Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вілейская дзяржсортстанцыя вырошчвала бульбу 37 сартоў

На днях наш фотакарэспандэнт пабываў у дзяржсортстанцыі, якая традыцыйна займаецца вырошчваннем бульбы. Няхай сабе не ў такіх аб’ёмах, як іншыя гаспадаркі раёна, але тут якраз той выпадак, калі важны вынік выпрабаванняў, а не колькасць. Як расказаў выконваючы абавязкі кіраўніка Аляксандр Крук, бульбай на вытворчыя патрэбы ў гаспадарцы было занята дзесяць гектараў. Сёлета вырошчвалі гародніну чатырох сартоў: «лілея», «дэльфін», «скарб» і «вектар». На доследных жа ўчастачках выпрабоўваліся 37 сартоў, з якіх вялікая колькасць айчыннай, а таксама германскай, нідэрландскай селекцыі. Гэта бульбачка ўжо выкапана.


– Ураджайнасць сартоў, якія выпрабоўваліся, вельмі добрая, каля чатырохсот цэнтнераў з гектара, – падзялілася начальнік аддзела сортавыпрабаванняў гаспадаркі Алена Касцень. – Праўда, сярэднеранняя бульба трохі пацярпела ад засухі. А вось пазнейшыя сарты далі добрую ўраджайнасць.


Для вынікаў сортавыпрабаванняў важна дакладна захаваць рэкамендацыі навукоўцаў. І гэта ў гаспадарцы зроблена. А ўжо канкрэтныя вывады пра кожны сорт будуць крыху пазней, пасля сур’ёзнага аналізу, які зробяць кампетэнтныя спецыялісты. Пройдзе пэўны час, і нейкія з новых ураджайных сартоў мы будзем вырошчваць не толькі ў сельгаспрадпрыемствах, але і на сваіх прысядзібных участках. Такая вось работа на перспектыву робіцца ў гэтай невялікай гаспадарцы.


Гэтыя фотаздымкі зроблены на бульбяным палетку дзяржсортстанцыі, дзе, разам з працаўнікамі арганізацыі, шчыруюць і беспрацоўныя ад службы занятасці. Для іх, прыезджых з горада, праца ў сельгасгаспадарцы мае падвойную карысць: і бульбаводам дапамогуць у клопатнай справе, і атрымаюць аплату за сваю работу. Таму і шчыруюць, стараюцца не ўпусціць пагодлівую часіну. А што ж, восень, як вядома, дама капрызлівая, заплача – дык надоўга.

Ірына БУДЗЬКО.

Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries