Свята вёскі – гэта вялікая падзея для жыхароў, для тых, хто нарадзіўся і вырас тут, для тых, хто працягвае жыць і працаваць на карысць роднае старонкі. Гэта свята адзначаецца ў многіх вёсках, але для аграгарадка Нарач Вілейскага раёна ў гэтым годзе яно асаблівае.
Адразу трэба сказаць, што афіцыйная назва мясцовасці ў дакументах – Нарач, што было ўзаконена ў 1950-х гадах, а назва ракі, на якой яна стаіць – рака Нарач (не возера). Аднак, усё мясцовае насельніцтва і многія жыхары Вілейшчыны называюць яе – Нароч, а раку – Нарачанкай. Кожнаму вядома, што возера Нарач, якое на Мядзельшчыне – гэта самы вялікі прыродны вадаём Беларусі. З яго выцякае адзіная рака (як Ангара з Байкала) і называецца яна Нарач. Таму, адразу абмовімся, што ў дадзеным артыкуле будзем выкарыстоўваць звыклыя для нас назвы – Нароч(а) і Нарачанка.
Нароча – адзіная вёска Вілейшчыны, якая мае канкрэтную дату заснавання. Першае пісьмовае ўпамінанне пра Нароч адносіцца да 25 сакавіка (4 красавіка па новым стылі) 1566 года, калі Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Аўгуст даў прывілей падскарбію земскаму Мікалаю Нарушэвічу на заснаванне мястэчка на рацэ Нарачанка на замлі Маркаўскага двара пры мясцовай пушчы.

Мястэчка Нароча ўваходзіла ў склад Маркаўскага староства і разам з іншымі населенымі пунктамі гэтага староства належыла розным гаспадарам, што займалі значныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. Сярод іх былі падскарбій земскі Мікалай Нарушэвіч, канцлер і вялікі гетман Леў Сапега, а пазней ў 18 стагоддзі Нароча стала належыць – Фадзею Коцелу.

Асаблівай адметнасцю Нарочы, як і многіх тагачасных мястэчак, былі царква, карчма і млын. Так, мясцовая нарочская карчма была пабудавана паблізу гандлёвай плошчы, каля драўлянай царквы, што ўзгадваецца ў дакументах 1766 года. На пачатку 1877 года была асвечана ўжо новая царква, у імя Св. Прарока Іллі, пабудаваная з цэглы,што дзейнічае і сёння. Будынак карчмы меў два пакоі для гасцей, тут былі стайня, каморы, адрына з гумном. Побач знаходзіўся бровар. Існаваў у Нарочы і вялікі млын побач з фальваркам пры ўездзе ў мястэчка паблізу новага маста праз Нарачанку. Млын меў тры колы.

Улетку 1915 года ваенныя падзеі Першай сусветнай вайны дакаціліся да Нарочы. Калі мястэчка занялі кайзераўскія войскі, пасля жорскіх баёў тут былі спалены мост і млын. Нарочу 14 разоў бамбілі з аэрапланаў. У 1920-я гады Нароча двойчы станавілася месцам баёў савецкіх і польскіх войск. З 1921 года мястэчка ўвайшло ў склад Польскай дзяржавы і ў гэтых межах праіснавала да 1939 года.

У час Вялікай Айчыннай вайны ў Нарочы размяшчаўся нямецка-паліцэйскі гарнізон. На краі вёскі быў пабудаваны бункер, у якім дзяжурылі вартавыя.
Шмат цікавых звестак пра гэтыя мясціны мы ведаем дзякуючы летапісу падзей, які на працягу паўста год (з 1885 па 1939 гады) вёў святар Св.-Іллінскай царквы Павел Сасноўскі, што быў растраляны ў 1944 годзе немцамі за сувязь з партызанамі. Яго магіла знаходзіцца зараз у агароджы царквы.

