Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жывёлагадоўля – справа сямейная

Такой яна стала для Клаўдзіі Іванаўны і Часлава Часлававіча Голубаў
з адкрытага акцыянернага таварыства «Сцешыцы», якія шмат гадоў разам працуюць на мясцовай ферме – даглядаюць цялятак.

Больш за дзве сотні іх ва ўзросце ад двух да шасці месяцаў цяпер на выхаванні Голубаў. Наўмысна ўжыла гэтае слова – выхаванне, бо для клапатлівых жывёлаводаў іх забаўныя малышы – як і дзеткі, якіх трэба не толькі накарміць і стварыць ім камфортныя ўмовы, але і нейкім чынам выхаваць. Якім чынам? Добрым словам, ласкавым пагладжваннем, бо цяляткам, як і ўсім маленькім істоткам, усё гэта вельмі трэба.

Жыццёвая дарога Клаў­дзіі Іванаўны і Часлава Часлававіча падобная на мноства іншых: у маладосці ім марылася пра горад. Пакуль Часлаў служыў у арміі, Клаўдзія жыла ў сталіцы, працавала на «Інтэграле». Калі ж маладыя стварылі сям’ю, задумаліся пра ўласнае жыллё. Рэальна ацаніўшы сітуацыю, зразумелі, што ў горадзе свайго кутка давя­дзецца чакаць вельмі доўга, а вось у сваёй гаспадарцы, ведалі, іх прымуць, бо працавітыя рукі вёсцы патрэбны заўсёды. Так яно і атрымалася. Тут, у Сцешыцах, маладую сям’ю прынялі з радасцю, забяспечыўшы яе і працай, і жыллём. Тут, на сцешыцкай зямлі, у сям’і Голубаў нара­дзіліся і выраслі іх дзеці, якія былі і з’яўляюцца памочнікамі бацькам ва ўсіх справах. А іх у дбайных вяскоўцаў заўсёды хапае. Вось і Клаўдзія Іванаўна з Чаславам Часлававічам заўсёды трымалі на падворку жыўнасць (быў час, мелі нават трох кароў), працавалі на агародах і ў полі. І ўсюды – разам, дапамагаючы і падтрымліваючы адно аднаго.

Нехта з чытачоў, чытаючы гэтыя радкі, магчыма, падумае: дома – разам, на працы – разам, так і засумаваць нядоўга… Толькі не Голубам. Яны з тых людзей, якім заўсёды цікава разам – і дома, і на працы. Урэшце, гэтыя два паняцці настолькі цесна перапляліся ў іх жыцці, што, здаецца, сталі адным цэлым. Непрыкметна пралятаюць працоўныя будні: накарміць, дагледзець маленькіх выхаванцаў, стварыць ім належныя ўмовы, падвезці на коніку кармы… А дома – свае клопаты, якіх у вяскоўцаў хапае. Як і ўсе бацькі, Клаўдзія Іванаўна і Часлаў Часлававіч вельмі рады, калі ў іх доме збіраецца ўся сям’я і калі можна пазабаўляцца з любімымі ўнукамі. Клапатлівая гаспадыня рыхтуе для такіх сустрэч многа смачных страў, але кароннай ў гэтым пераліку трэба лічыць калдуны. Іх у сям’і любяць усе. Ды і як не любіць – наша, беларуская, кажучы сучаснай мовай, брэндавая страва!

Сёлета напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК у сям’ю Голубаў прыйшла прыемная навіна – за доб­расумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна Часлаў Голуб удастоены Падзякі старшыні Вілейскага раённага выканаўчага камі­тэта. Што і казаць, прыемна, што праца жывёлавода высока ацэнена. Упэўнена, што сам Часлаў Часлававіч лічыць узнагароду не сваёй, а сямейнай, у якой ёсць і вялікая доля Клаўдзіі Іванаўны – жонкі, сяброўкі, аднадумцы і калегі.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 140 queries