Гэты матэрыял пра важныя падзеі, развіццё меліярацыі і інтэнсіфікацыю сельскай гаспадаркі ў СССР. Чаму звяртаемся да гэтай даўняй гісторыі? Таму, што ў Вілейцы жыве непасрэдны ўдзельнік тых падзей шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Гэта Франц Млечка, якога многія віляйчане ведаюць як шматгадовага намесніка дырэктара завода «Зеніт» па рэжыме і кадрах. А шэсцьдзясят гадоў таму назад Франц Мікалаевіч, тады маладзенькі салдат, быў у ліку тых, хто выконваў важную дзяржаўную задачу – удзельнічаў у асваенні зямель для вырошчвання рысу.

– У красавіку 1965-га Пленумам ЦК КПСС была прынята пастанова па інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі і развіцці меліярацыі, – прыгадаў даўняе Франц Мікалаевіч.
– У прыватнасці, каб забяспечыць краіну рысам, намячалася стварыць развітыя інжынерныя рысавыя сістэмы. У важнай справе былі задзейнічаны і салдаты. Я тады быў у арміі і аказаўся ў ліку тых, хто адправіўся ў паўднёвыя раёны Казахстана.
ДЗЕ ЖЫЛІ
Да месца дыслакацыі (а гэта быў Чыілійскі раён Кызылардзінскай вобласці) ехалі сем сутак. Разам з ваеннаслужачымі, якіх было каля трохсот, ішлі і саставы з тэхнікай – бульдозерамі, экскаватарамі, скрэперамі.
– Прыбылі на месца ў пачатку лютага, – прыгадаў Франц Мікалаевіч.
– Думалі, што на поўдні Казахстана і зімой будзе цёпла, але памыліліся – надвор’е было халоднае. Жылі ў палатках, па дзесяць чалавек у кожнай. Атрымаўся сапраўдны палатачны гарадок. Крыху пазней самі пабудавалі сталовую. Калі дакладна, выкапалі яе ў зямлі, каб улетку хавацца ад пясчаных бураў ды гарачага сонца. Кармілі, дарэчы, нас добра, а вось пітную ваду прывозілі. Такім быў наш быт.

ЯК ПРАЦАВАЛІ
З першых дзён у Казахстане Франц Млечка, які служыў вадзіцелем, вазіў начальства па рысавых палях – планавалі, дзе і як пачынаць работы.
– Уразіла мяне карціна запусцення: каналы перасохлі, на палях выраслі пясчаныя барханы, – расказаў мой суразмоўца. – І пачалася праца. Салдаты і тэхніка былі задзейнічаны ў самым нялёгкім – пярвічным асваенні цалінных зямель. А гэта ўключала ў сабе планіроўку зямель, адсыпку валоў, выемку грунта для каналаў. Умовы былі цяжкія: летам – спякотнае сонца, вясной і восенню – дождж і слота. Было цяжка, але мы сумленна выконвалі пастаўленую нам задачу – рылі каналы, аднаўлялі сістэмы, рыхтавалі зямлю для пасадкі рысу.
Ключавой задачай, ад якой залежыў поспех справы, было аднаўленне сістэмы – неабходна было пракласці новы пяцідзесяцікіламетровы канал ад Сырдар’і і стварыць цэлую сетку дробных каналаў. Здавалася б, задача, якую нельга выканаць і за некалькі гадоў, аднак пасля дзевяці месяцаў напружанай працы вада пацякла па новых каналах, наталяючы вільгаццю ссохлую зямлю і вяртаючы надзею на жыццё і багатыя ўраджаі.
– Канешне ж, мы былі вельмі рады, – усміхнуўся Франц Мікалаевіч і тут жа спахмурнеў. – Праўда, не абышлося і без новага выпрабавання. Сырдар’я, непрадказальная і наравістая, вырашыла яшчэ больш выпрабаваць нас – магістральны канал, пабудаваны з такой цяжкасцю, стаў даваць цеч, вада пайшла ў пясок. Каб выратаваць ураджай, трэба было тэрмінова ўхіляць прарыў. У час гэтай цяжкай работы адзін з салдатаў, беларус з Полацкага раёна, загінуў, і гэта стала ўдарам для ўсіх нас.
ЗАДАЧА ВЫКАНАНА!
Дзевяць месяцаў працавалі салдаты ў Казахстане. За гэты час яны падрыхтавалі 900 гектараў палёў. Дарэчы, першы ўраджай рысу парадаваў – атрымалі 75 цэнтнераў з гектара. З усведамленнем годна выкананай справы ў пачатку лістапада 1965 года салдаты вярталіся з Казахстана.
– У складзе батальёна былі хлопцы розных нацыянальнасцей, – адзначыў Франц Мікалаевіч. – Літоўцы, малдаване, шмат беларусаў. Часта прыгадваю той час і іх, хлопцаў, з якімі разам мы выконвалі важную і нялёгкую задачу. Успамінаецца праца да сёмага поту, а яшчэ – рэдкія хвіліны адпачынку, падчас якіх мы спявалі, жартавалі, выязджалі з канцэртамі ў суседні раён. Маладосць ёсць маладосць… Так хацелася б, каб зараз, праз столькі гадоў, сустрэцца з кім-небудзь з былых саслужыўцаў, пагутарыць, успомніць мінулае… Не губляю надзеі на гэта.
АД САЛДАТА –ДА КІРАЎНІКА
За сваё жыццё Франц Млечка заслужыў нямала грамат, падзячных лістоў. Усе яны, безумоўна, ветэрану дарагія. Але ж падзяку Кзыл-Ардзінскіх абласных камітэта кампартыі Казахстана і выканкама Савета дэпутатаў, якой адзначана яго самаадданая праца ў Казахстане, ён лічыць адной з галоўных узнагарод.
– Ганаруся тым, што мне давялося ўдзельнічаць у такой важнай справе і што я ўнёс свой уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі нашай краіны. Гэты вопыт навучыў мяне цаніць працу, дружбу, любіць Радзіму і быць ёй верным.
Ад салдата, які адраджаў засушлівыя землі, да кіраўніка, адказнага за кадры на заводзе (пра яго працу на «Зеніце» мы расказвалі ўжо на старонках газеты), – такі шлях за плячыма Франца Мікалаевіча. І прайшоў ён яго сумленна, годна, з усёй адказнасцю выконваючы даручаную справу.
Ірына БУДЗЬКО/ Фота з архіва рэдакцыі і з сямейнага архіва Франца МЛЕЧКІ