На сённяшні дзень Нароч налічвае 270 двароў, 786 жыхароў, з іх дарослых – 647, дзяцей – 139, у тым ліку немаўлят да года – 3. Тут працуюць сярэдняя школа, урачэбная амбулаторыя, гандлёвы цэнтр, пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, Дом культуры з бібліятэкай, дзіцячы садок, філіял школы мастацтваў. Маецца і сваё аддзяленне сувязі, аддзяленне ААТ «АСБ Беларусбанк», пажарна-аварыйна-выратавальны пост, лясніцтва, участак «Вілейскай ЖКГ». Побач месціцца ўнікальны мемарыяльны комплекс «Памяці Першай сусветнай вайны ў в. Заброддзе», які ствараюць знакамітыя на Вілейшчыне мастак і краязнаўца Барыс Цітовіч і яго жонка і паплечніца Валянціна Цітовіч. Такім чынам, добрая інфраструктура Нарочы дазваляе тут годна жыць і працаваць.

Святочныя мерапрыемствы да 450-годдзя Нарочы распачаліся малебнам ў мясцовай царкве і каля помятнай дошкі аб заснаванні вёскі, які ўзначальвалі благачынны Вілейскага благачынія іераманах Аляксандр Шмырко і былы настаяцель Нарочскай царквы іерэй Вячаслаў Пяшко. Затым усе прысутныя хрэсным ходам прайшлі да месца правядзення свята.
Каля мясцовага Дома культуры была аформлена сцэна, побач месціліся выстаўкі дзіцячага малюнка, стэнды з фотаздымкамі мінулага і сучаснага аграгарадка, а таксама дэманстраваліся шыкоўныя вырабы з саломкі, разьба, вышыўка, жывапіс і шмат чаго іншага. Абавязковым атрыбутам падобных святаў з’яўляюцца дзіцячыя пляцоўкі і гандлёвыя рады, паўнавартаснай працы якіх крыху замінала надвор’е.

Пачатак свята дало выкананне гімна аб Нарочы, мясцовых аўтараў – В. Шылко і В. Гаранінай. Далей слова ўзялі старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч, дырэктар ААТ «Нарачанскія зоры» Генадзь Кучко і старшыня сельскага выканаўчага камітэта Анатоль Бяганскі. Яны павіншавалі ўсіх прысутных і падзякавалі ўсім тым, хто добрасумленна і аддана працаваў і працуе на роднай зямлі, на карысць росквіту аграгарадка.

Цудоўныя артысты Дома культуры і самадзейныя выступоўцы з высокім артыстызмам ўшаноўвалі жыхароў, пачынаючы ад малога да сталага. Галоўнае багацце кожнай мясцовасці – гэта людзі. Прыемным момантам свята стала ўшанаванне самых сталых жыхароў Нарочы шчырымі словамі і памятнымі падарункамі – 98-гадовай Ганны Занкевіч і 95-гадовага Пятра Вянцэвіча, якія з’яўляюцца і ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Быў адзначаны і самы маленькі жыхар – Мамай Цімур. У гэтым годзе нарадзілася трое маленкіх нарачанцаў, а значыць аграгарадок будзе квітнець і надалей. Цёплыя словы былі сказаны і ў адрас 15 шматдзетных сям’яў, якія выхаўваюць трое і больш дзяцей.
Адзначылі творчымі і памятнымі падарункамі і тых, хто разам пражыў больш 50 год – гэта прыклад сямейнай адданасці для моладзі. На свяце стараліся надаць увагу ўсім, хто гэта заслугоўвае. Гаварылі і аб самых добраўпарадкаваных падворках, і пра хобі жыхароў, аб талентах моладзі і адданасці сваёй прафесіі, згадвалі і ўсіх юбіляраў вёскі, якім спаўняецца 80, 60 і 50 год. На ўсю Вілейшчыну і за яе межы ідзе гонар за адну з лепшых гаспадарак – «Нарачанскія зоры», чаго не было б без самаадданай працы кіраўніцтва і працаўнікоў гаспадаркі. Кожнаму з іх гучалі добрыя словы, і кожнаму віншаванню спадарожнічала шчырая песня ці нумар маленькіх талентаў.
Такім чынам, на свяце ў чарговы раз было даказана, што Нароча – гэта дагледжаная і прыгожая вёска з вясёлым і працавітым народам.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара




