Гэта ў казках пра іх усё лёгка і проста. А як на справе?
Лета. Час вялікага малака. Калі ж, як не ў гэту пару, кароўкам павінна хапаць і мацыёну на прыволлі, і сакавітага корму. А малако, як правільна кажуць людзі, у каровы на языку. Аднак гэта пры спрыяльным надвор’і. Вось і зараз устанавіліся спякотныя сухія дні, якія, канешне ж, не лепшым чынам адбіваюцца на якасці траў. Вопытным спецыялістам жывёлагадоўлі такая сітуацыя не ў навіну – яны ведаюць, як трэба працаваць у розных умовах і прафесійна спраўляюцца са сваімі абавязкамі дзеля галоўнай мэты – не дапусціць зніжэння надояў і прываг жывёлы.
– Дзеля гэтага і працуем, – нібыта падвяла рысу пад маімі разважаннямі першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Святлана Верамеева. – Нашы спецыялісты пастаянна ў гаспадарках, усё трымаюць на кантролі, у курсе ўсіх спраў. Дзеля таго, каб дабівацца добрых вынікаў у працы, патрэбны сумесныя намаганні. Толькі так, а не іначай.
І тое, што гэты накірунак правільны, пацвярджае статыстыка. Гады два назад, памятаецца, дасягненні вілейскіх аграрыяў на фоне вобласці выглядалі, мякка кажучы, сціпла. З прыходам у раён новага кіраўніцтва галіне стала надавацца асаблівая ўвага – старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Бегунец і яго першы намеснік – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Анатоль Завацкі літаральна штодня былі на палях і фермах, сустракаліся з аграрыямі, разам разбіраліся ў праблемах і вырашалі іх. І вынік гэтай працы відавочны.
Калі два гады назад ў абласной табліцы па вытворчасці малака Вілейскі раён быў практычна на ніжэйшых радках, то зараз ён замацаваўся ў сярэдзіне, на сёння займаючы чатырнаццатае месца. Рост? Безумоўна.
Калі параўноўваць статыстыку, напрыклад, за 2018 і мінулы гады, то яна гэты рост пацвярджае. Возьмем рэалізацыю малака: у мінулым годзе яго прадалі болей у параўнанні з 2019 годам (119,3 працэнта) і з 2018-тым (112,7 працэнта). Сортам «экстра» у бягучым годзе рэалізавана 62,2 працэнта малака, што на 6,3 працэнта больш, чым летась. Тэмпы вытворчасці вырошчвання таксама радуюць – летась яны былі вышэйшымі за два папярэднія гады (111,5 працэнта ў параўнанні з 2019-тым і 108 працэнтаў – з 2018). За шэсць месяцаў бягучага года вытворчасць малака склала 32144 тоны (гэта 104,2 працэнта да леташняга), яго рэалізацыя – 29022 тоны (105 працэнтаў), прадукцыя жывёлагадоўлі за гэты ж перыяд – 33825,4 тоны або 106,9 працэнта, а прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы за паўгоддзе 2021 года – 2494,8 тоны або 124,5 працэнта.
На дастойны канчатковы вынік нацэлены ўсе: і кіраўніцтва раёна, і ўсе службы, якія непасрэдна звязаны з аграрыямі, і самі працаўнікі вёскі.
– Пастаянна працуем над паляпшэннем якасці кармоў, якія нарыхтоўваюцца гаспадаркамі, – адзначыла яшчэ адну важную ўмову паспяховай дзейнасці ў жывёлагадоўлі Святлана Верамеева. – Так, за здадзены на Віцебскі маслаэкстракцыйны завод рапс атрымалі ад іх шрот рапсавы, які на Вілейскім камбікормавым заводзе выкарыстоўвалі для прыгатавання камбікармоў.
Святлана Уладзіміраўна адзначыла важную ролю раённых племстанцыі і ветстанцыі ў развіцці галіны і захаванні буйной рагатай жывёлы. Гэта ў многім дзякуючы спецыялістам гэтых падраздзяленняў (і асабліва калектыву племстанцыі, які ўзначальвае Людміла Зінкевіч).
За мінулы год у раёне атрымалі на 1540 цялятак больш, чым было ў 2019 годзе, ды і за шэсць месяцаў бягучага атрымана 7164, што на 427 больш, чым было летась. Такая прыемная тэндэнцыя не можа не радаваць.
