Дзясяты рэспубліканскі экалагічны форум, які праходзіў у Маладзечне, “зачапіў” крылом і Вілейскі раён. І справа тут не толькі ў нашым геаграфічным становішчы (маладзечанцам мы – суседзі). Вілейшчына традыцыйна лічыцца спрыяльным у плане нашай прыродаахоўнай заклапочанасці краем. У апошнім, дарэчы, пераканаліся дэлегаты і ўдзельнікі форуму, якіх сустракаў Вілейскі раён. У любым сцэнарыі такіх сустрэч абавязковым атрыбутам з’яўляецца хлеб – сімвал гасціннасці краю і ўрадлівасці зямлі, гэтых двух пачаткаў, знітаваных людскім клопатам і дбайнасцю. На мяжы Вілейскага і Лагойскага краю адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы гасцям хлеба. А суправаджалі яе музыкай і спевамі, таксама надзеленыя прыроднымі талентамі, артысты Вілейскага гарадскога Палаца культуры.
Першая кропка ў маршруце дэлегацыі Міністэрства прыродаахоўных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – дзіцячы цэнтр «Надзея-XXI век». Рэабілітацыйна-аздараўленчая ўстанова толькі што справіла свой 20-гадовы юбілей. З гэтай нагоды сюды быў арганізаваны прэс-тур. Аб ім мы дастаткова падрабязна расказалі ў адным з папярэдніх сваіх выпускаў. І калі журналісцкі візіт насіў агульны азнаямленчы характар, то гэты меў канкрэтную тэматычную накіраванасць. Як у дзіцячым цэнтры, вядомым сваёй унікальнасцю, укараняецца сістэма ўпраўлення навакольным асяроддзем у плане рэалізацыі канцэпцыі ўстойлівага развіцця? У разрэзе гэтай тэмы і ішло знаёмства з жыццём рэабілітацыйна-аздараўленчай установы. Узнікла яна і грунтуецца на трох лёсавызначальных платформах свайго развіцця: прымірэнне, змяншэнне наступстваў Чарнобыля, адкрыццё новых перспектыў. Аб гэтым расказаў гасцям намеснік дырэктара «Надзеі» Павел Балаш. У спартыўным комплексе ўстановы ён правёў свайго роду прэзентацыю ідэй па экалагічнаму выхаванню і ахове прыроднага асяроддзя, якія культывуе аздараўленчы цэнтр. Сёння ён рэалізуе ўжо тры праекты. У дадатак да непасрэднага аздараўлення і рэабілітацыі,тут створаны яшчэ філіялы па вытворчасці экалагічна чыстай сельгаспрадукцыі і аказанні турыстычных паслуг. Патрэбна сказаць, што ўжо напачатку, яшчэ пры стварэнні канцэпцыі ўстановы, планавалася размяшчэнне яе ў экалагічна чыстым асяроддзі. А пры будаўніцтве выкарыстоўваліся экалагічна чыстыя матэрыялы. Дзіцячыя памяшканні, напрыклад, аформлены з выкарыстаннем натуральнай драўніны. Экалагічная палітыка цэнтра, зазначыў Павел Балаш,– гэта зніжэнне спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў, развіццё інфраструктуры з улікам найменьшага ўздзеяння на прыроду, правядзенне адпаведных выхаваўча-адукацыйных праграм. Толькі за апошнія тры гады расход электраэнергіі тут зніжаны на 13,8 працэнта, пячнога паліва – на 2,7, вады – на 1,5 працэнта. Больш чым пятая частка адыходаў мінае палігон, сартыруецца і ўтылізуецца на месцы, адпраўляючыся затым на перапрацоўку. Яшчэ восем год таму дзіцячаму цэнтру прысвоены статус зоны высокай энергаэфектыўнасці. Для большай пераканаўчасці прысутным былі прадэманстраваны некалькі відэасюжэтаў, якія выкарыстоўваюцца ў цэнтры ў якасці своеасаблівых наглядных дапаможнікаў. А міні-відэа сюжэт на працягу адной хвіліны выдаў гасцям інфармацыю аб арыгінальным ноу-хау цэнтра. Аказваецца, пры зніжэнні спажывання энергетычных рэсурсаў тут ужо навучыліся выкарыстоўваць сонечную энергію. Першы калектар падобнага тыпу быў устаноўлены на сталовай, з мэтай падагрэву вады для яе патрэб. Пры рэалізацыі праекта адпаведную фінансавую дапамогу аказаў нямецкі бок. За час работы, дзякуючы сонечнаму калектару, тут сэканомлена 62 тысячы кілават-гадзін цеплавой энергіі. Другі такі калектар, устаноўлены для патрэб гаспадарчага блоку, усяго за год дазволіў сэканоміць яе звыш двух тысяч кілават-гадзін. Лічбы, кажуць, рэч упартая. Хочацца дадаць: і пераканаўчая. Тэма збору смецця ў кантэксце тэорыі ўстойлівага развіцця, – рэч недругарадная. І менавіта дзякуючы перадачы на перапрацоўку другасных рэсурсаў, толькі летась цэнтрам было здадзена тры тоны макулатуры, дзве – пэт-тары. Асобна сартыруюцца металалом, колы аўтамабільныя, батарэйкі, акумулятары з электралітам. Госці філіяла змаглі пабачыць пляцоўку з кантэйнерамі, дзе захоўваюцца адсартыраваныя адыходы, а таксама аўтамат для прэсавання пэт-тары. Не выкідваецца тут і попел ад спальвання дроў у кацельні. Хоць ён і з’яўляецца адыходам трэцяга класу небяспекі. У вёсцы яго аднак традыцыйна выкарыстоўваюць як угнаенне. Чарнобыль унёс у гэту традыцыю свае карэктывы. Таму попел правераны на наяўнасць у ім радыяцыі. Вывад – канцэнтрацыя цяжкіх металаў у прадукту згарання дрэва – больш чым у два разы ніжэй нармаванага значэння. Попел сёння без рызыкі выкарыстоўваецца для падкормкі зялёных насаджэнняў.
