Стаўбцоўшчына прымала ўдзельнікаў абласнога свята Друку
У сузор’і майскіх свят адметнае месца займае Дзень друку. Гэта свята журналістаў, паліграфістаў, выдаўцоў – усіх, хто мае дачыненне да друкаванага слова. Яго папулярнасць, не зважаючы на маштабную распаўсюджанасць інтэрнэт-СМІ і насуперак самым змрочным прагнозам медыааналітыкаў, ніяк не падае. Наадварот, блукаючы ў інфармацыйнай прасторы, сучасны чытач шукае не толькі сам факт, але і яго аналітычны змест, яго цікавіць журналісцкая трактоўка той ці іншай з’явы нашага пярэстага свету. Сама мова газетнага радка вучыць культуры слова, вобразнасці мыслення, той мастацкасці, якой у той ці іншай меры павінен валодаць публіцыстычны твор.
Абласны Дзень друку, які 14 мая ў дзесяты раз наладзіла Міншчына, – гэта не толькі даніна традыцыі. Менавіта к гэтаму святу падводзяцца вынікі конкурсу рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Пераможцы ўшаноўваюцца адпаведна Ганаровымі граматамі і прэміямі абласнога выканаўчага камітэта, вядзецца шырокая размова аб ролі раённых газет на медыйнай прасторы, аб вартасці грамадскай і публіцыстычнай дзейнасці журналіста.
Стаўбцоўшчына – унікальная мясціна Міншчыны, што мела гонар прымаць удзельнікаў свята, сустрэла ласкавай майскай цеплынёй. Нават бухматыя хмары, што з раніцы грувасціліся на даляглядзе, растварыліся пад лёгкімі павевамі ветру. А паветра, настоенае на водары квітнеючых садоў, было мядова густым, важкім і салодкім.
Вуліцы Новага Свержня, пасёлка, дзе мелася адбыцца ўрачыстасць, апранутыя ў вясельныя строі вясны, разносілі гукі духавога аркестра, выстраенага на ганку мясцовага Палаца культуры. Стаўбцы прымалі ганаровых гасцей свята – старшыню абласнога выканаўчага камітэта Леаніда Крупца, яго першага намесніка Віктара Шчэцьку, начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення аблвыканкама Таццяну Дзедух, намесніка старшыні Саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь Рыгора Сакалоўскага.
Традыцыйны каравай, аздоблены філігранным узорам жытнёвых каласоў, засведчыў, што ў любой справе павінны быць свае творцы. Прывітанне ўсім ад гасціннай Стаўбцоўшчыны. Шматлікія выставы народных умельцаў пад адкрытым небам. І прадукцыя майстроў друкаванага слова – у фае Палаца, дзе выстаўлены самыя прэстыжныя ўзнагароды пераможцаў нацыянальных конкурсаў друкаваных СМІ – «Залатыя Літары». Адна з іх, дарэчы, належыць і нашаму «Шляху перамогі».
Марыя КУЗАЎКІНА,
фота аўтара
Працяг — у №36 на стар.2







