Хрысціянскія святыні Вілейшчыны маюць даўнюю і багатую гісторыю. Пра адну з іх, 155-годдзе з часу закладкі якой мы адзначаем ў 2016 годдзе, хочацца распавесці. Але адразу так і не скажаш, што будзе правільна адзначацца – юбілей царквы ці касцёла. Чаму так? А таму, што гісторыя гэтага архітэктурнага помніка вельмі складаная і цікавая. Пачнём ўсё з пачатку.
Пачалі будаваць першы вілейскі касцёл, а пабудавалі царкву – цэнтр прыхода.
Да сярэдзіны 19 стагоддзя рымска-каталіцкага касцёла ў Вілейцы не было, адзіным хрысціянскім храмам у горадзе была ўніяцкая царква. Віляйчане-католікі маліліся толькі ў невялікай драўлянай капліцы, якая знаходзілася «ў старасцянскім палацы», г.зн. у рэзідэнцыі вілейскага старасты і адносілася яна да Куранецкай парафіі. Сама рэзідэнцыя старасты горада месцілася на высокім беразе Віліі, прыкладна там, дзе зараз знаходзіцца скейт-парк (былая танцпляцоўка). Гэта капліца згарэла падчас вялікага пажару 1810 года, якім была знішчана палова горада. Дарэчы, згарэў і «двор старасты» і гарадскі архіў, таму сёння мы не маем важных старажытных дакументаў, якія б маглі больш падрабязна распавесці нам пра гісторыю ўзнікнення горада, бо яны таксама загінулі ў пажары 1810 года.


Першая спроба пабудаваць каталіцкі храм у Вілейцы мела месца яшчэ ў пачатку ХIХ стагоддзя. Так, было абрана высокае і прыгожае месца, самая высокая кропка горада і сёння – так званая былая «Салдацкая слабада», зараз там знаходзіцца будынак анкалагічнага дыспансера. Але ідэя будаўніцтва не была здзейснена, бо на той час нашы землі былі ўцягнуты ў паўстанне 1830-1831 гадоў, якое актыўна падтрымалі і віляйчане, у тым ліку багатая шляхта, што была адданая рымска-каталіцкаму веравызнанню. У Вілейцы дзейнічалі паўстанцкія атрады і працаваў паўстанцкі камітэт. Пасля падаўлення паўстання пачаліся рэпрэсіі з боку царскай улады, канфіскацыя маёнткаў і зямель у шляхты. Менавіта гэта і скасавала ўсе планы па будаўніцтву першай каталіцкай святыні. А пазней, у 1846-м годзе, імператар Мікалай I зацвердзіў «Праект турэмнага замка ў павятовых гарадах на 100 арыштантаў». І на месцы, абраным для будаўніцтва касцёла, пабудавалі вялікі астрог, які дзейнічаў больш за сто год і ў былым будынку якога цяпер і знаходзіцца анкалагічны дыспансер. Вілейскім католікам жа, каб памаліцца, прыходзілася ездзіць у Касцяневічы або Куранец.

Толькі на пачатку 1860-х гадоў у Вілейцы пачалося будаўніцтва першага касцёла ў горадзе. Гэта адбылося тады, як ў 1861 годзе ксёндз Севярын Мікутовіч надаў мясцовай парафіі статус самастойнай, на той час яна налічвала 460 чалавек. Менавіта па ініцыятыве прыхаджан у 1862 годзе прадпрымаецца другая спроба будаўніцтва касцёла. Будаўніцтва каменнага храма, што рэзка вылучала яго на фоне драўлянай забудовы Вілейкі, пачалося на сродкі мясцовага шляхецтва і прыхода. Урачыстая закладка касцёла адбылася 14 верасня 1861 года – гэта і азначае 155 год пачатку будаўніцтва хрысціянскай святыні. Але справа была не скончана, а мела даволі рэзкі зварот…

Храм будавалі ў класічным стылі з двума 2-яруснымі чатырохграннымі вежамі. Аднак дзейнічаць першаму касцёлу ў Вілейцы так і не давялося – будаўнічыя работы яшчэ не былі скончаны, як, ізноў жа, з-за актыўнай падтрымкі мясцовай шляхты нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў, будаўніцтва касцёла было спынена і доўгі час заставалася не завершаным. Хаця, трэба адзначыць, будынак быў адбудаваны амаль да даху і заставалася толькі збудаваць дзве вежы і правесці ўнутранную аддзелку. Каля дзесяці год першы вялейскі касцёл стаяў недабудаванным.
Якраз у гэты час А. Рэдкін з Арлоўскай губерні ахвяруе вялікую суму на будаўніцтва ў адным з павятовых гарадоў Віленскай губерні праваслаўнага храма ў гонар царскіх воінаў, якія загінулі падчас паўстання. І гэтым горадам становіцца Вілейка. Царква, умяшчальнасцю 450 чалавек, вельмі хутка была пабудавана на ахвяраваныя грошы архітэктарам Полазавым. Асвячэнне новага храма адбылося 22 жніўня 1965 года. У новы вілейскі праваслаўны храм былі перанесены са старой драўлянай царквы Св. Мікалая, якая размяшчалася амаль побач, святыя мошчы.

Ішлі гады, а недабудаваны касцёл па-ранейшаму стаяў побач з новапабудаванай царквой. Спачатку, мясцовымі чыноўнікамі выказваліся прапановы прыстасаваць недабудаваны касцёл для размяшчэння ў ім дзяржаўных устаноў. Так, у лютым 1866 года інжэнер Полазаў (архітэктар Св.-Марыінскай царквы) па даручэнні старшыні Віленскай губерніі С.Ф. Панюціна склаў праект і каштарыс на перабудову касцёла для размяшчэння ў ім урадавых устаноў: у горадзе не было будынка «прысутных месцаў» (дзяржаўная ўстанова ў Расійскай імперыі, а таксама памяшканні, якія органы дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання выкарысталі для працы з грамадзянамі) і ўсе яны размяшчаліся ў прыватных дамах па найму. Каштарыс склаў 16934 рублі 3 капейкі, але такія грошы не былі знойдзены, і праект не ажыццявіўся. Яшчэ была ідэя размясціць у недабудаваным касцёле акруговы суд, але і яна не мела вынікаў.
Між тым, архітэктар Полазаў пабудаваў новую каменную царкву ў мястэчку Куранец. 3 кастрычніка 1870 года для асвячэння храма прыбыў епіскап Ковенскі Іосіф, які пасля Куранца адслужыў у царкве ў Вілейцы. На архіерэйскае служэнне ў Вілейку з навакольных вёсак сабралася так шмат людзей, што Свята-Марыінская царква не змагла змясціць і чацвёртай часткі тых, хто сабраўся. Тады Прэасвяшчэнны Іосіф звярнуў увагу мясцовага кіраўніцтва і генерал-губернатара на недабудаваны каменны касцёл і прапанаваў перарабіць яго ў праваслаўную царкву, тым самым зменшыць вельмі вялікі прыход Свята-Марыінскай царквы. І яны тут жа алоўкам склалі план перабудовы. Так і адбылося…
Пры перабудове будынка былі зменены аконныя праёмы, дэкор сцен, форма франтона, дах завяршыўся шатровымі вежамі з цыбульнымі галоўкамі, над цэнтрам храма з’явіўся 8-мігранны барабан пад такім жа шатром з галоўкай. 27 кастрычніка 1874 года ў памяць аб былой царкве на пл. Георгіеўскай (зараз пл. Свабоды) храм асвяцілі ў імя велікамучаніка Георгія Пераможца. Пасля перабудовы храм атрымаў рысы рэтраспектыўна-рускага стылю. Такім чынам, у канцы 1870 года вялейскі праваслаўны прыход меў тры храмы. Галоўным стаў Свята-Георгееўскі, прыпісным зрабілі Свята-Марыінскі, але з правам мець асобны прытч і прыпісной заставалася Свята-Мікалаеўская царква.
На фотаздымку 1917 года, пры ўезду ў горад з боку Маладзечна, мы бачым перспектуву (сучаснай плошчы Цэнтральнай) з трыма храмамі – Свята-Георгіеўскай царквой (на першым плане), Свята-Марыінскай царквой (якую бачна справа) і касцёлам Узвышэння Святога Крыжа (бачны яго шпіль) – менавіта такі выгляд мела цэнтральная частка горада да 1944 года.
Свята-Георгіеўская царква заставалася галоўнай амаль да канца вайны, калі яна была разбурана падчас баявых дзеянняў пры вызваленні горада ў 1944 годзе. У яе папалі некалькі снарадаў і яна поўнасцю выгарыла знутры і быў знічшаны агнём дах. Так яе востаў прастаяў да 1950-60-х гадоў, калі было прынята рашэнне не аднаўляць яе, а канчаткова разабраць і на яе месцы збудаваць універмаг.
Зараз на падмурках былога храма месцяцца універмаг «Меркурый» і «Беларусбанк» па вуліцы Вадап’янава. А католікі Вілейшчыны толькі ў 1906 годзе атрымалі магчымасць пабудаваць велічны касцёл, а да гэтага амаль 50 гадоў туліліся ў невялікай драўлянай капліцы, пабудаванай напрыканцы 19 стагоддзя (магчыма ў межах сучаснага парку). Цікава, што нават пазбавіўшыся парафіяльнай рымска-каталіцкай святыні, Вілейка працягвала заставацца цэнтрам дэканата. Тады, у другой палове 19 стагоддзя, у Вілейскі дэканат ўваходзілі: Будслаў і Крывічы (цяпер Мядзельскі р-н), Альковічы, Даўгінава, Касцяневічы (Вілейскі р-н), а таксама Лебедзева і Радашковічі (Маладзечанскі р-н).
Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва краязнаўчага музея


