Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Адданы сваёй справе і роднай зямлі

Брыгадзір вытворчага ўчастка «Селішча» ААТ «Новая Вілія» Міхаіл Буткевіч у сельскай
гаспадарцы адпрацаваў 43 гады. «20 год я вазіў гародніну, 23 гады – вырошчваў», – жартуе
Міхаіл Мікалаевіч, маючы на ўвазе сваю працу ў названай гаспадарцы спачатку ў якасці вадзіцеля, а потым – брыгадзіра.

Міхаіл Буткевіч на мехдвары ў Селішчы
Міхаіл Буткевіч на мехдвары ў Селішчы.

Былыя часы, калі тут спецыялізаваліся на вырошчванні рознай гародніны – ад цыбулі да морквы – успаміналі падчас нядаўняй сустрэчы. Ды і пра жыццё з Міхаілам Мікалаевічам гаварылі таксама.

Нарадзіўся Міхаіл Буткевіч у вёсачцы Петрашова на Вілейшчыне. Жыццё рана прывучыла яго да працы – з адзінаццаці год ужо сам нарыхтоўваў корм для каровы, ды і іншай ніякай работы не цураўся. Старэйшы сын у сям’і, у якой выховаліся яшчэ двое братоў, дарослым стаў рана. Маці працавала даяркай (і па сённяшніх мерках гэта прафесія не з простых, а тады – асабліва), патрэбна была дапамога. Пасля заканчэння Латыгальскай школы, у 1975 годзе, Міхаіл прыйшоў працаваць у тагачасны саўгас «Вілія», да назвы якога сёння далучана слова «новая». Ад гаспадаркі вывучыўся на шафёра, а праз паўгода быў прызваны ў армію. Служыў Міхаіл Буткевіч у Берліне – у штабе 16-й паветранай арміі групы савецкіх войскаў у Германіі. Ён нядрэнна ведаў нямецкую мову, і гэта спатрэбілася на службе. За паўтары гады ў Германіі да дробязей вывучыў вуліцы Берліна і іншых гарадоў. Пашанцавала падчас службы вазіць тройчы Героя Савецкага Саюза Івана Кажадуба, баявога лётчыка-аса часоў Вялікай Айчыннай вайны, які сустрэў Перамогу ў небе над Берлінам. Успамінаў пра службу ў Міхаіла Мікалаевіча шмат, і пранёс іх праз усё жыццё. Асабліва запомнілася яму Дрэздэнская галерэя. А яшчэ – квартал Дрэздэна, які падчас вайны быў разбомблены англа-амерыканскай авіяцыяй. Улады забудову вырашылі не аднаўляць – дзеля таго, каб нашчадкі ведалі і памяталі пра вайну, бераглі мір.

Магчымасць застацца ў Германіі і будаваць кар’еру ваеннага афіцэра ў Міхаіла Буткевіча была, але ён вырашыў вяртацца на радзіму. Дэмабілізаваўся ў 1978-м. І два дзясяткі год адпрацаваў вадзіцелем у сваёй гаспадарцы, завочна вывучыўся ў Смілавічах на агранома. Працоўная біяграфія яшчэ на 23 гады прадоўжылася ў якасці начальніка ўчастка ў Латыгалі, а потым – брыгадзіра вытворчага ўчастка «Селішча». Справу гэту, няпростую і адказную, вывучыў да дробязяў. І раўнадушным да сваіх абавязкаў не быў ніколі. Клопату хапала: пад гароднінай, якая дзячыць шчодрым ураджаем толькі за карпатлівую працу, былі вялікія плошчы. Належным чынам падрыхтаваць глебу, вырасціць расаду, своечасова яе высадзіць, прапалоць, сабраць дзеля гэтага і арганізаваць людзей, трымаць усё на асабістым кантролі – каб атрымаць вынік, гэты прамысловы ланцужок павінен працаваць бесперабойна. Міхаіл Буткевіч памятае, як на пасадку і праполку, а потым і ўборку ўраджаю прыязджаў працоўны дэсант з Вілейкі – работнікі арганізацый і прадпрыемстваў, школьнікі. Не хапала рук, таму дапамога гэта была неабходнай. Сёння ж з былога «асартыменту» найменняў гародніны ў «Новай Віліі» вырошчваюць толькі бульбу, а само сельскагаспадарчае прадпрыемства перададзена інвестару – УП «Малочная праўда». Зрухі да лепшага ёсць, адзначае мой суразмоўца, і гэта радуе. Засмучае Міхаіла Мікалаевіча тое, што не многія з маладых сёння маюць жаданне працаваць на зямлі. І развітваюцца з вёскамі, аддаючы перавагу сталіцы або замежжу. «Па полі ў ботах ніхто не хоча хадзіць», – трапна заўважае мой суразмоўца.
А вось яго ў свой час родная зямля паклікала. Клопат пра яе, што не спыняецца ўвесь сельскагаспадарчы год, стаў надзённым. Склалася і асабістае жыццё. Прыехала працаваць у саўгас аграномам маладая дзяўчына Надзея родам з Полацку. Пазнаёміліся, спадабаліся адно аднаму, а пасля ажаніліся, нарадзіўся сын Дзяніс… З часам жонка Міхаіла Мікалаевіча змяніла свой працоўны профіль (з агранамічнага – на біёлага-хімічны) і знайшла сябе ў педагогіцы. І сёння Надзея Аляксандраўна працуе ў галіне адукацыі – узначальвае Селішчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – пачатковая школа.

З асабістага неўзабаве наша размова вяртаецца зноў да працоўнага. Успаміналі, якой для «Новай Віліі» выдалася ўборачная-2019. Міхаіл Буткевіч расказаў, што з важнай задачай у гаспадарцы справіліся амаль цалкам сваімі сіламі. Ад цямна да цямна шчыравалі ў полі людзі, імёны якіх пералічвае Міхаіл Мікалаевіч: камбайнеры Андрэй Кавалевіч, Уладзімір Грыпініч, Віталь Сакалоўскі, Сяргей Буслаўскі, вадзіцелі Пётр Мінін і Аляксандр Мандрык. Сёння Алена Матус – у крэсле дыспетчара, а падчас уборачнай займала не менш важны пост – як повар, адказвала за харчаванне работнікаў, а на ўборцы бульбы працавала сёлета на камбайне.

Ад падрыхтоўкі глебы і сяўбы – да уборкі ўраджаю доўжыцца сельскагаспадарчы год. Кожная пара года – адказная і працаёмкая. Восень – не выключэнне. І толькі калі выбралі бульбу, заклалі сянаж і спарадкавалі іншыя справы, Міхаіл Буткевіч пайшоў у працоўны адпачынак. Але для чалавека, які з малых гадоў прывык працаваць, і дома заняткаў хапае. Гаспадарка – свінні ды авечкі (а да гэтага года была яшчэ і карова) – патрабуе клопату. Парэзаць дровы на зіму – таксама актуальная задача. Сад з пладовымі дрэвамі ды вінаградам – і на гэта патрэбен час. А сталярнічаць – гэта ўжо справа для душы. Бо для сапраўднага гаспадара сваімі рукамі майстраваць штосьці для свайго дома (у выпадку з Міхаілам Мікалаевічам – ад стала да дзвярэй) – задавальненне. Толькі гэтымі справамі і мог бы ўжо займацца Міхаіл Буткевіч, які з кастрычніка бягучага года выйшаў на пенсію. Але кіраўніцтва прапанавала застацца яму на сваёй пасадзе – і ён згадзіўся. «Як можна, жывучы на месцы і адпрацаваўшы тут столькі год, адмовіцца», – лічыць Міхаіл Мікалаевіч.

Свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі – нагода зноў узгадаць сюжэты і партрэты ўборачнай. Імёны тых, хто пашану заслужыў сваёй працай, прагучалі ўчора ў Вілейскім Палацы культуры на святочнай урачыстасці. Сярод іх – і брыгадзіра вытворчага ўчастка «Селішча» Міхаіла Буткевіча.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 52 queries