Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Для Іосіфа Дарожкі памятныя веснавыя даты – Дзень вызвалення вязняў канцлагераў і Дзень Перамогі

Калі пачалася вайна, Іосіфу Дарожку з Мардасоў, што ў Хаценчыцкім сельсавеце, было дзесяць гадоў. Па сённяшніх мерках – дзіця, па тагачасных – ужо добры памочнік бацькам па гаспадарцы.

Жылі людзі сваімі адвечнымі клопатамі, шчыравалі на роднай зямельцы, стваралі сем’і, гадавалі дзетак і па ўсім гэтым чорнай калясніцай пракацілася вайна, пакінуўшы свой страшны адбітак на кожным, хто быў яе відавочцам.

Іосіфу Пятровічу выпала перажыць многае. Урэшце, як і кожнаму, каго мы сёння называем малалетнім вязнем. Усе тыя дзесяцігоддзі, якія мінулі пасля вайны, памяць не-не ды і вяртала ў перажытае. І зноў, як і ў той далёкі час, станавілася страшна і цяжка…

Зараз Іосіфу Пятровічу без малога дзевяноста тры гады. Ён жыве ў сваёй роднай вёсачцы, за ім, інвалідам першай групы, клапатліва даглядае сын Аляксандр. Дванаццаць гадоў назад пайшла з жыцця іх гаспадыня  – жонка і маці, і з таго часу мужчыны жывуць удвух.

– Цяпер, праўда, стан здароўя бацькі пагоршыўся, – падзяліўся Аляксандр Іосіфавіч, – таму наўрад ці раскажа што-небудзь пра тое, што перажыў у вайну. А мне ён, вядома ж, у свой час расказваў пра той час. Страшнае пачалося яшчэ раней, да адпраўкі ў Германію. Неяк, расказваў, наляцелі немцы ў вёску, пахапалі людзей, пагналі ўсіх на Лагойшчыну, дзе запёрлі ўсіх у нейкім свірне. Ужо тады людзі думалі, што ўсё, прыйшла іх смерць. Не, тады выжылі, не спалілі іх…

У маі 1944-га трынаццацігадовага Іосіфа разам з іншымі людзьмі адравілі ў Германію. Там ён трапіў працаваць да гаспадара, які меў сталярную вытворчасць.

– Нялёгкая была праца, – прыгадаў Аляксандр Іосіфавіч бацькавы ўспаміны. – Якую норму даводзілі дарослым мужчынам, такую ж і яму, падлетку. А яшчэ голад ды холад даймалі. Да глыбокай восені хадзіў ён босы ды ў падзёртых штанах, аж пакуль нейкая немка не пашкадавала падлетка – дала яму цяжкія драўляныя бацінкі ды штаны. У тым і хадзіў.

Няпростым быў і шлях Іосіфа на радзіму пасля вызвалення. Дзе – на спадарожным кані, дзе – на ваенным цягніку (пашкадавалі салдаты падлетка, узялі), але ж дабраўся неяк да Кіева, затым – да Мінска. А тут ужо прасцей – дамоў як на крылах ляцеў, немалы шлях прайшоў і пешшу, пакуль дабраўся да Мардасоў. У пасляваенны час працаваў крыху брыгадзірам у сельскай гаспадарцы, а пасля, вывучыўшыся на шафёра, доўгі час круціў баранку. Пайшоўшы на заслужаны адпачынак, ніколі не сядзеў на месцы, працаваў.

Некалькі гадоў назад дзядулю выпала перажыць і яшчэ адно выпрабаванне – з-за хваробы яму ампутавалі абедзве нагі. З таго часу сын Аляксандр у поўным сэнсе стаў для яго ўсім: памочнікам, сябрам, нянькай, лекарам. Так і жывуць гэтыя дзве родныя душы, падтрымліваючы адзін аднаго, не скардзячыся на лёс.

– А памятныя веснавыя даты – Дзень вызвалення вязняў канцлагераў і Дзень Перамогі – асабліва дарагія нам абодвум, – адзначыў Аляксандр Іосіфавіч. – Урэшце, як і ўсім людям, хто ведае цану міру.

Ірына БУДЗЬКО


Ад рэдакцыі. Успаміны Іосіфа Дарожкі пра перажытае яго зямляк Алесь Раткевіч змясціў у сваёй кнізе «Невядомая гісторыя майго краю».

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 144 queries