Нядаўна ў маёй роднай вёсцы Давыдкі Касцяневіцкага сельсавета адбылося свята вёскі. Нягледзячы на гарачую пару, вяскоўцы адклалі працу, знайшлі час сабрацца разам. Жыхароў тут няшмат, у асноўным пенсіянеры, але да іх далучыліся дзеці і ўнукі, якія прыехалі з горада. Атрымалася сапраўднае свята!
Гучалі мілыя сэрцу спевы. Усе маглі падзівіцца на арганізаваную выставу з вышыванак, вязаных сурвэтак і разьбы па дрэве. Тут жа былі дзіцячыя малюнкі з роднымі краявідамі і кулінарныя вырабы.
На свяце прысутнічала дэпутат раённага Савета дэпутатаў Таццяна Лукошка. Яна падвяла вынікі агляду двароў па добраўпарадкаванні, расказала пра шматлікія паслугі, якія аказваюцца вяскоўцам.
Прагучалі віншаванні для сямей, якія адзначылі залатое вяселле. Успомніліся лепшыя гады і гады ліхалецця. Не забыліся з пашанай узгадаць і тых, хто аддаў сваё жыццё ў час вайны.
Свята падыходзіла да канца, а разыходзіцца не хацелася. У вачах бабулек і дзядулек свяцілася радасць, яны нібы памаладзелі. Затым быў «салодкі стол», за якім так хораша пагутарыць, узгадаць мінулае… Яшчэ доўга сядзелі ў гэты дзень аднавяскоўцы на сваіх падворках, абмяркоўваючы падзею.
Хочацца выказаць словы ўдзячнасці арганізатарам свята і спонсарам: Вілейскай ЦБС (намесніку дырэктара Галіне Аўласовіч), Вілейскай раённай арганізацыі ОО «БРСМ» (першаму сакратару Вользе Клімовіч).
Ірына НІКАЛАЕНКА
Фота прадастаўлена аўтарам
У Давыдках адбылося свята вёскі
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов





