Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ад дзеда і ўнукаў – дзеткам навука: творчы год Віктара Кажуры і яго ўнучкі Ангеліны

«Ад дзеда і ўнукаў – дзеткам навука» Пад такой назвай нядаўна выйшла ў свет адна з новых кніжак нашага вядомага земляка-пісьменніка Віктара КАЖУРЫ. І гэта не проста назва кніжкі…

Імя Віктара Кажуры, пісьменніка, настаўніка, даследчыка, добра вядома не толькі на Вілейшчыне, але і ва ўсёй Беларусі і нават за яе межамі. На старонках раённай газеты мы нярэдка расказваем пра шматгранную дзейнасць Віктара Віктаравіча: выдавецкую, даследніцкую, творчую, метадычную.

Па-добраму зайздросціш гэтаму няўрымсліваму чалавеку, міжволі задумваючыся: як ён знаходзіць на ўсё час і сілы? А пагутарыш з Віктарам Віктаравічам, убачыш той малады агеньчык творчасці ў яго вачах, пачуеш такія шчырыя, знаёмыя з дзяцінства словы нашай роднай мовы, і вось ён, адказ: вялікім багаццем – любоўю і веданнем усяго нашага, беларускага – валодае пісьменнік, шчыра дзеліцца гэтым з іншымі, і гэта дае сілы і натхненне.

Творчасць, якая натхняе

Мне вельмі падабаюцца творы Віктара Кажуры. Яго кніжкі чытаю з вялікім задавальненнем. Простыя, трапныя, напісаныя сакавітай мовай, яны зразумелыя кожнаму, незалежна ад узросту. А галоўнае – яны пра нашу Беларусь, пра ўсё і ўсіх, што нас акружае. Нават самыя звычайныя прадметы і з’явы, па-майстэрску апісаныя мастаком слова, успрымаюцца ў нейкім новым святле, цікава і непаўторна.

Пісьменнік, педагог, даследчык, краязнаўца… Віктара Кажуру ведаюць ва ўсіх гэтых іпастасях. І вельмі важна, што творчы чалавек усім, што ведае і любіць, дзеліцца з моладдзю, выхоўваючы сабе дастойную змену.

Унукі – працяг справы

Сярод яго шматлікіх вучняў – унукі Ангеліна Прохарава і Цімафей Зеньчык. Гэта яны ў свой час натхнілі дзядулю на напісанне першых кніжачак для дзяцей. Натхняюць і зараз, а Ангеліна ўжо даволі часта выступае ў суаўтарстве з Віктарам Кажурам пры напісанні кніжак, працуе пад яго кіраўніцтвам над даследчыцкімі работамі.

Плённы навучальны год

Вельмі плённым для Віктара Кажуры і Ангеліны Прохаравай быў 2025–2026 навучальны год. Дзяўчына станавілася пераможцай шматлікіх конкурсаў розных узроўняў (ад раённых да міжнародных), неаднаразова разам з дзядулем выступала на Беларускім радыё і тэлебачанні, і пра ўсе гэтыя перамогі мы расказвалі нашым чытачам.

Думаецца, кожны ўпэўніўся, што зерне вялікай любові да бацькаўшчыны і роднай мовы, пасеянае дзядулем, ужо дало свае ўзыходы. Цяпер ужо атрымліваецца і сапраўды так: ад дзеда і ўнукаў – дзеткам навука. Дзеткам, якія чытаюць кнігі пісьменніка і яго паслядоўнікаў.

Новыя кнігі

Дарэчы, пра кнігі. У мінулым навучальным годзе ўбачылі свет пяць новых кніжак Віктара Кажуры (дзве з іх напісаны ў суаўтарстве з Ангелінай Прохаравай):

  • «Энцыклапедыя юнага этнографа»

  • «Дзівы-таямніцы роднага слова»

  • «Падказкі для казкі»

  • «Тыя – ды не тыя. Жукі»

  • «Ад дзеда і ўнукаў – дзеткам навука»

Гэтыя кніжкі сталі добрым творчым падарункам юным удзельнікам конкурсу «Бусляня».

Замест заключэння

У нашага творчага земляка мноства задумак і планаў, якія ён абавязкова ажыццявіць. І будуць новыя даследніцкія работы, перамогі, кніжкі пра роднае, беларускае. Яны абавязкова будуць, бо ярка гарыць у вачах Віктара Кажуры той агеньчык творчасці.

Ірына БУДЗЬКО/ Фота прадастаўлена Віктарам КАЖУРАМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 233 queries