Шмат прафесійных свят пазначана календаром. Але адно з іх мы з поўным правам можам назваць усенародным. Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці належыць кожнаму, хто жыве на зямлі Беларусі. У мінулую пятніцу яго святкавала Вілейшчына. У глядзельнай зале гарадскога Палаца культуры сабраліся тыя, хто моцна прывязаны сваімі каранямі да жніўных палеткаў, да вёсак, у якіх нарадзіліся іх бацькі і дзяды і дзе з маленькіх зярнят ствараецца матэрыяльны і духоўны дабрабыт краіны.
Аб укладзе рупліўцаў вілейскай нівы ў вялікі хлеб нашай Радзімы, гаварыў, прыняўшы каравай з намалоту сёлетняга года, старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Сініла. Валавы збор збожжавых у раёне склаў 106 працэнтаў да мінулагодняга ўзроўню. А тысячны рубеж намалоту пераўзыйшлі 27 камбайнавых экіпажаў. Самыя высокія паказчыкі па ўраджайнасці збожжавых культур – у адкрытым акцыянерным таварыстве «Нарачанскія зоры», «Сцешыцы», сельскагаспадарчым філіяле камбікормавага завода.
Віншаванне ад кіраўніцтва райвыканкама ў галоўнае хлебаробскае свята – гэта традыцыя, якой ужо не адзін год прытрымліваюцца на Вілейшчыне. Як правіла, да яе далучаюцца прадстаўнікі заканадаўчай улады, дэпутацкага корпусу. Вось і сёлета са шчырымі словамі зычэнняў звярнулася да прысутных старшыня пастаяннай каміссіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцоваму самакіраванню,старшыня абласнога Савета дэпутатаў Святлана Герасімовіч. Яна зазначыла, што вынікамі сельскагаспадарчага году могуць ганарыцца і краіна, і сталічны рэгіён, і Вілейшчына ў тым ліку. Сваімі высокімі паказчыкамі мы вымушаем і сусветную супольнасць лічыцца з нашай маленькай краінай, – зазначыла Святлана Міхайлаўна. Яна ад імя абласнога выканаўчага камітэта ўручыла ганаровыя граматы лепшым працаўнікам вёскі. Свае віншаванні адрасавалі віляйчанам дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Русак і старшыня абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Андрэй Някрэвіч.
Адбылося маштабнае ўшанаванне пераможцаў раённага спаборніцтва ў розных відах сельскагаспадарчых работ: на веснавым севе, на нарыхтоўцы кармоў, на ўборцы ўраджаю збожжавых культур, адвозцы зерня ад камбайнаў. Не былі абыйдзены ўвагай і працаўнікі жывёлагадоўчай галіны – аператары машыннага даення кароў і адкорму жывёлы, спецыялісты жывёлагадоўлі, работнікі перапрацоўчай галіны. І вытворцы, і перапрацоўшчыкі сельгаспрадукцыі не выпадкова маюць адно прафесійнае свята. Перш, чым зерне стане хлебам, яно пройдзе праз чалавечыя рукі і толькі тады ўвасобіцца творчая задума стваральнікаў. Прадукцыя вілейскага хлебазавода, напрыклад, разнастайная па асартыменту, прыемная на смак і спажываюць яе не толькі віляйчане. Вілейскі хлеб па вартасці ацанілі жыхары Смаленскай вобласці. Гэты рэгіён Расійскай Федэрацыі з’яўляецца нашым гандлёвым партнёрам. Клапоціцца аб расшырэнні сваіх рынкаў у замежжы і вілейскі філіял Маладзечанскага малочнага камбіната.
Варта асобна сказаць аб тым антуражы, які стаў каларытным фонам урачыстасці. Яго стварылі шматлікія выставы, арганізаваныя самімі яе віноўнікамі, а таксама школьнымі калектывамі. Апошнія пастараліся, каб у святочных экспазіцыях пераважала вясковая тэматыка, а дапаможным матэрыялам служыла прадукцыя, вырашчаная на палетках Вілейшчыны. І задумы творцаў знайшлі дакладнае ўвасабленне ў маляўнічых кампазіцыях, прадстаўленых у фае Палаца культуры.
Гастранамічныя густы наведвальнікаў выставы разбудзілі засмажаныя парасяты ад «Нарачанскіх зораў» і хатнія прысмакі, вырабленыя па-сялянскіх рэцэптах, з прадукцыі вучэбнай гаспадаркі прафесійна-тэхнічнага каледжа. Вяндліна, каўбасы, сыры клінковыя – усё падавалася арыгінальна, эстэтычна, з такім неабходным у поварскім майстэрстве шыкам. Апетытныя стравы з уласнай прадукцыі прадставілі СГП камбікормавага завода і ААТ “Чурлёны”.
Шыкоўна глядзеліся і юныя ўдзельніцы дэфіле прычосак, зваяных цырульнікамі каледжа. За работай яго майстар-класаў усе назіралі з непрыкрытай захопленасцю. Адно, калі перад табою дзесьці за шырмай створаны цуд. І зусім іншае, калі гэта з’ява нараджаецца ў цябе на вачах. Як вытанчаны манікюр на далікатных дзявочых пальцах альбо арыгінальная гароднінная кампазіцыя – упрыгожанне да святочнага стала.
Прагучала радыёгазета, падрыхтаваная карэспандэнтам раёнкі Марынай Пуцэйка, з віншаваннямі, інтэрв’ю, шчырымі словамі, адрасаванымі тым, хто ў самы напружаны час думаў не пра лідарства, а пра лёс хлеба. Як і Аляксандр Клімёнак, уладальнік прыза рэдакцыі «ШП» – «За адданасць полю», што жытнёвым вянком і каштоўным падарункам быў таксама ўшанаваны на свяце. Увазе яго ўдзельнікаў быў прапанаваны сумесны праект рэдакцыі газеты «Шлях перамогі» і прафесійна-тэхнічнага каледжа – відэасюжэт «Доля общая и счастье общее». У цэнтры творчай ідэі стваральнікаў – повязь двух лёсаў: зямлі і чалавека, глыбокі духоўна-маральны сэнс гэтай еднасці.
Завяршальным акордам свята стала канцэртная праграма, большая частка якой разгортвалася на фоне вілейскага кірмашу. Знайшлося месца дасціпнаму жарту, далікатнаму, уласціваму нацыянальнаму характару беларусаў, гумару. Усяго было, як кажуць, умеру. А вось добрага настрою – з лішкам. Але ж ён і стварае свята. Тое, якое ўсе мы лічым сваім. Як зямлю, на якой мы нарадзіліся, як ласкавы і добры свет, створаны людской працай і любоўю.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Таццяны ШАРШНЁВАЙ.
Организаторы мероприятия благодарны спонсору – вилейскому хлебозаводу – за предоставленные сладкие призы победителям конкурсов.




















