Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В вилейском Доме культуры в рамках акции Наши дети» прошла благотворительная ёлка

Раённая дабрачынная ёлка ў рамках акцыі «Нашы дзеці» прайшла ў Доме культуры напярэдадні Новага года. Амаль пяцьсот дзяцей з усяго раёна – актывісты школьнага і пазашкольнага жыцця, пераможцы алімпіяд і спартыўных спаборніцтваў, дзеці-інваліды, сіроты, дзеці са шматдзетных, прыёмных і апякунскіх семей сталі гасцямі навагодняга свята.

Па традыцыі на ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады: старшыня райвыканкама Віктар Кот, намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па нацыянальнай бяспецы Віктар Русак. Святлана Дзяруга адзначыла, што ў раёне ганарацца лепшымі дасягненнямі школьнікаў і дзяржава пастаянна клапоціцца аб сваіх маленькіх грамадзянах. Нездарма на працягу апошніх некалькіх гадоў у краіне напярэдадні навагодніх і калядных святаў праводзіцца дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», у якой прымаюць удзел многія ведамствы, установы, арганізацыі і прадпрыемствы. На гэты раз добрымі “Дзедамі Марозамі” выступілі райвыканкам, ветстанцыя, мэблевая фабрыка, ААТ “Зеніт-БелАМА”, ЧП “Вітамін”, ЖКХ, “Памяць-В”, ДЭУ-63, філіял Маладзечанскага малочнага камбіната, раённы жансавет.

– Свята любяць і дзеці, і дарослыя, – сказала Святлана Міхайлаўна. – Тут сабраліся самыя лепшыя і таленавітыя. Спадзяюся, што сённяшняе мерапрыемства стане выдатным пачаткам зімовых канікул. Упэўнена, вы ўжо распланавалі, чым будзеце займацца. А спектакль, які вы зараз ўбачыце, думаю, створыць атмасферу сапраўднага свята!

Віктар Русак заклікаў дзяцей і даросых заўсёды верыць у цуды і не пераставаць марыць:

– Прайшоў 2015 год, за які вы сталі яшчэ больш дарослымі, больш разумнымі, а зараз з нецярпеннем чакаеце наступны, 2016, верыце ў цуд і гэта правільна. Чалавек павінен верыць у цуды, незалежна колькі яму гадоў. І тады тое, аб чым ён марыць, абавязкова збудзецца. І канечне, беражыце нашу краіну. Бо толькі ад вас, маладых, залежыць, якая яна будзе праз пяць-дзесяць год. А сёння, напярэдадні Новага года, хачу пажадаць усім вам здароўя, вясёлага святочнага настрою.

Затым удзельнікам дабрачыннай ёлкі быў прапанаваны навагодні мюзікл “Снежная каралева”, які падарылі дарослым і дзецям артысты Дома культуры. Мноства цікавых музычных партый, маляўнічыя касцюмы, выдатная гульня юных акцёраў, танцы, музыка. У зале вельмі хутка з’явіўся ні з чым не параўнальны святочны настрой: свяціліся ўсмешкі, не змаўкалі апладысменты. Свята працягнулася ў фае каля прыгажуні-ёлкі. Разам з Дзедам Марозам, Снягуркай і іншымі казачнымі персанажамі дзетвара вадзіла карагоды, прымала ўдзел у гульнях і конкурсах. А каб расказаць вершы Дзеду Марозу, і зусім выстраілася цэлая чарга з жадаючых. Завяршылася свята ўручэннем усім дзецям салодкіх падарункаў ад раённай улады.

Кацярына КАРПІК
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 212 queries