Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

З вёскі Бубны нам паступіў калектыўны зварот

Першымі апалымі лісцікамі леглі на рэдакцыйны стол гэтыя пісьмы. Вашы, паважаныя сябры, звароты, у якіх – тое, што турбуе, радуе, непакоіць у штодзённым жыцці.
З вёскі Бубны нам паступіў калектыўны зварот. Вяскоўцы паведамілі, што ў іх закрылі аддзяленне сувязі. Цяпер ім намнога складней: ці ў Даўгінава на пошту дабірацца, ці ўвогуле ў Вілейку…
Каб высветліць, у чым прычына, я звярнулася да намесніка начальніка раённага вузла паштовай сувязі Ігара Скока. Вось што расказаў Ігар Канстанцінавіч:
– Сітуацыя на справе такая. У былога начальніка аддзялення сувязі закончыўся кантракт, і чалавек не пажадаў яго прадаўжаць. Зараз шукаем кандыдатуру на гэту пасаду. Так што нязручнасці, пра якія гавораць людзі, часовыя.
Пенсіянерка з Людвінова Фэля Браніславаўна Каўзовіч, якая жыве па вуліцы 1 Мая, звярнулася ў рэдакцыю з нараканнем на дрэнную асветленасць вуліцы. Яно і зразумела, на дварэ – восень, дні значна пакарацелі, вечары сталі цямнейшымі. А калі ўлічыць, што жывуць па вуліцы ў асноўным людзі немаладыя… Карацей, добра іх разумееш. Як, урэшце, і старшыня Касцяневіцкага сельскага Савета Наталія Шавялёва, якой я адрасавала зварот.
– Безумоўна, разбяруся ў гэтым пытанні, – зазначыла яна. – Хачу толькі сказаць, што работы ў нашых электрыкаў, якія абслугоўваюць, акрамя нашага, яшчэ Сцешыцкі, Куранецкі, Рабунскі сельсаветы, вельмі многа, таму адным махам усё не ахопіш. На слупе па гэтай вуліцы, хутчэй за ўсё, проста перагарэла лямпачка. Яе заменім – неабходная іх колькасць ужо заказана.
Жыхарка Шылавіч (на жаль, яна не пажадала назваць сваё імя) зайшла ў рэдакцыю асабіста, каб выказаць набалелае. Нараканні ў яе – на работу вілейскіх аўтобуснікаў. То яны, па словах жанчыны, парушаюць графікі руху, то элементарна ігнаруюць запатрабаванні пасажыраў… І нават канкрэтныя выпадкі, пацвярджаючыя гэта, жанчына расказала. Эмацыянальна так, пераканаўча. Прадставіцца ж не пажадала. Будзем змагацца з негатыўным ананімна?
А вось былая настаўніца Любоў Іванаўна Маркевіч звярнулася ў рэдакцыю з падзячнымі словамі вілейскім медработнікам.
– Ад усяго сэрца дзякую галоўнаму ўрачу раённай бальніцы Ігару Іванавічу Статкевічу за прафесіяналізм, павагу і ўвагу да хворых, уменне кіраваць падначаленым калектывам, – адзначыла Любоў Іванаўна. – Не магу не падзякаваць і загадчыку стаматалагічнай паліклінікі Юрыю Эдуардавічу Харэвічу за чулае сэрца, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Не лічачыся са сваім часам, ён выязджае да нехадзячых хворых нават на дом, стараецца аблегчыць іх становішча. Нам, хворым людзям, вельмі важна, калі на дапамогу прыходзяць такія разумныя, добрыя, неабыякавыя да чужога болю ўрачы. Нізкі ім паклон!
На гэтай падзячна-прыемнай ноце і хочацца закончыць. А жыццё працягваецца. Значыць, будуць у вас, паважаныя чытачы, падставы для зваротаў у рэдакцыю, якім мы заўсёды рады.
Ірына БУДЗЬКО

Visited 8 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 228 queries