Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Як у Лыцавічах захоўваюць рамяство ткацтва

Мы ужо пісалі, што ў раёне рыхтуецца да выдання каталог “Традыцыйнае ткацтва Вілейшчыны”, які збярэ лепшыя ўзоры вілейскага тэкстылю аўтарства нашых бабуль і прабабуль. Каталог выдаецца ў рамках міжнароднага праекта “Сетка транспамежнай рамеснай спадчыны”, які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўразвяза у межах Праграммы транспамежнага супрацоўніцтва Польша-Беларусь-Украіна 2014-2020 гг.

Можна меркаваць, што каталог прадэманструе шмат посцілак, абрусаў, ручнікоў. Гэта, безумоўна, вельмі цікава – пабачыць папулярныя ўзоры, якія ўпрыгожвалі беларускую хату амаль стагоддзе таму, суправаджалі вілейскіх вяскоўцаў ад калыскі да труны. Але цікава і другое – ці ёсць яшчэ ткачыхі на Вілейшчыне, ці каталог стане мемарыяльным помнікам ткацтву – як віду дзейнасці ўтылітарнага і дэкаратыўнага характару? Ці спарахнеюць кросны на гарышчы старых хат без надзеі на другое жыццё, ці ёсць у іх яшчэ шанец быць запатрабаванымі?

У рэшце рэшт, міжнародны праект развіцця ткацтва як раз і скіраваны на аднаўленне цікавасці да гэтага рамяства, а праз гэта і на павышэнне турыстычнай прывабнасці рэгіёну.

Мы ж пайшлі па шляху пошуку носьбітаў ткацкага майстэрства, якія сёння, тут і зараз, могуць пазнаёміць любога жадаючага з тэхнікай ткацтва. Такіх жанчын у нас, бадай, адзінкі. Не, яшчэ ёсць людзі, даваенных гадоў нараджэння, якія ў маладосці шмат ткалі, аднак ужо мала хто з іх адважыцца здымаць кросны з гарышча, складаць іх, снаваць ніткі, запраўляць іх у ніты. А слабы зрок наўрад ці дазволіць ткаць складаныя для выканання ўзоры, які некалі выконваліся даволі хутка і спраўна. Людзі адыходзяць, а з імі і традыцыі…

І ўсё ж. Ёсць яшчэ ў вёсках энтузіасты старадаўніх рамёстваў!

Энтузіяст ткацтва

Нашлі-такі мы і майстрыху-ткачыху, што тчэ на кроснах. Вось майстрых, якія вырабляюць тканыя паясы, ведаю, і не адну. А тых, хто сакрэтам старых кроснаў авалодаў і карыстаецца, такіх адзінкі ў раёне, калі не адзінка! (Калі вы ведаеце яшчэ каго, дык падкажыце нам, калі ласка!)

Марына Пашкевіч, бібліятэкар Чурлёнскай сельскай інтэграванай бібліятэкі. А некалі была сацыяльным работнікам. Тады жанчына і пазнаемілася з Валянцінай Юльянаўнай Рогач, якая і дала першы і адзіны ўрок працы на кроснах. Няўрымслівая і зацікаўленная жанчына спрактыкаваным вокам чалавека, схільнага да творчасці, пабачыла і “запісала напамяць” той урок. А прыйшоў час – і дапоўніла крапатлівай самастойнай работай.

– Лёс мяне прывёў у Дом культуры, дзе я стала працаваць рэжысерам масавых свят. А пачынала я загадчыкам фермы ў Зольках, потым – заатэхнікам-селекцыянерам, а пасля дэкрэтнага выйшла на працу загадчыкам КБА. Тады навучылася добра шыць, атрымала трэці разрад краўца. Была і сацыяльным работнікам. Мая сельскагаспадарчая адукацыя яўна не падыходзіла, таму я паступіла вучыцца па новай спецыяльнасці. І вось аднойчы пад час навучання нас вадзілі на экскурсію, дзе я пабачыла ткачыху, якая працавала на кроснах. Паколькі я ўжо трохі разумела працэс, то ў адрозненні ад  каляжанак ужо не проста назірала, а, быццам, мастар-клас брала, – распавяла Марына Уладзіміраўна.

З імпэтам яна пачала збіраць этнаграфічныя прадметы з даўнейшага ўжытку сяльчан з Лыцавіч і акругі. Знайшліся і кросны.

– На іх я і пачала ткаць, а перад гэтым яшчэ вывучыла лічу лепшую кнігу па ткацтву, напісаную Марыяй Віннікавай. А яшчэ ездзіла ў Мінск падвучыцца запраўляць аснову ў ніты (механізм кроснаў для нацягнення асновы). Вось так сама і навучылася, – кажа Марына Пашкевіч.

Тчэ жанчына на двух нітах (або рэмізках), якія прыводзяцца ў рух двума панажамі (нажнымі педалямі). Вырабляе невялікія ручнікі, сурвэткі, палавічкі-рызоўкі, сумкі.

Пояс-«спавівік» для абвязвання немаўляці

– Посцілкі-перабіранкі ці рушнікі такія, я не ткала. Ды увогуле тэхнікай бранага ткацтва на васьмінітах, як гэта рабіла мая свякроў,я не валодаю. І свекрыві ўжо няма, каб запытаць. Хаця, канешне, каб узяцца за гэта, то мабыць, і атрымалася, – раздумвае ўслых мая суразмоўца.

Зараз жанчына ўжо колькі год працуе бібліятэкарам, а свайго захаплення традыцыйнай культурай не губляе, наадварот – пашырае кола дзейнасці і далучае моладзь.

“Кросны” і смак гісторыі

На базе бібліятэкі яна арганізавала краязнаўчы праект “Кросны”, які накіраваны на папулярызацыю народнай культуры і традыцый сродкамі этнапедагогікі. Тут створаны музейны куток, дзе знайшлі сваё месца ўтылітарныя прадметы сялянскага побыта. Многім з іх больш за сто год: верацёны, два розных матавілы, на якіх сукалі ніткі, столік з гнуткай лазы – рэдкі госць сялянскай хаты, прас, ільняная мялка, калаўрот, інш.

Посцілка-перабіранка ў цукеркі

Голоўны экспанат – кросны. Іх перадаў бібліятэцы Зянон Іванавіч Мароз. Але гэта не проста музейны артэфакт, гэта сродак далучэння да старадаўняга рамяства. Марына Уладзіміраўна сістэматычна ладзіць майстар-класы па ткацтву, а яшчэ дазваляе кожнаму зацікаўленнаму наведвальніку бібліятэкі паспрабаваць працу ткачыхі.

– Лічу, што бібліятэка не павінна замыкаць краязнаўчую працу на зборы матэрыялу. Таму мы ладзім вячоркі, арганізуем святы, запрашаем старажылаў. Кожны месяц штосьці праводзім, – распавядае бібліятэкар. – Тэматыку, канешне, задае святочны каляндар нашых продкаў: калядкі, вячоркі, масленіца, Вялікдзень, Купала, Яблычны Спас. А таксама этнаграфічныя ўрокі, экскурсіі, бяседы, кулінарныя і ткацкія майстар-класы. Я імкнуся пазнаёміць дзяўчат з майстэрствам і ўменнямі, якімі павінна была валодаць кожная наша бабуля і прабабуля. Нездарма ж раілі хлопцу, які выбірае нявесту: не глядзі, Ясю, ці ў пацерках шыя, сам глядзі, у людзей пытай, ці кашулю пашые. А каб кашулю пашыць трэба спрасці кудзелю, наснаваць ніткі, заправіць кросны, наткаць палатна, ды і не абы якога. Усё гэта ўмелі нашыя жанчыны.

Кужаль (тканае льняное палатно вышэйшага гатунку) Марына Уладзіміраўна не такала. Але ўласную вопратку з бялюткага палатна мае. З старадаўняга рушніка з купра сваёй свекрыві, упрыгожанага тканым арнаментам, яна сшыла сабе выдатную кашулю. А з натканага свекрывёй палатна – андарак.

– Гэта такая спадніца са складкамі. А тое, што з кліноў шыецца, тое раней называлася ўласна спадніцай, – удакладняе суразмоўца.

Мой позірк спыняецца на “зёлках” – у музейным кутку ім выдзелена асобнае месца. Аказваецца, штогод бібліятэкар разам з дзецьмі напярэдадні Купалля выходзіць на шасцікіламетровы шпацыр па наваколлю, каб набраць, а потым насушыць лекавых раслін. Звычайна падарожжа ператвараецца ў цікавую і пазнавальную дзею – пра вядомыя лекавыя расліны распавядае Марына Уладзіміраўна, пра невядомыя – гуглаўская “Аліса”. Высушаныя“зелкі” ніякі не экспанат, хаця некаторы час і ўпрыгожваюць памяшканне. Іх ужываюць па прызначэнні. Ні адны вячоркі, ці прыход гасцей не абыходзіцца без гарбаты, для якой кожны раз робіцца новы мікс з сухіх траў. У гісторыі смак мясцовых кветак…

Ірына ТРУБАЧ/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 149 queries