У дзень майго наведання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні сустрэла тут і кіраўніка раённай ветстанцыі Сяргея Шупеньку. Разгаварыліся. Асноўнымі задачамі службы, якую Сяргей Станіслававіч узначальвае, ён лічыць прафілактыку інфекцыйных захворванняў жывёлы, работу па ўзнаўленні статка, пастаянны клопат пра якасць малака.
– З пяці гадзін раніцы нашы спецыялісты ў гаспадарках, – расказаў Сяргей Шупенька. – Працуюць рабочыя групы, кожная выконвае пастаўленыя задачы. Лічу, добра спрацавала наша служба ў мінулым годзе – амаль на тысячу галоў скарацілася выбыццё жывёлы. Па выніках дзейнасці наша ветстанцыя ў мінулым годзе заняла трэцяе месца ў вобласці. Гэта, вядома, да многага абавязвае. Не зніжаем тэмпаў і сёлета. Пытанні вырашаем комплексна, у цесным супрацоўніцтве з племстанцыяй, жывёлаводамі гаспадарак. Дарэчы, не магу не назваць ветэрынарных урачоў, якія плённа працуюць у раёне. Гэта і Юрый Казак з ААТ «Нарачанскія зоры», і Інэса Ікановіч з філіяла «Юнік-агра», і іншыя прафесіяналы сваёй справы, з якімі прыемна працаваць.
Клопатная, адказная і нялёгкая праца жывёлаводаў – людзей, дзякуючы якім на нашых сталах ёсць малако і мяса. Гэта толькі ў казках пра малочныя рэкі з кісельнымі берагамі ўсё проста і лёгка. На справе ж за гэтымі рэкамі – напружаная, да поту, штодзённая праца многіх-многіх людзей. Пра некаторых мы расказвалі на старонках газеты і будзем рабіць гэта надалей, іншыя ж сціплыя рупліўцы пакуль што не сталі героямі публікацый. Але ж абавязкова стануць, бо, як ніхто, заслугоўваюць нашых агульных увагі і павагі.
Калі на ферме – камфорт і прыгажосць
З Наталляй Маталыга, загадчыцай малочна-таварнай фермы «Рускае Сяло» адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры», сустрэліся на днях як з кіраўніком адной з лепшых фермаў гаспадаркі. Прыехала на месца – і спынілася пры ўваходзе, нібы зачараваная: уся тэрыторыя фермы патанае ў рознакаляровых кветках, і сам будынак, пафарбаваны ў салатава-жоўты колер, выглядае ў гэтым вясёлкавым абрамленні казачным. Акуратна абкошана трава, крыху на ўзвышшы – альтанка-церамок, дзе ў вольную хвіліну любяць адпачыць працаўнікі фермы, і, канешне ж, кветкі… Петуніі і флоксы, ружы і пеларгонія – яны цешаць вока сваім дружным цвіценнем.
– Так стараемся, каб кветкі ды кусты радавалі нас з ранняй вясны да глыбокай восені, – расказала Наталля Маталыга. – Вось як пышна цвітуць. За імі ў асноўным даглядае жывёлавод Святлана Даўгучыц, хоць і ўсе мы не супраць у вольны час заняцца кветкамі. Гэта не проста прыгажосць, але і сапраўдны адпачынак для душы.
Схаваўшыся ад спякотнага сонца ў альтанцы, мы з Наталляй Іосіфаўнай пагутарылі і пра вытворчае. Тры дзясяткі гадоў жанчына ў жывёлагадоўлі, з іх пяць – тут, у Рускім Сяле. Спецыяліст з вышэйшай ветэрынарнай адукацыяй, Наталля Іосіфаўна, безумоўна, на сваім месцы. Няпростая і адказная работа ў загадчыцы фермы, але ж любімая, на якую, як кажуць, вучылася. 1200 галоў зараз на ферме і 550 з іх – дойныя каровы. На сёння ў сярэднім ад каровы тут надойваюць 24,5 кілаграма малака, таварнасць якога складае 94 працэнты. Дарэчы, усё малако ідзе сортам «экстра».
Наталля Іосіфаўна расказала пра выдатныя ўмовы, якія створаны на ферме для працаўнікоў; пра сваіх падначаленых, кіраўніцтва гаспадаркі. Адзначыла, што пра лепшыя ўмовы працы нельга і марыць. Дык чаму ж не старацца тутэйшым працаўнікам, чаму ж не дабівацца поспехаў? Рытарычнае пытанне.
Ірына БУДЗЬКО/фота аўтара