Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Родны край – сэрцу рай. З гэтым выказваннем поўнасцю згодна стараста вёскі Карпавічы Ларыса Андрушкевіч

Сваю родную вёсачку Карпавічы, дзе нарадзілася і вырасла, Ларыса Мікалаеўна ненадоўга пакідала толькі ў юнацтве, калі пасля школы паступіла ў сталічнае вучылішча лёгкай прамысловасці. Ды час вучобы паказаў, што не ў яе характары быць гарадской жыхаркай, родная вёска ў сэрцы назаўсёды. Дзяўчыну падтрымаў і яе каханы хлопец, з якім яны, стварыўшы сям’ю, без ваганняў пераехалі жыць на малую радзіму – у дом, які дастаўся Ларысе ад бабулі. Тут пачалося іх сумеснае жыццё, нарадзіліся, выраслі і пайшлі самастойнымі дарогамі трое дзяцей, тут яны – Ларыса Мікалаеўна і Віктар Віктаравіч – жывуць і зараз.


– Як толькі прыехалі мы тады, у маладосці, у родную вёску, я пайшла працаваць лабарантам у школу, – прыгадала мінулае Ларыса Мікалаеўна. – Крыху больш за два дзясяткі гадоў аддала працы ў школе, а затым, калі яе зачынілі, стала сацыяльным работнікам. Дваццаць два гады даглядаю нямоглых ды адзінокіх, і гэта справа таксама мне па душы. Муж больш за трыццаць гадоў адпрацаваў лесніком, не ся­дзіць без справы і цяпер.

Як і ўсе дбайныя вяскоўцы, Андрушкевічы заўсёды мелі на па­дворку гаспадарку. Сям’і, дзе падрастала трое дзетак, без яе было б нялёгка. Затое цяпер, калі ў дзяцей даўно ўжо свае сем’і, на падворку Андрушкевічаў цішэй.
– Толькі куры, кот ды сабака засталіся, – усміхаецца Ларыса Мікалаеўна. – Якраз тое, што нам па сілах. А вось агароды, кветнікі ёсць. Усё ўжо пасеялі-высадзілі, цяпер будзем даглядаць.

Акрамя працоўных абавязкаў ды клопатаў на сваім падворку, жанчына заўсёды актыўна ўдзельнічае ў жыцці свайго населенага пункта. На працягу некалькіх скліканняў ёй давяраюць быць мясцовым дэпутатам, аднавяскоўцы абралі яе і старастай свайго населенага пункта. Быць звяном, што звязвае вяскоўцаў з мясцовай уладай, бачыць праблемы людзей і чуць іх запатрабаванні, клапаціцца, каб вёска жыла і прыгажэла, – у гэтым, на думку Ларысы Мікалаеўны, задачы дэпутата і старасты.

 


– Зімой звычайна звяртаюцца наконт расчысткі дарогі ды калі недзе ўзнікне пытанне з вулічным асвятленнем, – расказвае жанчына. – Улетку – пытанні навядзення парадку. З якім пытаннем спраўляюся сама, а больш сур’ёзныя ды адказныя перадаю старшыні сельвыканкама, з якой заўсёды на сувязі. Разам з калегамі-сацработнікамі праводзім суботнікі, прыбіраем тэрыторыю ля помніка, што ў нашай вёсцы, наводзім парадак на могілках. Сёлета, дарэчы, добраўпарадкоўвалі помнік з дапамогай моладзі з БРСМ, і гэта вельмі прыемна. Значыць, у нас дастойныя пераемнікі.

Родныя Карпавічы. Вёсачка для Ларысы Мікалаеўны – гэта ўсё лепшае і важнейшае ў жыцці. Не пакідала яе жанчына і не пакіне. «Здараецца, паедзеш пагасціць да дзяцей у горад, дык ужо праз дзень адчуваеш, як цягне дамоў, – прызнаецца яна. – Не магу я ў гора­дзе, у тых мітусні і шуме. А дома  – прастор, цішыня, усё такое роднае і блізкае! Дзе нарадзілася, там і прыгадзілася – гэта і пра мяне. І тым я шчаслівая».


– Вельмі важна, каб у нашых вёсках былі такія людзі, як Ларыса Андрушкевіч, – пераканана старшыня Хаценчыцкага сельсавета Дзіяна Грабянёк. – Яна мясцовая, тут нарадзілася і жыве, многае робіць па навядзенні парадку, ла­дзіць суботнікі. Актыўная, нераўнадушная, адказная, энергічная. Адным словам, вельмі добры і патрэбны чалавек.

А дакладней, мне здаецца, галоўны чалавек на вёсцы.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва гераіні матэрыяла

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 192 queries