Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Бульба сёлета нядрэнная…

У «Асіпавічах» адносіны да бульбы сур’ёзныя, строга захоўваецца тэхналогія пасадкі і вырошчвання культуры. Ды і справу сваю вяскоўцы зрабілі своечасова і якасна: у спрыяльныя агратэхнічныя тэрміны была праведзена пасадка, унесены мінеральныя ўгнаенні, у патрэбны час праводзілася акучванне і апрацоўка прэпаратамі ад каларадскіх жукоў і фітафторы. А зараз – самы час парадавацца ўраджаю.
Бульбу ў гаспадарцы сёлета вырошчваюць у адным масіве на пятнаццаці гектарах. Пакуль з кіраўніком падсобнай гаспадаркі Аляксандрам Альферам аглядаем палетак, узважваючы ў руках раўнюткія клубні, да нас падыходзіць брыгадзір рабочай групы Зоя Гіль. Жанчына працуе дэзінфектарам у Вілейскай бальніцы, кожны верасень, вось ужо дванаццаты год, яна ідзе на адпачынак – і сюды, на поле.
– За гэты час ужо «брыгаду скалаціла», – ніколькі не жартуе жанчына, бо людзі падабраліся сапраўды працавітыя і старанныя. – Сёння, напрыклад, на полі сорак чатыры чалавекі працуюць. Дзве машыны паралельна з намі ідуць, бульбачку адразу ж перабіраем. Буйную – у сеткі і на рэалізацыю, меншую проста ссыпаем. Стараюцца людзі, яшчэ і чатырох гадзін не прайшло, а ўжо палосы па кіламетру падганяем. Крыху адпачнем і ў другі бок павернем.
Пакуль ураджайнасць бульбы ў «Асіпавічах» складае 270-280 цэнтнераў з гектара. Але Аляксандр Леанідавіч спадзяецца, што будзе больш – пачалі ўбіраць крыху горшы ўчастак. Гэты бок палетка заўжды падмакае, бульба ўжо пацярпела ад пераўвільгатнення, а калі дождж пойдзе, то зусім сюды не ўлезеш.
– Бульба сёлета нядрэнная, што тут і казаць. Прынамсі, і цяперашнія ўмовы надвор’я нам спрыяюць, за імі трэба паспець закласці насенны фонд на сто тон, – зазначае брыгадзір трактарна-паляводчай брыгады гаспадаркі Вікторыя Кізік. – Амаль палова насення на наступны год у нас ужо закладзена, астатняя бульба пайшла на рэалізацыю. Вось у мінулым годзе сапраўдная мука з «насенкай» была. Падчас уборкі задажджыла, прыйшлося бульбачку некалькі разоў саломай перакладаць, каб лішкі вільгаці выцягнула. Дзякуючы своечасова прыкладзеным намаганням насенне захавалі, вясной сваім пасеялі, нічога закупляць не прыйшлося.
Так размаўляючы не заўважылі, як з намі параўняліся два трактары пад кіраўніцтвам Андрэя Тышкевіча і Андрэя Гісіча. З-пад капалак з’явіліся дзве роўныя палоскі, усыпаныя «скарбам», які рухава пачалі збіраць людзі. Крыху пагутарыць з намі ў мужчын не знайшлося часу. На гэтым полі яны шчыруюць з пяці гадзін раніцы, зараз разгоняць людзям «фронт» работы і паспяшаюцца перасесці на другую тэхніку. Адзін на КЗР-ы паедзе закладаць кармы, другі накіруецца прасаваць салому.
– Зарплату хлопцам паднялі, яны і стараюцца «капейчыну» зарабіць, – гаворыць Аляксандр Альфер. – У нас усяго шэсць механізатараў, і за кожным з іх – па дзве-тры адзінкі тэхнікі. Толькі нядаўна яны з камбайнаў злезлі. Дарэчы, уборачная кампанія нядрэнна ў гаспадарцы прайшла. Пры ўраджайнасці 32,4 цэнтнера з гектара намалацілі звыш трох з паловай тысячы тон збожжавых – крыху перавыканалі вал мінулага года.
Зараз у Асіпавічах сеяць азімыя, 180 гектараў жыта ўжо пасеяна, засталося 50 гектараў трыцікале – і сяўба будзе завершана. Тады механізатары накіруюцца ў суседнюю Талуць, там і плошчы большыя, і працоўнай сілы менш. Сёння на сяўбе заняты адзін механізатар Аляксандр Сняткоў. Але працуе ён амаль што за дваіх : пры плане на дзень у дваццаць два гектары засявае ўсе трыццаць пяць.
Перавыконвае норму і малады механізатар Аляксандр Валынец, які ўносіць вадкія ўгнаенні – замест трыццаці гектараў па норме апрацоўвае сорак. Першы год пасля каледжу Аляксандр працуе, а ўжо добра сябе зарэкамендаваў. Адно расчароўвае Аляксандра Альфера – на сераду хлопца выклікаюць у ваенкамат, вялікая магчымасць, што ўвосень пойдзе ў армію, і на адны працавітыя рукі ў гаспадарцы стане менш.
… Вераснем пахне сопкая бульба. Здаецца, гэтыя смачныя радкі выйшлі з-пад пяра Янкі Сіпакова і чамусьці ўзгадаліся менавіта тут, на бульбяным палетку. А напэўна ж, гэты чароўны пах напаўняе сёння кожную гаспадарку і вясковую хату.
Марына ПУЦЭЙКА,
фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries