Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вілейскай раённай бібліятэцы – 70 год. Яна аднагодка Вілейскага раёна

15 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень БІБЛІЯТЭК. Для кожнага чалавека кніга мае вялікае значэнне. Хтосьці не ўяўляе без кнігі падарожжа (а сёння і электроннай кнігі), для многіх кніга спадарожнік жыцця, яна дапамагае ў вольную хвіліну адпачыць ад турбот, на працы – спазнаць новаўвядзенні. Для кожнага з нас – гэта адкрыцці і пэўныя эмоцыі. Нават, калі людзі былі непісьменнымі, яны заўжды імкнуліся занатаваць інфармацыю – спачатку праз памяць, перадаючы праз пакаленні, потым на гліняных таблічках, папірусе і нарэшце, зараз, праз электронныя носьбіты. Але кніга заўжды застаецца кнігай…

httpsovetsky-soldat-livejournal-com
Фото httpsovetsky-soldat.livejournal.com

Вілейскай раённай бібліятэцы – 70 год. Яна аднагодка Вілейскага раёна. Зараз гэта буйная сістэма – дзяржаўная ўстанова культуры «Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік», у якую ўваходзяць бібліятэкі горада і раёна – 21 бібліятэка, у тым ліку 17 у сельскай мясцовасці. А пачыналася ўсё ў 1946 годзе… Хаця ў гістарычных дакументах згадваюцца звесткі пра чытальню ў канцы 19 стагоддзя, якая месцілася ў грамадскім будынку ў гарадскім парку Вілейкі. Потым, калі існавала Вілейская вобласць была створана абласная бібліятэка. У адным з нумароў абласной газеты чытаем: «…У пачатку сваёй дзейнасці Вілейская абласная бібліятэка мела ўсяго 300 чытачоў. Бібліятэка тулілася ў 2-х пакоях і не мела чытальнай залы…». Але ў 1941 годзе пачалася Вялікая Айчына вайна і развіццё бібліятэчнай справы было прыпынена амаль на шэсць доўгіх год.

Даўгінаўскі клуб і бібліятэка

Сваю гісторыю Вілейская раённая бібліятэка пачала ў 1946 годзе ў вёсцы Куранец. Былая разведчыца партызанскай брыгады імя Даватара і заслужаны работнік культуры Ганна Сямёнаўна Андрэева стаяла ля вытокаў стварэння бібліятэкі.

Латыгальскі клуб і бібліятэка

З галоўнага друкаванага органа Вілейскага раёна «Сельскай газеты» (цяпер «Шлях перамогі») за 5 верасня 1948 года чытаем, што «…Куранецкая бібліятэка абслугоўвае 32 вёскі бліжэйшых сельскіх Саветаў. Яна мае 700 чытачоў. Акрамя гэтага яна арганізавала 20 перасоўных бібліятэк…».
Пазней, у 1963 годзе раённая бібліятэка пераехала ў Вілейку ў будынак па вуліцы Вадап’янава, дзе ў розныя гады знаходзіўся польскі клуб для афіцэраў і тэатр, затым Дом сацыялістычнай культуры, Дом школьніка і г.д. З 1981 года і па сённяшні час бібліятэка размяшчаецца па вуліцы Савецкай, 25 – у будынках, дзе раней былі габрэйскія корчмы і крамы, а ў савецкі час – гарадскі кінатэатр.

