Вось і лета прайшло… Як ніколі ў гэтыя дзянёчкі ўзгадваюцца радкі са знакамітай песні. Сапраўды лета не проста прайшло, яно, дарэчы, як заўсёды, праляцела, як імгненне, пакінуўшы пасля сябе самыя розныя ўражанні і ўспаміны.Для адных яно ўвойдзе ў гісторыю паспяховым паступленнем, цудоўным адпачынкам, бесклапотнымі канікуламі. Для другіх – першым разачараваннем, шматлікімі турботамі, павышанай адказнасцю. Тым не менш неабходна падвесці вынікі.
Для вучняў Чурлёнскай школы гэта лета было яркім і насычаным. Чэрвень прыйшоў з экзаменамі, выпускным балем, здачай ЦТ, спаборніцтвамі па судамадэльнаму спорту і пачаткам летняга аздараўлення. З экзаменамі справіліся, выпускны баль сваім непаўторным гучаннем надоўга запомніцца не толькі выпускнікам, бацькам, настаўнікам, але і аднавяскоўцам. Трое вучняў, што здавалі ЦТ, у ліпені – ужо студэнты вышэйшых устаноў адукацыі.Парадавалі і судамадэлісты: 2 перамогі ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па судамадэльнаму спорту на XІV спартакіядзе навучэнцаў па тэхнічных відах «ТэхнаСпорт» – сапраўдны поспех установы.
Асобнае месца – летняму аздараўленню. Пачалося яно ў групе дзіцячага сада. Для маленькіх выхаванцаў штодзень ствараліся спрыяльныя ўмовы для рухальнай актыўнасці на свежым паветры. Гульні, фізічныя практыкаванні, святы, забавы, прагулкі – усё садзейнічала таму, каб можна было ўдосталь нагуляцца, падрасці, падужэць, пазнаць новае.
Эстафету летняга аздараўлення пераняў аздараўленчы лагер з дзённым прабываннем грамадзянска-патрыятычнага накірунку «Непаседы». Мэта, якая стаяла перад удзельнікамі лагера, – даведацца больш аб гісторыі роднага краю, папоўніць свае веды аб традыцыях і культуры Беларусі. Для таго, каб кожны дзень, праведзены ў лагеры, быў больш запамінальным, ён меў сваю назву: «Дзень экалогіі», «Дзень зямлі», «Дзень гісторыі», «Мае землякі – мой гонар», «Дзень беларускай культуры» і г.д.
Затым на базе ўстановы быў арганізаваны палатачны лагер з кругласутачным прабываннем грамадзянска-патрыятычнага накірунку. Традыцыйная запамінальная сустрэча з прадстаўнікамі РАС ДАСААФ, падчас якой была праведзена ваенна-спартыўная гульня на мясцовасці «Абаронцы Айчыны», непаўторныя катанні на байдарках, інфармхвілінкі, пазнавальныя гадзіны аб гісторыі сваёй Радзімы.
Летнія канікулы – час свабоды і гульняў, а таксама яшчэ і магчымасць зарабіць грошы сваімі сіламі. У жніўні школу паклікаў шчодры яблыневы сад. Сад гудзеў, бо ў ім добрасумленна і шчыра працавалі разам педагогі, тэхработнікі, вучні і бацькі. І усё ж лета скончылася. Толькі «яблычны бум» паставіў не кропку, а шматкроп’е. Наперадзе адказнейшая пара – 2016/2017 навучальны год. Спадзяёмся, што ён будзе такім жа дружным, працавітым і выніковым.
Наталля РОЛІЧ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА «Чурлёнскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа».
Фота прадастаўлена аўтарам
Для вучняў Чурлёнскай школы гэта лета было яркім і насычаным
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов





