Магу паспрачацца, што гэтага мужчыну, хударлявага, з рэльефна акрэсленымі рысамі твару, я ўжо дзесьці бачыла.
– Дзе мы з Вамі сустракаліся? – так і карціць задаць вечнае, як свет, пытанне. Напружваю памяць. Гады два мо таму, на мехдвары падсобнай гаспадаркі «Дружба» райаграсервісу, яе кіраўнік Аляксандр Альфер пазнаёміў мяне з Мікалаем Кубліцкім, вадзіцелем, які, тым не менш, нешта мудрагеліў над камбайнавай жняяркай.
– Для сына рамантую, – канстатаваў, на хвіліну адарваўшыся ад агрэгата. Так мы сустрэліся з Мікалаем. Фотаздымак атрымаўся каларытны, запамінальны.
Сёння Мікалай з сынам Сяргеем – на адным полі. Ячмень ва ўрочышчы Доўгае падмачыў начны дождж. Бухматыя хмары, заўпарціўшыся, адваявалі, нарэшце, у сонца нябесную прастору. Градусы на тры пахаладала, але акалічнасць гэта не зусім парадавала камбайнераў. Вільготныя сцябліны не клаліся пад жняярку. І вымушаны прастой пазбаўляў удзельнікаў уборачнага працэсу тэарэтычнай магчымасці заробку, які ўчора ў некаторых дасягнуў трохсот тысяч рублей.
У кабіне кожнага камбайнера захоўваецца папка з умовамі спаборніцтва на жніве. Яны дыферэнцыраваны з улікам маркі камбайнаў і тэрмінаў іх эксплуатацыі. За выкананне зменнай нормы выпрацоўкі на 135 працэнтаў і вышэй прадугледжаны даплаты. Кожная намалочаная звыш нормы тона збажыны ў бункернай вазе на камбайне «Дон», напрыклад, «каштуе» 4297 рублёў. Вядома, пры захаванні належнай якасці ўборкі.
Для новага кіраўніка райаграсервісу Аляксандра Бядрыцкага гэта першае жніво падобнага маштабу. Толькі на збожжавым кліне яго клопат патроіўся. Справа ў тым, што зусім да нядаўняга часу Аляксандр Яўгеньевіч кіраваў адной з трох падсобных гаспадарак, якія ўвайшлі ў склад узбуйненага прадпрыемства. Яго «Асіпавічы», як правіла, першымі ў раёне пачыналі ўборку і першымі яе завяршалі. Укласці традыцыю ў рамкі іншага вымярэння зусім не проста, але магчыма, лічыць новаспечаны кіраўнік. Галоўнае, арганізаваць справу і мець надзейных памочнікаў, такіх, напрыклад, як кіраўнік падсобнай гаспадаркі «Дружба» Аляксандр Альфер. Урочышча «Доўгае» ёй і належыць. Акрамя «Палесся», на якім працуе экіпаж Сяргея Кубліцкага, сына таго самага Мікалая, на палетак прыбыў яшчэ адзін камбайн з падсобнай гаспадаркі «Талуць», якая таксама ў складзе аграсервісу. На ім – сямейны экіпаж Акуньковічаў. Алег – камбайнер, жонка Наталля – у яго памочнікам. Не ведаю, як размяркоўваюцца іх ролі ў сямейным тэндэме, але тут, на полі, Наталля без усялякіх ваганняў аддае мужу партыю першай скрыпкі. Праўда, бухгалтэрыю іх працоўнай спулкі яна вядзе сама: фіксіруе бункеры, тоны, дакладна называе і мінулагодні намалот, які дазволіў іх экіпажу стаць лідэрам у падсобнай гаспадарцы. Пазіцыі губляць яны і сёння не збіраюцца. Таму і рушылі на палеткі «Дружбы», калі аграном Павел Шабуня канстатаваў, што ячмень у Талуці яшчэ не даспеў. На ўскрайку поля, каля абочыны прасёлкавай дарогі, стаяць іх «Жыгулі». Руль Алег смела давярае жонцы. Як ніяк, яна дастаўляе мужа пасля напружанага працоўнага дня ў іх утульнае сямейнае гняздо. Там чакаюць сыны. Старэйшы – без колькі хвілін – студэнт політэхнічнай акадэміі, і малодшы, які пакуль наведвае дзіцячы садок. Безумоўна, у Акуньковічаў ёсць пахвальны намер папоўніць за час жніва свой сямейны бюджэт. І, як мы пераканаліся, гаспадарка ім прадстаўляе для гэтага ўсе магчымасці.
Толькі тут, на жніўным палетку, яскрава пачынаеш усведамляць, чым чалавека «засмоктвае» вёска. Чаму Мікалай Кубліцкі, які адвозіць збожжа на сушыльны комплекс, ніколі не пажадаў іншага лёсу свайму сыну Сяргею, які цяпер вось і зяця Віталія, вадзіцеля завода «Зеніт», прывабіў, хоць часова, да хлебаробскай справы.
– Віталь у нас учора падзяку ад самога начальніка сельгасупраўлення атрымаў, – канстатуе Аляксандр Альфер, – за каласкі. – Аказваецца, Віталь Капцюг добра зразумеў сваю ролю другога камбайнера. І калі жняярка, надараецца, пакідае на палетку шчацінне вусатых каласоў, ён уласнаручна карэкціруе гэты тэхнічны непаладак.
Праблемы жніўнага часу? Яны ўзнікаюць штодня. Здаецца, укамплектавалі адзін з камбайнавых экіпажаў, – дзеліцца Аляксандр Бядрыцкі. – Але гарадское прадпрыемства адклікала свайго работніка з-за вытворчай неабходнасці. На тыдзень. Разумееце, што значыць для жніва гэты тыдзень. Віды на ўраджай? Зерне было налітае, але, не даспеўшы, ужо стала сохнуць. Падсмажылася на сонечнай патэльні. Але наогул, – усміхаецца кіраўнік, – жніво – гэта радасць для душы. Не бітва, не нейкае там адзінаборства з прыродай, а шчасце трымаць у руках хлеб… Ведаючы Аляксандра Яўгеньевіча не адзін год, смела магу сцвярджаць: ён шчыры, і сцвярджаючы гэта, ніколькі не крывіць душой, вернай зямлі і хлебаробскаму запавету.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара
«Жніво – гэта радасць душы»
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ







