Спачатку было пісьмо. Яго прынёс у рэдакцыю ўраджэнец вёскі Баранцы Асіпавіцкага сельсавета, а зараз жыхар Барысава Віталь Карыцька. Вось вытрымкі з ліста:
«Могільнікаў на землях Асіпавіцкага сельсавета не вельмі многа, але адносіны мясцовай выканаўчай улады да іх утрымання чамусьці розныя. На першым плане ў старшыні сельсавета М.І. Гіля тыя месцы пахаванняў, якія размяшчаюцца ўздоўж асноўных дарог, па якіх, вядома ж, праязджае кіраўніцтва. Праблема па могільніку, размешчанаму ў Баранцах, цягнецца з 2006 года. Я вёў перапіску праз кнігу заяў і прапаноў і са старшынёй сельсавета, і са старшынёй райвыканкама. Мае патрабаванні: агарадзіць могільнік, а дзе можна – адрамантаваць агароджу; паставіць неабходную колькасць кантэйнераў для смецця; зрэзаць дрэвы, якія пагражаюць падзеннем на помнікі. У жніўні бягучага года на вышэйпералічаныя пытанні я атрымаў адказы і ад старшыні Асіпавіцкага сельсавета, і з райвыканкама. Мне паведамлялася, што ў 2012-2013 гадах выразання дрэў на могільніку не плануецца; кантэйнер для збору смецця ўстаноўлены, а яшчэ была парада застрахаваць помнікі, каб не хвалявацца, калі на іх упадзе дрэва».
Затым Віталь Іванавіч звярнуўся да тады яшчэ кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Вілейскай выбарчай акрузе №74 В.У. Русака з гэтай сваёй праблемай. І справа зрушылася з месца – сухое дрэва, якое пагражала ўпасці на помнікі родных Карыцькі, было зрэзана. Здавалася б, пытанні зняты. Аднак чытаем ліст далей. «1 кастрычніка я пабываў на могільніку і ўбачыў, што стаіць перапоўнены смеццем кантэйнер, а навокал ляжыць смецце на кантэйнеры тры…» У той жа дзень Віталь Іванавіч пабываў на Асіпавіцкіх могілках і быў уражаны парадкам і чысцінёй на іх: і дрэвы ўсе зрэзаны, і агароджа металічная і жалезабетонная… Карацей, намнога лепей тут, чым у Баранцах.
Каб разабрацца ў сітуацыі, я патэлефанавала да старшыні Асіпавіцкага сельсавета Мікалая Гіля.
– Так, – згадзіўся ён, – перапіска з Віталем Карыцькам і сапраўды ўжо шматгадовая. У мінулым годзе на могільніку ў Баранцах зрэзаны 22 аварыйныя дрэвы, астатнія, што засталіся, ніякай пагрозы не ўяўляюць. Гэта адзначылі спецыялісты. І дрэва тое, што расло ля магіл Карыцькі, таксама не было аварыйным. Аднак прыслухаліся да чалавека, зрэзалі… Што датычыць вывазу смецця, то аднаго кантэйнера для могільніка адной вёскі, лічу, дастаткова. Дапускаю, што пасля суботніка смецце магло не ўмясціцца ў кантэйнер, але ж перыядычна мы яго вывозім, наводзім парадак. Дарэчы, вяскоўцы самі праводзяць суботнікі, чысцяць, прыбіраюць. Віталя Іванавіча мы запрашалі не раз – не прыехаў. А вось сабраліся б усе мы разам, усё абмеркавалі б, дамовіліся, зрабілі. Так, як гэта робіцца ў іншых населеных пунктах. Ёсць жаданне паставіць добрую агароджу? Тады трэба сабраць на яе сродкі. А магчыма, пакуль што дастаткова будзе моцнай мужчынскай сілы, каб падладзіць старую агароджу, ды фарбы. Я не супраць гэтага і запрашаю падключыцца ўсіх, у тым ліку і Віталя Іванавіча.
Выслухаўшы адзін і другі бакі, я, як і належыць рабіць у журналісцкай практыцы, 10 кастрычніка выехала ў Баранцы. І вось яны, вясковыя могілкі, у лясочку непадалёк ад вёскі. Прызнаюся шчыра, запусцення і беспарадку не ўбачыла: магілачкі дагледжаны (і гэта – сведчанне светлай памяці местачкоўцаў пра сваіх продкаў); дрэвы, моцныя, здаровыя, ніяк не падаюцца аварыйнымі; агароджа з сеткі, пафарбаваная ў зялёны колер, вядома ж, не новая, там-сям правісла, але гэта, думаецца, не падстава для скаргі ў высокія інстанцыі, а напамінак, што трэба сынам і дочкам тых, хто знайшоў супакой на могільніку, прыкласці крыху намаганняў і падладзіць агароджу з дапамогай і пад кіраўніцтвам, вядома, мясцовай улады. А ёсць жаданне – талакой памяняць на новую агароджу. Галоўнае, думаецца, сабрацца разам, агаварыць усе пытанні з мясцовай уладай, даведацца, як і якімі сродкамі можа яна распарадзіцца. Тады, напэўна, адказы на пытанні «хто павінен?» і «за якія сродкі?» не трэба будзе шукаць далёка, усё стане зразумелым.
А вось наконт парадку ля кантэйнера, то ў дзень майго наведання могілак і сапраўды не ўсё было ідэальна – хтосьці скінуў смецце з сасновых іголак і шышак не ў кантэйнер, хоць ён быў нават не напоўнены, а побач з ім. І гэта пытанне не толькі да мясцовай улады, але і да нас з вамі, людзі…
“Неабыякавасць” – так я назвала свой матэрыял. Пахвальна, што ёсць яна ў аўтара пісьма Віталя Карыцькі. Упэўнена, што неабыякавая да праблемы і мясцовая ўлада. Застаецца галоўнае – сабрацца разам і пагаварыць. Шчыра, па-чалавечы. Упэўнена, што ўсе пытанні тады вырашацца.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара










