Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Жыццё шматграннае

Пошта прыносіць чарговы ліст. Што ў ім? Гэтым пытаннем задаешся кожны раз, калі чалавек звяртаецца ў газету. Пачынаецца дыялог, унікаеш у сітуацыю і разумееш чытача. Так, пытанне ёсць, і раз чалавек звярнуўся ў газету, значыць, усхвалявала.

Рыбакі, не псуйце сувязь!
З вёскі Ляхі Хаценчыцкага сельсавета даслала ліст пенсіянерка Таіса Пятроўна Клачко. Вось вытрымкі з пісьма: «…Тэлефонная лінія ў нас праходзіць у паветры, праз рэчку. Побач мосцік, на якім заўсёды ёсць рыбакі. Яны, закідваючы вудачкі і спінінгі, вельмі часта скручваюць тэлефонны провад. І ўсё, мы застаемся без сувязі да таго часу, пакуль не прыедуць нашы дзеці і не выправяць становішча. А калі і ў іх не атрыміваецца, то трэба ісці аж у Сакалоўку, каб выклікаць майстра. І такія «гульні» з рыбакамі працягваюцца гадоў з пятнаццаць, а то і болей. Нас у вёсцы засталося пяць чалавек і тэлефон нам вельмі патрэбны».
Таіса Пятроўна прапаноўвае замяніць паветраныя правады на кабель, тады праблемы, на яе думку, вырашацца. А мне ўсё ж хацелася б звярнуцца і да рыбакоў, якія адпачываюць ля вёскі. Будзьце ўважлівымі, памятайце пра тых немаладых людзей, якім вы, здараецца, дастаўляеце такія нязручнасці. Урэшце, калі ўжо здарылася непрыеменасць па вашай віне, то ваш абавязак яе выправіць.
Настаўнік, Чалавек, Бацька…
Менавіта так, з вялікай літары напісала пра бацьку ў сваім лісце ў рэдакцыю Вольга Паўлава з Віцебска. Яе тата, Міхаіл Мікалаевіч Шыла, 8 чэрвеня адзначыў сваё 80-годдзе. «Доўгія гады, – піша Вольга Міхайлаўна, – тата добрасумленна працаваў настаўнікам фізікі, быў завучам Ільянскай сярэдняй школы. Выпускнікі старэйшых пакаленняў, думаецца, да цяперашняга часу памятаюць урокі фізікі і астраноміі, якія праводзіў Міхаіл Мікалаевіч. Магчыма, праца настаўніка ў наш час не так ацэньваецца, як належыць, але, мне думаецца, добрае і вечнае ў кожным з нас – ад іх, настаўнікаў. Ад сваіх першых педагогаў мы атрымліваем не толькі веды, але і навыкі сумленнага служэння сваёй справе, павагі да людзей, прыстойнасці і бескарыслівасці». Вольга Міхайлаўна напісала, што менавіта такім прыкладам у жыцці для яе стаў бацька. З маці, былой настаўніцай геаграфіі Валянцінай Уладзіміраўнай, яны жывуць у шчаслівым шлюбе ўжо 54 гады, адсвяткавалі залатое вяселле. «З юбілеем цябе, татачка, Настаўнік з вялікай літары!» – піша дачка і жадае свайму роднаму чалавеку моцнага здароўя, доўгіх шчаслівых гадоў жыцця, аптымізму і дабрабыту. Далучаемся на гэтых віншаванняў.
Паездка запомнілася
Добра і карысна адпачылі ў Дзень абароны дзяцей рабяты з раённай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам і іх бацькі. Пра гэта расказала і падзякавала ад імя і дзяцей, і іх бацькоў Таццяна Ляшок:
– Гэта экскурсія стала магчымай дзякуючы раённаму выканаўчаму камітэту, упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аўтобуснаму парку. 39 чалавек нашай арганізацыі з’ездзілі ў сталіцу, адпачылі ў парку Чалюскінцаў, заапарку і ў Батанічным садзе, з цікавасцю паглядзелі канцэрт-марафон «Датыкніся да жыцця», у якім прымалі ўдзел вядомыя беларускія і расійскія артысты. Уражанняў – мора! А самае важнае – гэта ўсведамленне, што пра нас памятаюць і клапоцяцца. Гэта вельмі важна.
А яшчэ, падзялілася Таццяна Ляшок, паездка пацвердзіла, што ў аўтобусе ў той дзень былі самыя сумленныя і спагадлівыя людзі – адна мама, выходзячы, выпадкова пакінула ў салоне кашалёк з грашыма і знайшла яго цэлым і з тымі ж грашыма аж на другі дзень. Здавалася б, дробязь, а прыемна…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries