Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Есть на карте Вилейщины деревни Осташково и Балаши

Святочна і цікава прайшоў знамянальны для ўсіх нас Дзень Незалежнасці ў вёсцы Асташкава Крывасельскага сельсавета – у трэці ліпеньскі дзень тут адзначалі яшчэ і свята вёскі. І сталыя жыхары Асташкава, і шматлікія дачнікі сабраліся на вялікім двары сям’і Сачыўка, дзе і адбылося сапраўднае свята.

На сустрэчу з вяскоўцамі прыехалі самадзейныя артысты з Ерхаў, на мерапрыемстве прысутнічала і актыўна ўдзельнічала ў ім старшыня Крывасельскага сельсавета Алена Жук.

Па старонках гісторыі населенага пункта Асташкава правяла прысутных бібліятэкар Ерхаўскай сельскай бібліятэкі Жанна Андрыеўская, якая расказала і пра ўзнікненне вёскі, і пра гады Вялікай Айчыннай вайны, і пра пасляваеннае жыццё. Называліся прозвішчы, адзначаліся людзі, якія заслугоўваюць пашаны і памяці за свае ратныя і мірныя справы. І ў гэты памятны для беларусаў дзень гэтыя словы ўспрымаліся асабліва цёпла. Памяць тых, хто загінуў у гады вайны і памёр ад ран пасля яе, ушанавалі ўрачыс­тай мінутай маўчання.

Як і звычайна бывае на такіх святах, адзначаны на ім многія: і самыя пажылыя, і маладыя, і юбіляры. І кожны з гэтых людзей атрымліваў сувенір на доўгую памяць. Так, старэйшая жыхарка вёскі Яўгенія Канстанцінаўна Несцяровіч, якой без малога дзевяноста гадоў, не прамінула стаць удзельніцай свята, хоць хадзіць ёй нялёгка. Ды ўсё ж прыйшла і была разам з аднавяскоўцамі ў гэты светлы дзень.

Канцэртная праграма ерхаўскіх артыстаў пачыналася тэматычнымі нумарамі – гучалі песні ваенных гадоў, пат­рыятычныя. З асаблівым настроем спявалі ў гэты дзень артысты і асабліва віртуозна акампаніравала ім загадчыца ерхаўскага клуба Марына Юркевіч. А затым пачаліся разнастайныя конкурсы, жартоўныя гульні, танцы. Вяскоўцы самі сталі артыстамі: спявалі, танцавалі, чыталі вершы, расказвалі анекдоты. Былі тут і свае «новыя рускія бабкі» (на здымку з Таццянай Мікуліч), якія сваімі жартамі насмяшылі літаральна ўсіх. А як хораша, з душой чытала верш Таццяна Мікуліч! Яна ж напрыканцы мерапрыемства шчыра дзякавала ўсім, хто падарыў людзям такое свята: ерхаўскім культработнікам і артыстам, старшыні мясцовага сельвыканкама Алене Жук і Кацярыне Лузько, супрацоўніцы сельсавета, усім, хто прыйшоў на свята.У гэты знакавы для беларусаў дзень яно атрымалася сапраўдным і, як зазначылі самі вяскоўцы, яшчэ болей іх з’яднала.

Свята вёскі, прымеркаванае да Дня Незалежнасці, прайшло і ў гэтым Балашах. Тут, ля будынка бібліятэкі, сабраліся мясцовыя жыхары, у госці да якіх прыехалі супрацоўнікі Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на чале з загадчыцай аддзялення надомнага абслугоўвання Данутай Раманоўскай. Яна павіншавала ўсіх прысутных ад сябе і ад кіраўніка сваёй установы Вольгі Буслаў­скай і стала вядучай цікавай праграмы.

На свята да вяскоўцаў зазірнула і старшыня Крывасельскага сельсавета Алена Жук, а музычныя падарункі ўручаў знакаміты вілейскі калектыў «Бабіна лета» пад кіраўніцтвам Сяргея Рудніцкага.

У гэты дзень у Балашах было весела: гучалі песні і віншаванні, ладзіліся гульні і конкурсы, былі танцы і прызы. Адным словам, людзі весяліліся.

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Таццянай МІКУЛІЧ і Раісай НОВАШ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 147 queries