На ростанях вякоў, прапускаючы праз сябе гадзіны часу, галоўным для кожнага чалавека застаецца, безумоўна, родны кут, прытулак дзяцінства, блізкі да сэрца вір успамінаў, адзінае сховішча бездані памяці і незабыўных хваляванняў. Але мы, сучасныя людзі, так прывыклі абмяжоўваць паняцце «родны кут» словамі «бацькоўскі дом» і «мая Радзіма», што вельмі часта прапускаем нешта сярэдняе паміж імі, нешта менш відавочнае, але не менш важнае – гісторыю роднага паселішча, якая пачалася яшчэ за мноства стагоддзяў да нашага асабістага існавання. А гэта сапраўды вельмі цікавы занятак, бо пазнаўшы гісторыю роднай вёскі, мы пазнаем пра сябе намнога больш, чым з абагульненага матэрыялу падручнікаў па гісторыі, бо мы даведваемся пра больш блізкіх да нас людзей – кроўнай радні. Няўжо не цікава даведацца пра поспехі свайго прапрапрадзеда альбо прапрапрабабулі? Няўжо не цікава вынайсці падобныя рысы гэтых людзей і сваіх цяперашніх родзічаў? Няўжо не цікава зразумець, з якога ты «роду-племяні»? Я думаю, вельмі цікава. Вось таму і хачу расказаць гісторыю свайго невялічкага краю, дзе я правяла сваё дзяцінства, дзе жывуць альбо жылі столькі знаёмых мне людзей.
Сум вякоў беражэ мноства гісторый, шляхоў і імёнаў. Вось і ў летапіс гісторыі Вілейшчыны ў 1590 годзе была ўпісана яшчэ адна геаграфічная кропка – вёска Каловічы. Прайшоўшы доўгі і складаны шлях у 420 год, Каловічы сталі сучаснай вёскай. Але як жа ўсё пачыналася, як зарадзілася гэта невялічкая зямля, якія даты сыгралі значную ролю ў фарміраванні жыццёвага ўкладу гэтага месца? У старажытны летапіс Каловічаў упісаны шэраг значных дат, якія і вялі гэтыя мясціны па шляху развіцця і пашырэння земляў. Аднак усё пачалося з 1579 году, калі першай уладальніцай каловіцкіх земляў была Анастасія Мсціслаўская, якая ў 1590 годзе пачала засяляць там сваіх рэкрутаў. У гісторыі вёскі таксама былі перыяды, калі яна ўваходзіла ў Макараўскую губернію, была ва ўладанні Іосіфа Куранецкага. Аднак сярод першародаў Каловіч вылучаюць сям’ю Гулецкіх. Менавіта з іх і пачаўся наш род, менавіта гэта прозвішча з’яўляецца найбольш распаўсюджаным і ў цяперашні час.
Мы пагаворым аб трох братах, гэта – Гулецкія Аляксандр, Пётр і Барыс, звесткі пра іх лепш захаваліся. Неўрадлівасць і забалочанасць земляў прымусіла іх пакласці ўсе сілы на ўсталяванне сельскай гаспадаркі, і працавітасць і сіла волі дапамаглі дасягнуць адносна высокага ўзроўню жыцця. Гулецкі Аляксандр Антонавіч нарадзіўся ў 1920 годзе, ваяваў на Першым Беларускім фронце, быў ранены, узнагароджваўся медалямі «За боевые заслуги», «За освобождение Варшавы», «За победу над Германией». Ён дайшоў да Берліна, памёр у 2008 годзе ў Каловічах, дзе і быў пахаваны. Гулецкі Пётр Антонавіч нарадзіўся ў 1923 годзе, удзельнічаў у баях у саставе кулямётнай брыгады, узнагароджаны медалямі «За отвагу», «За освобождение Варшавы», «За взятие Берлина», памёр у 2002 годзе. Малодшы брат Барыс нарадзіўся ў 1925 годзе, ваяваў са снежня 1944 па май 1945 года, узнагароджаны мноствам медалёў, у тым ліку ордэнам «Красной Звезды», памёр у 2006 годзе. Іх дзеці, як і бацькі, былі прыладжаны ў асноўным да сельскай гаспадаркі, аднак з цягам часу род Гулецкіх даказаў, што і іншыя заняткі ім пад сілу.
Варта сказаць, што і мая прабабуля Зінаіда Васільеўна была з роду Гулецкіх, аб чым сведчыла яе дзявочае прозвішча. Яе бацька нават некаторы час з’яўляўся старастам вёскі. Таксама сярод першапасяленцаў былі такія прозвішчы як Капцюг, Новаш, Кляшняк, Субач, Смолік і іншыя, чые нашчадкі ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай. Сярод удзельнікаў вайны Фёдар Гулецкі, Міхаіл Новаш, Мікалай Дубовік, Іван Субач, Іван Дурэйка, Станіслаў Гулецкі, Мікалай Новаш. Усю вайну ад самага пачатку і да канца прайшоў Уладзімір Новаш, партызанамі былі Яўген Бурко, Пётр Дашко, Пётр Гулецкі, Міхаіл і Барыс Смолікі, Антон Капцюг.
З роду выходзяць хірургі, іканапісцы, інжынеры і журналісты. І кожны з нас, пазнаўшы гісторыю роднага краю, павінен ганарыцца тым, якую моц уклалі іх продкі ў фарміраванне цяперашняга месца. Мы павінны ганарыцца сваім родам і ёю – вялікай гісторыяй нашага маленькага краю.
Карына КАЗАКЕВІЧ







