– Крыж – знак вартасці чалавека, яго годнасці… Няма Крыжа – чаго варта тады наша жыццё? – падчас ўрачыстай літургіі, што адбылася 10 сакавіка ў вілейскім касцёле, – не адзін вернік задумаўся над гэтым пытаннем. З вуснаў місіянера айца Дзмітрыя Занямонскага яно прагучала больш у рытарычным кантэксце.
І ўсё ж сапраўды зловіш сябе на думцы, што ўзносячы малітву Небу, мы ўглядаемся ў святое распяцце. Просячы літасці і Божай ласкі, чалавек дарослы, даверліва, як бязгрэшнае дзіця, аддае сябе ва ўладу таго, хто апякуе над ім, хто праз катаванні і абразы пранёс свой Крыж на Галгофу пакут. У сваёй нядоўгай місійнай навуцы айцец Дзмітрый падвёў сваіх слухачоў да высновы, над абгрунтаваннем якой разважала не адно пакаленне народжаных у Хрысце. Крыж – наш шлях да збаўлення. І кожны хрысціянін закліканы несці яго штодня ўслед за Панам Езусам, надаючы духоўны сэнс свайму цярпенню, сваёй болі і пакутам…
Тыдзень доўжыліся ў вілейскім касцёле парафіяльныя місіі. Па сведчанні ксяндза Аляксандра, пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа, гэта быў час нашага навяртання да Бога, змены жыцця і духоўнага ўзбагачэння, умацавання веры, вяртання да супольнасці касцёла.
На працягу тыдня ў касцёле адбываліся святыя Імшы з місійнымі настаўленнямі. Асобны дзень прысвячаўся малітве за памерлых, працягам якой стала працэсія на гарадскія могілкі.
Для Усявышняга – усе жывыя. Бо бяссмерце чалавечай душы выключае духоўную смерць асобы. На ўсведамленні ілюзорнасці матэрыяльнага грунтуюцца многія філасофскія канцэпцыі. Хрыстос, увасобіўшы сабой чалавека, прымусіў яго паверыць ва ўласнае бяссмерце, у вечнае жыццё за парогам небыцця, надаўшы тым самым сэнс нашаму зямному існаванню.
Не абыйдзеннымі засталіся падчас святых місій старыя і хворыя. Апошнія атрымалі сакрамэнт намашчэння. Благаславенне прыйшло ў сем’і. І ў тыя, дзе існуе спрыяльны клімат для сужэнскіх адносін, і, што вельмі важна, – праблемныя, якія аднак хочуць жыць пад покрывам Боскай ласкі.
Нядзеля 10 сакавіка стала днём завяршэння святых місій. Пасля заканчэння ўрачыстай літургіі парафіяне шчыра падзякавалі айцам-місіянерам Дзмітрыю Занямонскаму і Анджэю Юхневічу за духоўную працу падчас выканання ўзятага імі на сябе абавязку. А затым адбылося асвячэнне Місійнага Крыжа, устаноўленага ў двары касцёла. Ён – памяць аб падзеях высокай значнасці, датасаваных да 100-гадовага юбілею каталіцкага храма. Падобныя духоўныя місіі прайшлі ўпершыню за ўвесь час існавання касцёла.
І місійнаму Крыжу, асвечанаму ў прысутнасці шматлікіх вернікаў, наканавана стаяць у вяках. Сімвалам нашага навяртання да Бога, сведчаннем высокай духоўнасці носьбітаў хрысціянскіх традыцый насельнікаў вілейскага краю.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара і з сайта www.vilejka.catholic.by















