«Партнёрства ў імя будучага» – пад такой назвай у нашай краіне праходзіць V Беларускі міжнародны медыяфорум. Пачаўся ён учора, а завершыцца 11 чэрвеня. Удзельнічаюць у форуме 17 краін свету, у тым ліку Вялікабрытанія, Латвія, Германія, Сірыя, Расія, Эстонія, і больш ста медыяперсон. Да традыцыйных агранізатараў мерапрыемства – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускага Саюза журналістаў – далучыліся на гэты раз Міжнародная канфедэрацыя журналісцкіх саюзаў, Міжнародная акадэмія тэлебачання і радыё.
Адной з галоўных падзей форума стане прыняцце «МІнскай ініцыятывы». Ідэя яе – аднаўленне інфармацыйнай прасторы паміж краінамі-удзельніцамі форума. Узаемапранікненне інфармацыі – шлях да ўзаемаразумення, да таго агульнага будучага, якое толькі на такой аснове і можа быць пабудавана.
Учора ў рамках форума пачала сваю работу летняя школа журналістыкі. У інстытуце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта праходзяць майстар-класы, семінары, трэнінгі, круглыя сталы па актуальных праблемах развіцця сродкаў масавай інфармацыі. Майстар-класы вядуць такія вядомыя на постсавецкай прасторы медыйныя персоны, як прэзідэнт Міжнароднай акадэміі тэлебачання і радыё Анатоль Лысенка, сакратар Саюза журналістаў Расіі, галоўны рэдактар часопіса «Медыярынак» Уладзімір Касюцін, вядучыя прадстаўнікі айчынных СМІ.
У рамках праекта «Сучасная Беларусь. Погляд збоку» групы журналістаў з розных краін наведаюць вядучыя беларускія прадпрыемствы, азнаёмяцца з нашымі культурнымі і гістарычнымі аб’ектамі, тым, чым па праву ганарыцца наша краіна.
Удзельнікаў міжнароднага медыяфорума сустракае сёння і наша Вілейшчына. Мяркуецца, што госці наведаюць музей I Сусветнай вайны ў вёсцы Заброддзе, азнаёмяцца з практыкай арганізацыі ў раёне сельскагаспадарчай вытворчасці на прыкладзе СВК «Нарачанскія зоры». Медыяперсоны з замежных дзяржаў будуць мець магчымасць пабыць на ўнікальным мемарыяле зніклых вёсак і такім чынам стварыць для сябе пэўнае ўяўленне аб нашым гасцінным, багатым на традыцыі і гісторыю, краі. Падрабязней пра візіт замежных журналістаў вы зможаце прачытаць у наступных нумарах нашай газеты.
Марыя КУЗАЎКІНА
Знаёмцеся, суседзі, з нашымі дзівосамі
Заўтра ў раёне пройдзе абласны савет дырэктараў метадычных службаў па тэме «Роля ўстаноў культуры клубнага тыпу ў развіцці сацыяльна-культурнай сферы Міншчыны». У праграме савета – абмен вопытам работы з гродзенскімі калегамі.
Вілейскі дом рамёстваў пазнаёміць гасцей з работай сваіх гурткоў, арганізаваўшы выставу дэкаратыўна-пррыкладного мастацтва. Адбудуцца сустрэчы з народным вакальным гуртам «Суквецце» гарадскога Палаца культуры і вакальным гуртам «Дзяўчаты» Людвіноўскага СДК. Удзельнікаў мерапрыемства чакае гульнёва-забаўляльная праграма «Аднойчы на вілейскім вадасховішчы» і знаёмства з гістарычнымі помнікамі Вілейшчыны.
У культурнай сферы раёна накоплены багаты метадычны вопыт. З ім, безумоўна, цікава будзе пазнаёміцца прадстаўнікам суседняй Гродзеншчыны.







