Так атрымалася, што пераважная большасць вашых, паважаныя сябры, нядаўніх зваротаў у рэдакцыю – светлыя, аптымістычныя. Яны – пра чалавечныя адносіны паміж людзьмі. А гэта, пагадзіцеся, надзвычайна важна ў наш няпросты прагматычны час.
Вельмі хвалюючым быў расказ жыхаркі Нарачы Валянціны Кажан. Ёй на днях давялося перажыць такое…
– У панядзелак вырашыла я схадзіць па журавіны, – расказала Валянціна Аляксандраўна. – Люблю збіраць ягады, ведаю добрыя мясціны. Але на гэты раз здарылася непрадбачанае – я заблу-дзілася.
Як ні старалася выйсці на знаёмыя сцежкі, нічога не атрымлівалася – трапляла ў большы гушчар і балота…
Калі пераваліла добра за паўдня, зразумела, што самастойна мне не выбрацца. Балазе, пры мне быў мабільны тэлефон, і я патэлефанавала родным. Тыя звярнуліся за дапамогай у міліцыю.
Валянціна Аляксандраўна шчыра прызналася: нават і не спадзявалася, што хтосьці пойдзе яе шукаць у пацёмках ды ў балоцістай мясціне. Таму і настроілася на начоўку ў лесе. Было холадна і, канешне ж, страшна. Думалася, прызналася жанчына, рознае. Перажывала не столькі за сябе, колькі за дзяцей: што будзе з імі, калі штосьці здарыцца з ёй?
А, між тым, актыўныя пошукі жанчыны ўжо ішлі. Групу супрацоўнікаў міліцыі, у складзе якой былі Дзмітрый Субач, Аляксандр Тарговіч, Аляксандр Русецкі, Віталь Паслед, Юрый Высоцкі, Валерый Волчак і дружыннік Анатоль Занкавіч, нягледзячы на цемру і небяспеку (пошукі вяліся ў балоцістай мясцовасці), не спыніла нічога. І вось – радасны момант: у цемры Валянціна Аляксандраўна ўбачыла святло ліхтароў і пачула гаворку.
– Нават не знаходжу такіх слоў, якімі выказаць падзяку гэтым адважным хлопцам, – жанчына расчулена да слёз. – Прызнаюся, што да гэтага я была ўпэўнена: выратаванне тапельца – справа рук самога тапельца. Аказваецца, ёсць у нас людзі, якія ідуць на вялікія выпрабаванні дзеля выратавання чалавека. Дзякую ім ад усяго сэрца і буду заўсёды памятаць іх чалавечнасць і прафесіяналізм.
Разам з Валянцінай Аляксандраўнай дзякуем яе выратавальнікам і радуемся, што гэта гісторыя закончылася на аптымістычнай ноце.
З Вязыні ў рэдакцыю патэлефанавала былая настаўніца Таццяна Дзям’янаўна Філістовіч. Яна выказвае шчырую падзяку сямікласнікам мясцовай школы і іх класнаму кіраўніку Святлане Іванаўне Дзядзюлі за дапамогу ёй, нямоглай жанчыне.
– Вось і на днях прыйшлі ўсе разам, ускапалі мне агарод, – паведаміла Таццяна Дзям’янаўна. – Не забываюць нас ніколі, віншуюць і запрашаюць у школу. Вось і на нядаўна прайшоўшыя Дні пажылых людзей і Маці таксама віншавалі.
Інвалід дзяцінства Віктар Кляшняк даслаў ў рэдакцыю пісьмо з падзякай людзям, якія яму вельмі дапамагаюць. Так сталася, што пасля смерці бацькоў Віктар застаўся жыць у кватэры адзін. З-за сваёй хваробы ён не можа поўнасцю сябе абслугоўваць «Мне на дапамогу прыйшла сацыяльны работнік Святлана Іванаўна Карней, чулая, ласкавая, працавітая жанчына, – напісана ў лісце. – Без яе падтрымкі і дапамогі я не ўяўляю свайго жыцця. А яшчэ мне дапамагаюць віляйчанкі Вера Сяргееўна Петух і Валянціна Ануфрыеўна Гуль. Няхай Бог даруе гэтым людзям здароўе і поспех ва ўсіх іх справах».
Жыхар нашага горада Аляксандр Пятровіч Краўчонак даслаў ліст з падзякай медыцынскім работнікам стаматалагічнай паліклінікі. «Я здзівіўся, як ўмела тут наладжана работа, – напісаў мужчына. – Пачынаючы з рэгістратуры, дзе працуе ветлівая медсястра, якая сама правядзе нямоглага чалавека да ўрачэбнага кабінета. Вось і я з цяжкасцю хаджу з кіёчкам, дык да мяне на першы паверх прыйшла ўрач Кацярына Юр’еўна Зімніцкая, хутка і прафесіянальна запламбіравала мне зуб. З разуменнем і дабрынёй адносіцца да наведвальнікаў паліклінікі яе загадчык Юрый Эдуардавіч Харэвіч. Што тут скажаш, адпавядае чалавек сваёй пасадзе. Здароўя і поспехаў загадчыку і падначаленаму яму калектыву».
Немаладая віляйчанка, якая,на жаль, не назвалася, выказала цёплыя словы ў адрас касіра цырульні КБА Вольгі Святловай. Вельмі абаяльная, добразычлівая, уважлівая да людзей – так ахарактарызавала Вольгу Пятроўну чытачка газеты.
І на развітанне – крытычнае. Іосіф Баляслававіч Мароз, які жыве па вуліцы Гагарына, 27, ад імя многіх віляйчан нагадвае, што патрэбна добраўпарадкаваць тэрыторыю ля іх дома і дома №55 па вуліцы Л.Талстога.
– Год назад тут вяліся нейкія работы, асфальт узрылі ды так і кінулі, – расказаў Іосіф Баляслававіч. – Не прайсці, асабліва ў цёмны час. Недалёка і да бяды,пасля якой звычайна вельмі хутка знаходзяцца і сілы, і сродкі на навядзенне парадку.
Як адзначыў Іосіф Баляслававіч, жыхары ўжо звярталіся са сваёй праблемай у адпаведныя службы. Думаецца, пытанне хутка вырашыцца.
Ірына БУДЗЬКО