Дзякуючы дзейнасці аднаго з трох філіялаў цэнтра, яго сталовая забяспечваецца чыстымі сельгаспрадуктамі: зелянінай, гароднінай, фруктамі. Прынцыпы біяземляробства дазваляюць звесці наяўнасць у іх нітратаў да мінімуму. У рэспубліцы «Надзея» з’яўляецца адной з дзвюх арганізацый непрамысловага сектару, якія першымі ўкаранілі і сертыфікавалі на дзяржаўным узроўні сістэму ўпраўлення навакольным асяроддзем.
У цэнтры госці наведалі майстэрні, дзе яго выхаванцы з падручных рэчываў і адыходаў вырабляюць цікавыя падзелкі: пано, макрамэ, фарміруюць уражальныя па кампазіцыі букеты, малююць, выпільваюць, вышываюць. Само асяроддзе сілкуе сапраўдную аўру духоўнасці і творчасці, якая вось ужо 20 год пануе тут, лечачы не толькі целы, але і душы юных яго насельнікаў.
Як гонар беражэцца замалада, так і экалагічная культура прывіваецца ў юным узросце. І на Вілейшчыне гэтай справай займаюцца мэтанакіравана і паслядоўна. Бесперапыннасць гэтага працэсу пацвердзіла наведанне Рабунскага вучэбна-педагагічнага комплексу – другой кропкі маршруту дэлегатаў экалагічнага форуму. Маляўнічым дэфіле тэатра экамоды сустрэла гасцей навучальная ўстанова. Тут выхаванне юных аматараў і ахоўнікаў прыроды ўзведзена на прафесійны ўзровень. Установа адукацыі з’яўляецца ўдзельнікам сумеснага праекту Еўрасаюза і ААН «Павышэнне экалагічнай інфармаванасці моладзі цераз стварэнне і развіццё Зялёных школ у Беларусі». Аб яго выніковасці сведчаць шматлікія дыпломы і ўзнагароды – упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама і райвыканкама, Нацыянальнай акадэміі навук. Супрацоўніцтва з Нацыянальным паркам, удзел у міжнародных праектах. Акцыі, экалагічныя дэсанты – усё гэта ў актыве педагагічнай работы. Дарэчы, характэрнай не толькі для навучальнай установы. Сапраўды мэтанакіраваную дзейнасць па вывучэнню стану навакольнага асяроддзя праводзіць турклуб «Чарапашкі» раённага цэнтра дадатковай адукацыі. Аб яго даследчай рабоце створаны відэафільм, які прадэманстраваў, пракаментаваўшы потым сюжэты, кіраўнік клуба Міхаіл Петух.
Было яшчэ наведанне гідраэлектрастанцыі цэха ўнітарнага прадпрыемства «Мінсквадаканал», мемарыялу зніклых вёсак і Вілейскага філіяла Маладзечанскага малочнага камбіната. На апошнім рэалізуецца інвестыцыйны праект па ўкараненню рэсурса- і энергазберагаючых тэхналогій на аснове перапрацоўкі малочнай сывараткі і сцёкавых вод. Праект, па словах кіраўніка філіяла Марыны Вазняк, рашае адразу два праблемныя пытанні: акрамя энергазберажэння – яшчэ і экалагічнае. Яго ўзвядзенне знаходзіцца на завяршаючай стадыі. Аб’ём фінансавання – 1 мільён 970 тысяч еўра. Тэрмін акупляльнасці, па падліках, невялікі – усяго каля пяці год.
Знаёмства з прадпрыемствам падалося б няпоўным без дэгустацыі яго вырабаў. І такая прэзентацыя-дэгустацыя адбылася. Па вартасці была ацэнена вядучымі эколагамі краіны прадукцыя, марка якой карыстаецца попытам і за яе межамі. Застаецца спадзявацца, што форум, адпраўной кропкай якога стала для гасцей Вілейшчыны наша зямля, меў добры працяг у вотчыне суседзяў-маладзечанцаў. Нездарма ж Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка напярэдадні мерапрыемства пажадаў яго ўдзельнікам «добрага настрою, выніковай работы, цікавых дыскусій і творчых поспехаў».
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара
















