Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Рэцэпт бубнаўскага каравая

5,5 тысяч тон зерня намалацілі сёлета ў філіяле па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі “Бубны” УП “Мінгаз”. З гэтым вынікам сельгаспрадпрыемства стала лідарам уборачнай-2020 у Вілейскім раёне.

Узгадваючы ўборачную, дырэктар філіяла Андрэй Бушмовіч гаворыць, што прайшла яна зладжана, а ўсе пытанні вырашаліся ў рабочым парадку. Бубны – паўночная кропка Вілейскага раёна. Таму малаціць тут пачалі на дзесяць дзён пазней, чым іншыя гаспадаркі Вілейшчыны – чакалі, пакуль зерне ў коласе нальецца да тэхнічнай спеласці. Сутачны намалот дасягнуў лічбы ў 560 тон – і гэта рэкорд для гаспадаркі, расказаў Андрэй Мар’янавіч.

Ахова раслін – на гэтым аспекце засяродзілі пільную ўвагу аграрыі: небагатая на гумус, фосфар і калій бубнаўская зямля, таму сканцэнтраваліся на выкананні комплексу мер, накіраваных на папярэджанне пашкоджанняў або пагаршэння стану раслін, памяншэнне страт расліннай прадукцыі ў выніку ўздзеяння шкодных арганізмаў – і ніколькі не памыліліся. Агульная ўраджайнасць зерневых склала 50,2 цэнтнеры з гектара.

Сёлета на 150 гектарах у філіяле вырошчвалі гібрыднае жыта Пікаса – і намалацілі па 57,9 цэнтнеры з гектара. Валавы збор дасягнуў 868 тон. Сезон для азімага трыцікале Праметэй таксама быў паспяховым – на 210 гектарах ураджайнасць гэтай культуры дасягнула 53,1 цэнтнера, а валавы збор склаў 1115 тон. Яшчэ ў філіяле «Бубны» пачалі вырошчваць сою, а гэта – і прывесы, і надоі ў жывёлагадоўлі. У імпартазамяшчэння гэтай культуры эффект эканамічны.

Надзейныя людзі, вопытныя і працалюбівыя, і новая тэхніка, набытая з дапамогай інвестара, – вось «рэцэпт» багатага бубнаўскага каравая. А галоўны «ігрэдыент», на якім засноўваецца поспех аграрыяў – адданасць полю. Задзелам пад сёлетні ўраджай стала паспяховая пасяўная кампанія. Яе вопытны механізатар Яўгеній Кухто правёў адзін, на сваім «Джон Дзіры» засеяўшы больш за тысячу гектараў палёў, якія аддзячылі ўраджаем. На ўборцы шчыравалі камбайнеры Пётр Войніч, Генадзій Місун, Віктар Аксючыц, Мікалай Латковіч, Аляксандр Жук – касцяк вопытны і надзейны. Чацвёра з пяці камбайнераў, занятых на ўборцы, сталі тысячнікамі – і гэта падстава для гонару. Не падвялі і вадзіцелі, занятыя на адвозцы зерня.

Адзін з перадавікоў – Пётр Войніч – трэці год на ўборачнай працуе з жонкай, Святланай Анатольеўнай. У кабіне камбайна яна – не толькі спадарожніца жыцця, але яшчэ і надзейны памочнік. А некалькі год таму памочнікам у бацькі-камбайнера была і дачка Войнічаў, Алена, якая сёння жыве і працуе ў сталіцы. Вынікі ўборачнай падведзены, але і зараз Пётр Вікенцьевіч таксама не сядзіць без справы – убірае кукурузу на сілас, яна сёлета таксама ўрадзіла.

– За 23 гады, столькі я ўжо працую ў «Бубнах», такую ўраджайнасць бачу ўпершыню, – расказвае Пётр Войніч. – Прыемна было працаваць, настрой быў бадзёры, і тэхніка – новы камбайн «Палессе GS-12» – не падвяла. Канечне, больш складаныя абавязкі па абслугоўванні тэхнікі стараўся браць на сябе, але і дапамога жонкі была дарэчы.

Не толькі ў полі, але і з дамашнімі клопатамі Войнічы таксама спраўляюцца разам – гаспадарка патрабуе ўвагі, «пабегаць прыходзіцца», як кажа галава сям’і. А поспех любой справы бачаць у пазітыве – з такім настроем і працаваў іх сямейны экіпаж падчас уборачнай.
Калі з поля будзе ўбраны апошні кукурузны пачатак, без працы Пётр Войніч усё роўна не застанецца – пачнецца вываз і ўнясенне арганікі на палі і ворыва. Спрадвечны клопат пра зямлю – з думкамі пра будучы ўраджай.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота з рэдакцыі газеты

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries