Я чакаю гэтага мерапрыемства з асаблівым хваляваннем. Не проста таму, што люблю музыку, а яшчэ і таму, што Левашкевіч – мой вучань.
З вялікім жаданнем пазнаць таямніцы прыгажосці музыкі ў такім далёкім ужо 1967 годзе з Куранца прыязджае хлопчык – Леанід Левашкевіч. Яго бацькі, маючы добры музычны густ, марылі, каб сын навучыўся іграць на баяне. Але ні бацькі, ні настаўнікі музычнай школы нават не ўяўлялі, якое месца ў жыцці хлапчука зойме музыка – што яна стане самавыражэннем, часткай яго жыцця. Пачатковыя веды, здабытыя ў школе, далі Леаніду магчымасць самастойна авалодаць фартэпіяна, гітарай, асновамі кампазіцыі. Сусветная музычная культура аказала велізарны ўплыў на фарміраванне музычнай мовы, стыля пачынаючага кампазітара. Паступова ў яго пачалі нараджацца свае мелодыі, што да пэўнага часу былі скарбніцай толькі сям’і Левашкевічаў. Але аднойчы жонка Леаніда, Людміла, настаяла, каб муж паказаў свае творы вопытным музыкам Ленінграда, дзе сям’я жыла і жыве зараз. А ў 2008 годзе адбылася і наша з Леанідам сустрэча – настаўніка і былога вучня. Каля пяці гадзін мы гутарылі і слухалі чароўную музыку, а развітваліся ўжо сябрамі, якіх пачутае яшчэ больш з’яднала. Тады і нарадзілася ў нас мэта пазнаёміць віляйчан з творчасцю іх таленавітага земляка. Дзякуючы творчым людзям Беларусі і Расіі мы ўжо слухалі музыку Левашкевіча і ў сталіцы нашай краіны, і ў Вілейскім Палацы культуры. Вельмі рады, што заўтра я зноў убачу і пачую свайго вучня – сапраўднага творцу. Валерый ШЧОГАЛЕЎ