Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Прайшлі праз пекла на зямлі. І памятаюць

Непаўналетнія падчас Вялікай Айчыннай вайны – гэта тэма ніколі не перастане балець. Колькі ўсяго ім, хлопчыкам і дзяўчатам, было наканавана перажыць? Колькі выпрабаванняў і мучэнняў адмераў кожнаму бязлітасны лёс? Колькі іх, што не паспелі зведаць смак жыцця, згінула на чужыне? Жудасная па сваім маштабе арыфметыка вайны.

Тыя ж, каму было наканавана выжыць пасля пекла на зямлі, праз усё жыццё пранеслі памяць пра сваё горкае дзяцінства.

Нечаканае наканаванае

«Я памятаю страшны той час і ўсё, што давялося перажыць, – расказала Святлана Сляпцова, нераўнадушная і ўважлівая наша падпісчыца. – Чытаючы на старонках раённай газеты пра лёсы дзяцей ваеннай пары, падзяліцца перажытым хачу і я».
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, іх сям’я пераехала на радзіму маці, у Чэрвень, бацька пайшоў на фронт.

Тры сястры засталіся без маці, калі той было толькі 34 гады. Ядзвігу Каралькову, муж якой Нікіфар Флоравіч да вайны працаваў у партыйных і праваахоўных органах, па даносе мясцовых жыхароў фашысты дапытвалі, катавалі ў турме, а потым расстралялі… Трое непаўналетніх дзяцей – 15-гадовая Галіна, 8-гадовая Клаўдзія і 4-гадовая Святлана – засталіся адны. Пасля смерці маці ў снежні 1942-га іх перавезлі ў дзіцячы дом №1 там жа, у Чэрвені, дзе ўтрымліваліся дзеці, чые бацькі былі расстраляны фашыстамі за сувязь з партызанамі.

Спачатку створаная акупантамі турма, потым дзіцячы дом з нечалавечымі ўмовамі – нярадасным было іх дзяцінства. У 1943-м вярнуўся з фронту бацька – без нагі. Даведаўшыся пра трагедыю, што адбылася з жонкай, непакоячыся пра лёс дзяцей, папрасіў сваю старэйшую сястру, што жыла ў Мінску, забраць іх з дзіцячага дома. Так яны засталіся ў жывых. Да 1944 года жылі ў Мінску, потым пераехалі ў Радашковічы, а ў 1963 го­дзе – у Вілейку.

Сёння з трох сясцёр Святлана Нікіфараўна засталася адна – жывая сведка жахаў вайны, якія назаўсёды адбіліся ў дзіцячых вачах. Бамбёжкі, нястачы, голад, страта родных, пастаянная пагроза смерці – вось яе дзіцячыя ўспаміны.

«Хто можа заплаціць і колькі каштуюць пакалечанае дзяцінства, сіроцтва, смерць родных і блізкіх?» – пытаецца яна.

Жыццё пасля вайны

Як бы балюча ні біла жыццё, якія б выпрабаванні ні пасылала, знішчыць чалавечае і адабраць жаданне жыць не атрымалася. Сёння Святлана Нікіфараўна на заслужаным адпачынку. 60 год яна аддала педагогіцы – з 1964 года працавала ў Вілейцы і вучыла дзяцей дабрыні, павазе да старэйшых, а яшчэ – памятаць пра тых, хто загінуў падчас вайны, вучыла берагчы жыццё і саміх сябе. Шмат высокіх узнагарод мае яна за сваю працу, памятаюць пра яе і ўдзячныя вучні.

«Прайшло 80 год з той жорсткай вайны… Гэта шмат для чалавечага жыцця і зусім мала для гістарычнай эпохі, – заўважае Святлана Сляпцова. – Дзеці вайны выраслі, састарэлі, але ў нашых душах і сэрцах назаўсёды застаўся страшэнны боль, які нельга ні вылечыць, ні забыцца пра яго».

Сведкі – пра памяць і 9 мая

«Для мяне і ўсіх, хто застаўся ў жывых, 9 мая – гэта Дзень памяці пра родных, знаёмых, таварышаў, – расказала Святлана Нікіфараўна. – Свята са слязьмі на вачах. Сёння мала засталося тых, хто бачыў і памятае жахі вайны. Мне ж хочацца, каб традыцыя памятаць пра тых, хто загінуў на вайне, не перарывалася і гэты дзень па-ранейшаму заставаўся для новых пакаленняў Днём памяці і малітвы за памерлых».

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота з архіва рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 70 queries