Аматараў тэатральнага мастацтва 31 студзеня ў гарадскім Палацы культуры ў чарговы раз чакае сустрэча з цікавым творчым калектывам. Спектакль – камітрагедыю «Не такі, як усе» трупа Мінскага абласнога драматычнага тэатра падрыхтавала спецыяльна да юбілею свайго вядучага акцёра: сапраўднага майстра сцэны Барыса Доніна. Ён і будзе іграць у спектаклі галоўную ролю – Мужчыны.
Прыгожая, забяспечаная маладая жанчына шукае не прыгожага, не маладога і зусім не забяспечанага чалавека, каб зрабіць яго шчаслівым – такую аб’яву дае гераіня спектакля – паспяховая бізнэс-лэдзі. Робіць яна гэта згодна парады экстрасэнса, каб пазбавіцца дэпрэсіі. На аб’яву адгукаецца дзіўнаваты бібліятэкар. Сітуацыя развіваецца непрадказальна… Некалькі слоў пра акцёра – спектакль, у якім юбіляр іграе вядучую роль.
Акцёрская прафесія адметная і прыцягальная тым, што ты замест аднаго жыцця, як у звычайных людзей, пражываеш са сваімі героямі дзясяткі жыццяў. Вядучы майстар сцэны Мінскага абласнога драматычнага тэатра Барыс Донін ўвасобіў толькі на прафесійнай сцэне 30 галоўных і загалоўных роляў, а да таго былі ж яшчэ яскравыя ролі і ў народным тэатры г. Маладзечна пры ГДК.
У самым пачатку лютага Барыс Ільіч і ўсе прыхільнікі яго таленту будуць адзначаць адразу два юбілеі ўлюбёнца публікі: жыццёвы – 70-годдзе і творчы – 50-годдзе адданага служэння тэатральнаму мастацтву. Па тэатральнай традыцыі такія падзеі адзначаюцца бенефісамі і гучнымі прэм’ерамі. Менавіта да юбілея майстра сцэны і рыхтуецца прэм’ера камічнай трагедыі «Не такі…» па п’есе вядомага расійскага драматурга Аляксея Слапоўскага «Не такі, як усе». Ставіць бенефісны спектакль добра вядомы маладзечанскім аматарам тэатра рэжысёр Юрый Вута, які ажыццявіў на сцэне МАДТ ужо каля 20 пастановак, у большасці з якіх быў заняты і Б.І. Донін.
Дык пра што ж гісторыя, прыдумая драматургам, а затым увасобленая на сцэне акцёрамі? Не такі… А які? Якімі мы самі сябе ўяўляем? Вось і герой гэтай гісторыі, «мужчына не першай маладосці», лічыў, ўжо ён ведае пра сябе ўсё! Акурат таксама пра сябе думала і ўдачлівая «бізнэс-лэдзі», якая ў сілу невядомых абставін дае дзіўную для яе, на першы погляд, газетную аб’яву ў рубрыку знаёмстваў. Наш герой адчувае што гэта – «прынада для наіўных», але адгукаецца на гэтую аб’яву,самаўпэўнена палічыўшы, што добрая адукацыя і шырокі далягляд «вывязуць» яго з любой сітуацыі. А вось падзеі развіваюцца зусім не так, як ён планаваў…
Зрэшты, чаго гэта мы вам загадзя распавядаем? Прыходзьце – і самі ўбачыце! У гэтым жа спектаклі з юбілярам і шыкоўнае жаночае «трыа»: Ірына Камышава, Алена Рахмангулава, Таццяна Карпец. Такі «квартэт» абяцае незабыўную сцэнічную дзею.
Аляксандр ПЫЦЬКО,
кіраўнік літаратурнай часткі тэатра








