Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вилейка отпраздновала День Независимости

Харэаграфічная кампазіцыя прама на мурожнай траве ўрочышча Дубаўка – удалае рэжысёрскае рашэнне. Для такой маштабнай дзеі патрэбны быў належны размах, той прастор, які не скоўваў бы рухі выканаўцаў, а надзяляў іх неабмежаванай магчымасцю для самавыяўлення. Каларытныя касцюмы, блакітны вэлюм на дзявочых плячах, кветкавая кампазіцыя з дароў роднай зямлі…
Шэсце з харугвамі – сімвал хрысціянскай веры славянства, яго духоўнага фону, вернасці крыжу, які ахоўваў і ахоўвае родную зямлю ад жорсткасці чужынцаў і прышэльцаў з варожага свету. Вера дапамагла беларусам выстаяць і перамагчы разам з братнімі народамі ў самай крывавай бойні мінулага веку. Аб гэтым гаварылі, звяртаючыся да прысутных са сцэны пратаіерэй, благачынны вілейскіх прыходаў Сімяон Мацюх, і дзекан, ксёндз Аляксандр Барыла. Ва ўрачыстай частцы свята, прысвечанага Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 69-й гадавіне вызвалення Вілейкі прагучалі выступленні старшыні раённага выканаўчага камітэта Яўгена Сінілы, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктара Русака, старшыні раённага Савета ветэранаў Ганны Шэпелевай.
Захоўваючы традыцыі дружбы, прыбылі на свята ў Дубаўку прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў. Кіраўнікі дэлегацый выйшлі на сцэну, каб павіншаваць віляйчан са знамянальнымі, лёсавызначальнымі для іх датамі. Нас віталі Мажайск (Расія) і Пераяслаў-Хмяльніцкі (Украіна), Ліваны (Латвійская Рэспубліка) і Бліжын (Польша), Чымышлія (Малдова), Абшчына Град (Славенія), Азербайджанская дыяспара (г.Мінск). Прагучалі шчырыя прывітальныя словы і зычэнні. А фон свята, незабыўны, уражальны, стваралі спевакі, танцоры, музыкі, юныя спартсмены. Зноў парадавалі віляйчан выканаўчым майстэрствам узорны духавы аркестр дзіцячай школы мастацтваў, узорны ансамбль гітарыстаў «Адэліта», народны хор «Любанія», народны калектыў аўтарскай песні «Элегія».
Да ўрачыстасці былі датасаваны ўзнагароджанні. Ганаровыя граматы і падзякі старшыні райвыканкама атрымалі лепшыя працаўнікі гаспадарчай і сацыяльнай сферы Вілейшчыны. Па традыцыі, свята ў Дубаўцы дало старт чарговай экспедыцыі па шляху графа Тышкевіча. Вандроўку па Віліі благаславілі вілейскія святары.
Шумна-святочна адзначала Вілейка дзень свайго вызвалення. Працягам Дубаўкі сталі ўрачыстасці на цэнтральнай плошчы. Канцэрт з дасціпнымі, «гумарнымі» вядучымі, Гімн Беларусі, што натхнёна і велічна прагучаў ужо над начным горадам. А пасля быў святочны салют, які зарніцамі паўночнага ззяння ахапіў паўнеба. Салют нашай радасці, сканцэнтраванай у жывой энергетыцы агню.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара

Visited 11 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 230 queries