Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Мнагадзетная маці Юлія Адамовіч: Шчасце ў сям’і, дзецях і працы

Юлію і Дзмітрыя Адамовічаў з вёскі Клесіна, што ў Людвіноўскім сельсавеце, ведаю даўно. Пазнаёмілася з імі, калі ў маладой сям’і было двое дзетак – Алена і Ілья. Жылі тады маладыя ў хаце мужавага дзядулі, трымалі немалую гаспадарку. З часам абжываліся, расла і сям’я – нарадзіліся Арцём, Вікторыя і Карына. У 2024 годзе Юлія Леанідаўна была ўдастоена высокай узнагароды – Ордэна Маці. Напярэдадні яго ўручэння я пабывала ў Адамовічаў, сустрэлася з усёй гэтай дружнай сям’ёй. Прыемныя ўражанні ад сустрэчы засталіся аж да сёння.

Вялікі дом з усімі выгодамі па вуліцы Цяністай, 15 у Клесіна, дзе жыве мнага­дзетная сям’я, пабудаваны нядаўна. Прасторныя пакоі, сучасная абстаноўка, бытавая тэхніка – у доме ёсць усё для таго, каб жылося камфортна. А галоўнае – тут пануе атмасфера клопату, узае­мадапамогі і любові.

– А яшчэ ў нас ёсць кватэра ў Вілейцы, – падзялілася Юлія Леанідаўна. – Па Указу №240 Прэзідэнта атрымалі яе як мнагадзетная сям’я. Дзеці растуць, хутка, магчыма, камусьці ўжо і спатрэбіцца жыллё ў горадзе.

Самі ж гаспадары мяняць Клесіна на горад нават і не думаюць. Навошта? З вёскай у іх звязана ўсё. Тут пачыналася іх сумеснае жыццё. Пачыналася практычна з нуля, і ўсё, што сёння маюць, нажыта дзякуючы нястомнай працы, а не чыёйсьці дапамозе. Цяпер у Адамовічаў фермерская гаспадарка, і большая частка клопатаў пра жыўнасць на іх падворку ляжыць на плячах гаспадара. Догляд дзясятка кароў ды каня – гэта далёка не ўсё, чым ён штодня займаецца.

Устаць у чатыры гадзіны раніцы, легчы апоўначы – такі летні распарадак у мнагадзетнай мамы і гаспадыні Юліі Леанідаўны. Зімой у вяскоўцаў спраў крыху меней, аднак часу ляжаць на канапе ў дбайных гаспадароў няма. Вось і ў нашай гераіні таксама, тым больш, што напрыканцы мінулага года яна выйшла з дэкрэтнага на працу. Цяпер штораніцы, адправіўшы дзяцей у школу ды садок, едзе яна на ферму ў Добравічы, дзе працуе прыбіральшчыцай памяшканняў. Маючы дома гаспадарку, Юлія Леанідаўна добра ведае, наколькі важна для жывёлы знаходзіцца ў чысціні. Таму і стараецца, каб працаўнікі фермы і кароўкі адчувалі сябе камфортна.

Моцная сялянская сям’я, працавітыя гаспадары – гэта пра іх, Адамовічаў. Клапатлівая жонка і матуля, якая лічыць сям’ю самым галоўным у жыцці – гэта пра Юлію Леанідаўну. Старанная, добразычлівая жанчына, яна ўсю сябе аддае родным. Побач заўсёды самыя блізкія людзі – муж і дзеці, якія падтрымаюць, дапамогуць, і гэта самае важнае для кожнай жанчыны. А спытаеш у Юліі Леанідаўны, у чым, на яе думку, шчасце, яна, не раздумваючы, адказвае: «У моцнай сям’і, дзецях і працы». У яе ўсё гэта ёсць, і жыццё працягваецца.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з архіва рэдакцыі і сям’і АДАМОВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 191 queries