Нагода для паездкі ў ААТ «Нарачанскія зоры» ў нас у гэты дзень была болей чым важная: менавіта тут вылучыўся першы ў раёне камбайнавы экіпаж, які намалаціў тысячу тон зерня. Прозвішчы лідараў у пастаянных чытачоў раёнкі на слыху – камбайнер Мікалай Гарэлік і яго памочнік Віктар Ганчарык. З віншаваннямі і цёплымі падзячнымі словамі да іх спяшаліся старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Сініла і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ігар Шавялёў.
Дагледжаныя палеткі гаспадаркі, сонейка ў бязвоблачным небе – гэта стварала добры настрой і ўсяляла яшчэ большую надзею на выдатны ўраджай, які Вілейшчына збярэ сёлета.
– Будзем віншаваць першы экіпаж тысячнікаў, а на пяткі яму ўжо наступаюць другія, – сказаў, кіруючыся на поле, дырэктар «Нарачанскіх зораў» Генадзь Кучко. – Камбайнеры бацька і сын Садоўскія са сваімі памочнікамі ўпэўнена падыходзяць да першага значнага рубяжу.
Лідараў застаём на ячменным полі ля Мечаёў.
– Некалькі хвілінак пачакаем, пакуль камбайн падыдзе, – прапанаваў Генадзь Кучко. – Не будзем спыняць пасярод поля, хлопцы даражаць кожнай пагодлівай хвілінай.
Яно і зразумела, дзякуй нябеснай канцылярыі, што спагадліва да нас аднеслася, не вельмі псавала настрой хлебаробаў зацяжнымі дажджамі.
Высокапрадукцыйная машына «Лексіён» плаўна пад’ехала да ўскрайку поля і спынілася. З кабіны спрытна спусціліся знаёмыя па газетных старонках Мікалай Гарэлік і Віктар Ганчарык. Годна, усведамляючы важнасць сваёй справы, падышлі яны да нас. Абветраныя ўсмешлівыя твары, а ў вачах – нецярплівыя агеньчыкі, маўляў, словы словамі, а справа чакае. А словы былі, здаецца, ад самога сэрца, шчырыя-шчырыя. Цёпла павіншаваў лідараў Яўген Сініла і падзякаваў ім за плённую працу. Да гэтых віншаванняў далучыліся Ігар Шавялёў, Генадзь Кучко… Падзячныя лісты, канверцікі з грашыма ад райвыканкама і прафсаюза, камплекты пасцельнай бялізны ад гаспадаркі – усё гэта хлебаробы, крыху хвалюючыся, прынялі з рук прыезджых і, шчыра падзякаваўшы,зноў падняліся ў кабіну, каб пакараць новыя працоўныя рубяжы.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара







