, нашу маці! Дзякуй за тое, што вы, нават калі стамляецеся і хочаце адпачыць, усё роўна ідзяце ў палату да хворага. Дапамагчы… Падтрымаць… Вы не абяцаеце. Вы робіце! Тут і цяпер… Дзякуй, што вы – ёсць!
Дар’я Місюль, 9 клас
***
У гэты няпросты час прафесія ўрача стала самай важнай і неабходнай. Пакуль многія з нас могуць дазволіць сабе пасядзець дома, заняцца любімай справай ці проста адпачыць, урачы – на сваіх месцах, у палатах, ля хворых. Каб дапамагчы і падтрымаць. Каб вочы хворага засвяціліся надзеяй, грудзі ўздыхнулі з палёгкай, а на вуснах з’явілася такая доўгачаканая ўсмешка…
Нізка кланяюся ўсім людзям у белых халатах за іх стойкасць, мужнасць і кажу шчыры дзякуй за працу на мяжы чалавечых магчымасцей, за выратаваныя жыцці і адказнасць.
Уладзімір Квачонак, 9 клас
***
У цяперашні нялёгкі час не знайсці больш патрэбнай і адказнай прафесіі, як нашы выратавальнікі-ўрачы. Кожны дзень яны змагаюцца за нас, нашу будучыню, будучыню нашчадкаў. Кожны дзень яны становяцца магутнай сцяной, каб нябачны вораг не перамог нас.
Вам, нашы ўрачы, мы дасылаем словы падзякі і шанавання за нялёгкую працу, якая дае людзям надзею і ўсяляе веру ў лепшае. Мы верым, што вы – пераможаце!
Герман Качаноўскі, Павел Прусаў, Дар’я Радзевіч, 9 клас








