На Іжскім полі – бульбы даволі
Знайсці добрае поле пад бульбу ў сельгаскааператыве «Іжа» далёка не проста. Сярэдні бал зямель чуць не самы нізкі ў раёне. А гэта культура любіць добрую глебу. Акрамя таго капрызнічае, патрабуе вытанчанага дэсерту ў выглядзе збалансаванай па дозах запраўкі арганікай і мінеральнымі ўгнаеннямі.
– Важна не перавысіць дозы, – тлумачыць галоўны аграном СВК Уладзімір Дрозд. – Выявяцца нітраты – ураджай не пройдзе сертыфікацыю.
Бульбяны палетак кааператыва сёлета займае 50-гектарную плошчу. Найбольшы клін – каля вёскі Дварэц, абмяжоўваецца, з аднаго боку, прасёлкавай дарогай, з другога – сасновым борам. Цёмна-зялёнай падковай ён акаймоўвае бульбоўнік з апусцелымі барознамі, па якіх ужо снуе культыватар.
– Яшчэ дзень – і поле завершым, – прыкідвае Уладзімір Уладзіміравіч. – З сельскагаспадарчага ліцэя пад’язджае на падмогу група дзяўчат. У нас з гэтай навучальнай установай – даўнія сувязі. Моладзь – не лянуецца, адразу відаць, што невыпадкова выбралі сабе хлопцы і дзяўчаты сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.
Пакуль стаяць пагодныя дні, гаспадарка спяшаецца завяршыць увесь комплекс палявых работ. І на першым плане, вядома, – бульба. Сёння клубні запатрабаваны рынкам. Хоць і кошт іх немалы. Мінулыя выхадныя на кірмашы ў Вілейцы прадалі пяць тон бульбы. Па цане 1200 рублёў за кілаграм. Дарагавата? Попыт, безумоўна, уплывае на цану. Сёлета не ўсюды ўрадзіла бульба. Напэўна, трэба было валодаць немалой доляй прадбачлівасці. каб так удала, як у той жа Іжы, выбраць поле. Не вельмі ўрадзілі клубні і ў многіх асабістых падсобных гаспадарках: дзе сорт няўдалы, дзе дажджы залілі. Адным словам, кошт бульбы прадыктаваў рынак. Магчыма і таму СВК не мае недахопу ў добраахвотных памочніках. На іжскіх палетках сёння можна сустрэць і прадстаўнікоў цэнтра занятасці, і работнікаў завода «Зеніт».
– Нядаўна працаваў «Водаканал», – спяшыць добрым словам успомніць гараджан Уладзімір Дрозд. – Чысценька, старанна капалі. Ну, і працэнт адпаведны атрымалі. І супрацоўнікам вашай рэдакцыі ўдзячны. За дапамогу ў мінулую суботу. Аказваецца, вы не толькі пяром добра валодаеце.
Адначасова капальшчыкі вядуць і сартыроўку клубняў, затарваючы ў сеткі адборны матэрыял. Таму і атрымоўваюць паложаныя ім дзесяць працэнтаў ад агульнага збору ўраджаю: ад тоны сто кілаграмаў атрымоўваецца. Пры ўраджайнасці ў дзвесце цэнтнераў неблагі заробак.
Клубень сёння запатрабаваны. У перапрацоўшчыкаў пладова-агародніннай прадукцыі, у раённым спажывецкім таварыстве. Тэлефануюць адусюль, паколькі ў іжскай прадукцыі ўжо склалася адпаведная рэпутацыя. Кажуць жа, што добрымі чуткамі зямля поўніцца. Клубень чысты, буйны, з апетытным жаўтаватым адлівам. А таварны выгляд – гарантыя попыту.
– Бульба ў эканоміцы – не апошняя культура. Эфект яе адчувальны, – лічыць Уладзімір Дрозд. – Мы бачым, якімі шляхамі можна яшчэ павысіць аддачу бульбянога поля, паскорыць сам працэнт уборкі.
Кааператыў мае бульбаўборачны камбайн. Але прадукцыйнасць яго на засмечаным каменнем палетку невысокая. Гаспадарка набыла ўжо валкаўтваральнік і падборшчык камення. Нашай, айчыннай вытворчасці. Але тэхніка патрабуе ўдасканальвання, не вытрымліваюць нагрузкі гідрарухавікі. А значыць, у айчынных канструктараў яшчэ шырокі прастор для дзейнасці і вынаходніцкага пошуку. Бульба – гэта наш другі хлеб. Нездарма кіраўнік дзяржавы запатрабаваў вярнуць культуры яе страчаны аўтарытэт: аднавіць традыцыі, прыцягнуць вопыт лепшых бульбаводаў, скарыстаць напрацоўкі сортавыпрабавальных станцый і сельскагаспадарчай навукі.
…На доўгіх барознах, перасечаных плаўным узгоркам. завіхаюцца жаночыя постаці.
– Гэта ў нас прадстаўнікі «Зеніта» працуюць. – Бачыце, як стараюцца, – адабрае працоўны імпэт добраахвотных памочнікаў Уладзімір Дрозд. Падыходзім бліжэй. Знаёмімся. Кіраўнік групы Лілія Вайда таксама не хавае задаволенасці добрым ураджаем. Сваімі часовымі падначаленымі яна можа ганарыцца. Каця Хайрыева, расчырванелая ад узятага тэмпу, на стому аднак не скардзіцца. Не ўпершыню даводзіцца ёй у сезон шчыраваць на бульбяным палетку. Прывычная гэта справа і для слесара механазборачных работ Наталлі Шалкоўскай, і для маляра 113-ага цэха Валянціны Гейна… Жанчыны наперабой называюць імёны сябровак, сціпла імкнучыся застацца, што называецца, па-за кадрам.
…Раптоўнымі парывамі ветру, хмарамі, што неспадзеўкі засцяць пакуль што сонечны далягляд, імкнецца ўварвацца на іжскі палетак восень. І міжволі стрымлівае свой парыў, асцерагаючыся спыніць напружаны рабочы рытм вераснёўскага поля.
Марыя КУЗАЎКІНА, фота аўтара







