Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Святочны калядны канцэрт “Анёлы заспявайце, зайграйце пастушкі!”

Вы чулі, як спяваюць анёлы? Той, хто ў шэрай будзённай калаверці не знайшоў часу для наведання вілейскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа, мог пачуць анельскі спеў падчас канцэрта вядомага яго хору. На гэты раз ён гучаў не пад сутарэннямі храма, а са сцэны гарадскога Палаца культуры. Датасаваны да калядных дзён, канцэрт хору «Angeli» стаў адметнаю з’явай у духоўным жыцці нашага горада.

Не эстрадныя шлягеры, не забаўляльныя сцэнічныя сюжэты сабралі віляйчан у глядзельнай зале. Людзі ішлі паслухаць малітоўную песню, тую, што гучыць у храме падчас святой імшы, што расчыняе чалавечую душу для ўспрыняцця ёю боскага пачатку.
«Анёлы, заспявайце, зайграйце, пастушкі», – адным з песенных радкоў пазначана была назва канцэрта. У хоры – прадстаўнікі трох пакаленняў. Яны – сведчанне пераемнасці веры, моцы духу, на якім яна грунтуецца і існуе. Два тысячагоддзі ідэі хрысціянства валодаюць у свеце. Не маючы пад сабой матэрыяльнай асновы, яны жывуць на старонках новага Запавету. Жывуць як філасофскія канцэпцыі паслядоўнікаў Ісуса Хрыста, яго ўдзячных вучняў, якія перадалі свету дакладны змест яго навукі.
«Уваходзьце цеснымі варотамі, таму што цесныя вароты і вузкі шлях, што вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх» (Евангелле ад Мацвея). Алегарычны сэнс біблейскіх матываў даступны тым, хто прагне пазнаць ісціну. Як той маленькі хлопчык з інсцэніроўкі, падрыхтаванай парафіяльнай моладдзю. Яўлены перад ім Анёл, – гэта выява аблічча дзіцячай душы, падрыхтаванай ужо і здольнай прыняць у сябе веру. Увогуле, кожны глядач па-свойму асэнсаваў для сябе прапанаваны юнымі артыстамі сюжэт. Шлях у Бэтлеем, да яселек з нованароджаным Хрыстом, у кожнага з нас – свой. У аднаго ён распачынаецца з прыняццем першай святой камуніі – усвядомленым адчуваннем фізічнай прысутнасці Хрыста ў гэтым свеце. Бог матэрыялізаваў яго ва ўлонні зямной жанчыны, каб цераз пакуты Галгофы, якімі прайшоў Збаўца, прынесці кожнаму з нас вечнасць. І атрымоўваецца, як і пазначана ў сюжэце інсцэніроўкі, – жыццё – гэта вечнае паломніцтва ў Бэтлеем. Наш духоўны шлях за зоркай, што загарэлася над дзіцячай пасцелькай нованароджанага Хрыста – гэта шлях да збаўлення, да ўсвядомленага асэнсавання сваёй ролі ў свеце. Калі яна не абмежавана дзвюма датамі, а мае бясконцы вектар руху ў прасторы, пазбаўленай фізічных адчуванняў і рэалій. Гэтым шляхам вядзе свайго маленькага героя Анёлак, ён нібы перакідвае мост сувязі над безданню часоў мінулых і часоў сённяшніх. І збываецца прароцтва: хто хоча пабачыць – убачыць. Перад вачыма дзіцяці паўстаюць вобразы святой сямейкі – загорнутага ў пялёнкі немаўля, беззаганнай Дзевы Марыі, апекуна маленькага Езуса… «Ён нарадзіўся, каб даць нам жыццё», – робіць выснову наш юны герой.
Усё ў гэтым канцэрце было гарманічна: спеў «Angeli», інсцэніроўка, праніклыя словы вядучых, вымаўленыя не столькі з акцёрскай, колькі з чалавечай шчырасцю. Пасля такой выдатнай рэжысёрскай работы хацелася ўнікнуць у свае адчуванні, асэнсаваць іх. І гэта дапамаглі зрабіць нешматслоўныя выступленні старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталлі Радзевіч і ксяндза Аляксандра Барылы. Павіншаваўшы ўсіх з Божым Нараджэннем, абое выказалі шчырую падзяку артыстам, вядучым, удзячным гледачам. Апошнія авацыямі праводзілі ўдзельнікаў сцэнічнай дзеі… А пасля наступіў вечар, ноч запаліла зоры напярэдадні ўрачыстасці Трох Каралёў. І ўвесь сусвет здрыгануўся ад штогодняй радасці прыходу Збаўцы, здольнага наталіць яго ўседаравальнай любоўю.
…Ён любіць нас і Ён нас чакае.

Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Фота Марыі КУЗАЎКІНАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 177 queries