Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Знаёмыя раілі рабіць аперацыю ў Мінску, толькі не дома

З Вязыні ў рэдакцыю патэлефанавала Валянціна Рудакоўская. Вось пра што расказала Валянціна Міхайлаўна:
– Мне была прызначана аперацыя. Знаёмыя раілі рабіць яе ў Мінску, толькі не дома. А ў мяне была іншая думка. Вырашыла не шукаць невядома якіх «свяцілаў», да якога хірурга ў Вілейцы траплю, падумала, няхай той і аперыруе. Лёс звёў з Андрэем Якаўцом, ветлівым, чалавечным, прафесіяналам сваёй справы. Пра такіх звычайна кажуць, што яны нараджаюцца ўрачамі. Ды і ўвесь медперсанал першага хірургічнага аддзялення дастойны гэтых слоў. Аперацыя прайшла паспяхова. Я ганаруся за такіх сваіх землякоў, за нашу Вілейшчыну.
Да падзячных слоў добразычлівым землякам далучаецца і віляйчанка Людміла Адамовіч. Праўда, яна выказвае шчырыя словы працаўнікам аўтобуснага парка Але Чыжэўскай і Ірыне Навагель.
– Трэба бачыць, як працуе кандуктар Ала Чыжэўская! – гаворыць Людміла Іосіфаўна. – Яна і нямоглых пасадзіць у аўтобусе, і пра мам з дзеткамі не забудзе. З мітуслівымі школьнікамі знаходзіць агульную мову, заўсёды нагадвае ім быць уважлівымі, не забываць у аўтобусах свае рэчы. Што і казаць, менавіта так культурна і павінны нас абслугоўваць.
Як не пагадзіцца з Людмілай Іосіфаўнай! На вялікі жаль, далёка не заўсёды так адбываецца, ёсць там-сям і недахопы, на якія нашы чытачы звяртаюць увагу адказных людзей. Так, напрыклад, віляйчанка Марыя Сідарэвіч, якая наведалася ў выхадныя ў родную вёсачку Ручыца Нарачанскага сельсавета, расказала вось што:
– Адзін толькі ліхтар гарыць пасярод вёскі, а ў адным і другім канцы – хоць вока выкалі. Людзі і на працу ідуць такой цемрай, і з аўтобуса ці на аўтобус,а ў нас жа проста ў вёсцы размяшчаецца вадаём… У такой цемры недалёка і да бяды.
Зразумела занепакоенасць людзей. Таму, напэўна, не будзе лішнім унікнуць у гэту іх праблему.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries