Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Як адсвяткавалі масленіцу ў Любані

Цёплым словам і віншаваннямі прывітала прысутных старшыня Любанскага сельсавета Ганна Дзёміна.
З Нарачы, Іжы, Людвінова, Вязыні, Куранца, Старынак, Лыцавічаў прыехалі на свята калектывы мастацкай самадзейнасці. Канешне ж, не засталіся ў баку і гарадскія артысты. Узяць, да прыкладу, гульнёвую праграму навучэнцаў цэнтра эстэтычнага выхавання пад кіраўніцтвам Аляксандры Лапацкай. Мусіць, кожны, хто прысутнічаў на свяце, адчуў сябе часцінкай гэтай цікавай дзеі. А ўжо што пастараліся гаспадары – Любанскі цэнтр культуры і вольнага часу на чале са Святланай Шарафановіч – дык і гаварыць няма чаго. Знакаміты народны хор «Любанія» быў, як і заўсёды, на вышыні.
Зіма і Вясна, Ян і Яніна, Баба-блінніца і Бабуля-спякота, вясёлыя скамарохі – гэтыя персанажы, ролі якіх выконвалі культработнікі горада і раёна і любанскія школьнікі, і спявалі, і танцавалі, і ў карагоды запрашалі, і блінамі з малінавай гарбатай частавалі. Смаката!
Трэба адзначыць, што на свяце працавалі і выставы работ народных умельцаў раённага Дома рамёстваў (Ізбіно), каловіцкага Дома майстроў, нарачанскага народнага ўзорнага Дома майстроў «Лучынка», «Крывасельскай вясёлкі»! Падоўгу затрымліваліся вяскоўцы ля выстаў, захапляючыся хараством, створаным чалавечымі рукамі.
«Гары, гары ясна, пакуль не пагасла!» – разносілася па наваколлі. Гарэла ярка, языкі полымя падымаліся, здаецца, да неба, а гэта адзначае, што ў гэтым годзе будзе ў нас багата хлеба.
Свята атрымалася. І за гэта ўдзячныя глядачы дзякавалі яго арганізатарам з раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці, усім-усім артыстам, што радавалі і весялілі, і, канешне ж, тым, хто таксама нямала зрабіў для правядзення мерапрыемства: адміністрацыі мясцовай гаспадаркі «Новая Любанія», Любанскаму лясніцтву, работнікам жыллёва-камунальнай службы.
Перадала Зіма прыгажуні Вясне ключы ад зямлі і дала ёй наказ уладарыць. Гэта і прыгожы момант са святочнага сцэнарыя, і рэальнасць. Вы хіба не адчулі подыху вясны?
Ірына БУДЗЬКО



Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 62 queries