Загадчыца бібліятэкі Шалкоўская Л. І. разам за калегамі

Для пасляваеннага развіцця бібліятэчнай справы характэрна адкрыццё ў вёсках хат-чытальняў. Паступова ў раёне пачынаюць будавацца ці перадавацца будынкі пад бібліятэкі. Так, у снежні 1947 года, Ільянская раённая бібліятэка атрымала новае памяшканне на 5 тысяч экзэмпляраў, а ў 1948 годзе былі адкрыты бібліятэкі ў Кузьмічах, Забар’і, пас. Партызанскім, Касцяневічах, Рускім Сяле. У 1950-я гады прадоўжылася адкрыццё новых бібліятэк – у вв. Порса, Камары, Урэчча, Шалавічы, Людвінова.
Аднымі з першых бібліятэкараў раённай бібліятэкі былі: В. Кавалёва, А. Вострыкава. У 1950 годзе на Вілейшчыну прыехала працаваць Марыя Цімафееўна Селюкова (Місюль). Штат бібліятэкі ў 1950-60-я гады складаў 3 чалавекі.
У студзені 1956 года Вілейская раённая бібліятэка адзначала сваю 10-ю гадавіну. У газеце за гэты час паведамлялася, што Вілейская раённая бібліятэка пераўтваралася ў адну са значных бібліятэк вобласці, фонд яе налічваў 14 тысяч тамоў. Чытаючы перыёдыку 1940-50-х гадоў, можна прасачыць, якія праблемы і задачы вырашалі бібліятэкі ў гэты час – ідэалагічная, агітацыйная, адукацыйная і выхаваўчая. Вось ўрывак газетнага артыкула тых часоў: «…У раёне адзін сельскі Савет за другім уступаюць у веснавую сяўбу. Шырыцца спаборніцтва за дасягненне высокага ўраджаю. Для работнікаў клубаў і хат-чытальняў адкрываецца шырокае поле дзейнасці. Цяпер работа культпрасветустаноў не павінна абмяжоўвацца сценамі хат-чытальняў. Цяпер дзейнасць неабходна перанесці на прасторы палёў, брыгады, МТС, дзе рашаецца лёс бягучага ўраджаю…».
Ёсць на старонках газеты і пэўная крытыка: «…у нашай вёсцы хата-чытальня адкрываецца толькі па вечарах, у суботу і нядзелю, і толькі ў тым выпадку, калі прыдзе гарманіст…». А вось так выглядала матэрыяльная база бібліятэк тых часоў: «…Бібліятэка пры Пагосцкай хаце-чытальні налічвае каля 200 кніг. Бібліятэка папоўнілася яшчэ 85 экзэмплярамі сельска-гаспадарчай, мастацкай, грамадска-палітычнай літаратуры. Бібліятэка абслугоўвае 90 чытачоў (49 дарослых). Выпісвае бібліятэка 12 газет…».
З цягам часу бібліятэкі ўмацоўваліся, атрымлівалі больш грошай для свайго развіцця, укамплектоўваліся новымі кадрамі.
На пачатку 1978 года ў Вілейскім раёне налічвалася 435 населенных пунктаў. Жыхароў раёна абслугоўвала 80 бібліятэк. З іх раённая бібліятэка займала прыстасаванае памяшкнне з 2-х пакояў, кнігасховішча месцілася ў паддашку. Кніжны фонд на 1 студзеня 1976 года складаў 751 тысячу 892 экзэмпляры.
Ішоў час. У 1978 годзе ўсе масавыя бібліятэкі былі цэнтралізаваны з агульным фондам, адзіным штатам, адміністрацыйна-гаспадарчым кіраўніцтвам. Узначаліла сістэму загадчыца раённай бібліятэкі Шалкоўская Людміла Іванаўна. Яна прысвяціла бібліятэчнай справе амаль 40 год.
У канцы 1980-х гадоў пачаўся час скарачэння бібліятэк. Так за перыяд з 1987 па 1993 год было скарочана 16 бібліятэк: Лявонавіцкая, Баярская, Давыдкаўская, Стайкаўская, Рыгарская, Заазерская, Габіцкая, Паняціцкая, Латыгальская, Апенькаўская, Клаўсянская і інш. Зоны абслугоўвання былі перададзены суседнім бібліятэкам. Задачы, якія вырашалі бібліятэкі ў гэты момант, можна вызначыць з артыкула ў раённая газеце “Шлях перамогі” за 10 студзеня 1983 года: «… у мясцовую бібліятэку вясковец звяртаецца з рознымі пытаннямі – аднаму неабходна падрыхтавацца да заняткаў у сістэме партыйнай або камсамольскай вучобы, другому патрэбна падабраць літаратуру па пэўнай тэме, трэцяму – проста пачытаць цікавую кнігу. Сёння чэрвеньскі (1983 г.) Пленум ЦК КПСС звярнуў увагу на паляпшэнне ідэалагічнай работы сярод насельніцтва і падкрэсліў узрастаючую ролю сельскіх устаноў культуры ў выхаванні моладзі ў вёсцы…”.
У 1990-я гады бібліятэкі апынуліся ў складаных умовах, але пачалі вызначацца тым, што прыступілі да збору і вывучэнню свайго краязнаўчага матэрыялу, мэтанакіраванай прапаганды лепшых твораў беларускай літаратуры.
Зараз бібліятэка – гэта сучасна абсталяваная і тэхнічна насычаная сістэма. Усе бібліятэкі горада і раёна камп’ютэрызаваны і маюць выхад у internet, у іх абсталяваны аўтаматызаваныя працоўныя месцы для карыстальнікаў.
2016 год абвешчаны Годам культуры. Чытанне захоўвае статус высокай духоўнай дзейнасці, якая спрыяе развіццю, мысленню і творчасці чалавека. Традыцыйная роля бібліятэкі – адчыняць доступ да кніжнага фонду для ўсіх жыхароў горада і раёна. Сёння бібліятэкі знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку, яны ўдасканальваюць свае формы і метады працы. І кожны дзень бібліятэкі горада і раёна чакаюць сваіх чытачоў!
Падрыхтаваў Сяргей ГАНЧАР па матэрыялах villib.by

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 133 queries