Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У Людвінова была звераферма яшчэ пры Польшчы. У савецкі час у ёй налічвалася каля 60 тысяч ліс, норак і пясцоў, якіх кармілі кітовым мясам

Мінулы раз мы распавядалі пра вялікі спадчынны маёнтак Сэрвач і пра маёнтак Кастыкі славутага шляхецкага роду Козелаў-Паклеўскіх. Зараз надышоў час распавесці пра іх трэцяе буйное ўладанне на Вілейшчыне – спачатку фальварак, а затым маёнтак Людвінова. Як адзначалася ў мінулых артыкулах, маёнткі Кастыкі і Людвінова выдзяліліся з вялікага спадчыннага маёнтка Сэрвач, пры падзеле якога гаспадыня маёнтка Юлія Козел-Паклеўская вылучыла старэйшаму сыну Юзафу Вялікую Сэрвач са спадчынным сядзібным домам і броварам, Вінцэнту – толькі пабудаваны фальварак Людвінова з закладзенай у ім фермай серабрыстых ліс, а малодшаму Тадэвушу – Кастыкі, у якіх быў вадзяны млын.

Вінцэнт і Тадэвуш Козел-Паклеўскія пасля палявання. Фота пачатку ХХ ст

Да нашага часу дайшлі вельмі сціплыя гістарычныя звесткі пра фальварак Людвінова. Вядома, што ў 1794 годзе гэта была вёска ў Ашмянскім павеце, у складзе маёнтка Ілья Міхала Агінскага. На 1897 год тут узгадваецца старожка, што ўваходзіла ў Даўгінаўскую воласць Вілейскага павета, дзе пражывала 9 жыхароў. На пачатак 20 стагоддзя ў фальварку Людвінова налічвалася 3 дзесяціны зямлі. Наступныя дакументы сведчаць, што ў 1923 годзе – гэта фальварак Касцяневіцкай гміны Вілейскага павета. На 1938 год Людвінова ўзгадваецца, як маёнтак Вінцэнта Козела-Паклеўскага ў Вілейскім павеце Віленскага ваяводства, дзе мелася 2 двары і пражывала 14 чалавек. У гэты ж час многія дакументы ўзгадваюць пад агульнай назвай Сэрвач 3 паселішчы – Сэрвач Вялікая (маёнтак: 5 двароў, 62 жыхары), Сэрвач Малая (пад агульнай назвай: маёнтак – 2 двары, 21 жыхар і калонія – 10 двароў, 52 жыхары) і непасрэдна маёнтак Людвінова.

Схема размяшчэння сядзібнага дома ў Людвінова, выкананая А. Федаруком

Старажытны шляхецкі род гербу «Козел» у Вялікім княстве Літоўскім паходзіць з Прыдняпроўя. Родапачынальнікам лініі роду з’яўляецца пасол вялікага князя ў горадзе Вісліца (Польшча) у 1415 годзе па прозвішчу Казел. У 1504-м узгадваюцца Ян і Мікалай Казлы, ложнічыя караля і вялікага князя Аляксандра. Ад пачатку 17 стагоддзя род пачаў звацца Козел-Паклеўскія ці Паклеўскія-Казелы – ад назвы свайго маёнтка Паклева ў Ашмянскім павеце. У канцы 18 стагоддзя ўтварыліся дзве новыя галіны роду: літоўская з сядзібай у Антокалі (Вількамірскі павет Ковенскай губерні) і віцебская з сядзібай у Быкаўшчыне (Лепельскі павет).

Цікавая гісторыя Сэрвацай лініі, якую мы ўзгадвалі ў мінулых артыкулах. Пачынаючы гаворку пра ўладальніка маёнтка Людвінова Вінцэнта Козел-Паклеўскага, трэба адзначыць гісторыю яго бацькі Юзафа. Ён, як і іншыя сыны ўладальніка маёнтка Сэрвач Яна-Напалеона Козела-Паклеўскага, чацвёра братоў: Ян, Вінцэнт, Зянон і Генрых (Міхал) прынялі актыўны ўдзел у падзеях 1863 года. Пасля падаўлення паўстання Юзаф разам са сваім братам Зянонам трапілі ў палон і былі асуджаны на службу ў карным батальёне. Непасрэдна Зянон трапіў у Арэнбург, а Юзаф – у Омск. Цікава, што Козелы-Паклеўскія нейкім чынам пасля паўстання не страцілі свой маёнтак, хаця паўсюль у шляхты, якая падтрымала паўстанне, канфіскоўвалі ўсе землі і маёмасць. Сам Юзаф Козел-Паклеўскі (1845-1915) нарадзіўся ў маёнтку Вялікая Сэрвач Вілейскага павета. Пасля ссылкі ў Омск, дзякуючы сувязям сваяка Альфонса Фаміча Козела-Паклеўскага, быў накіраваны адбываць пакаранне на Таліцкі вінакурны завод, які належаў таму ж Альфонсу Козелу-Паклеўскаму. Ад 1890 года Юзаф быў ужо кіраўнік канторы Таліцкіх заводаў, упаўнаважаны па справах гандлёвага дома «Нашчадкі А.Ф. Козела-Паклеўскага», займаў шэраг пасад у Пермскай губерні. Ахвяраваў шмат грошай на мэты развіцця адукацыі і медыцыны Урала. Ён ажаніўся з Юліяй Паўлаўнай Козел-Паклеўскай, дачкой Паўла Козела-Паклеўскага, уладальніка маёнтка Дзекшне Вількамірскага павета, з якой меў трох сыноў: Тадэвуша, Вінцэнта і Юзафа. Памёр прамы ўладальнік сэрвацкага маёнтка 31 студзеня 1915 года ў Таліцы Камышлоўскага павета Пермскай губерні, дзе і пахаваны. Пасля смерці Юзафа, падчас Першай сусветнай вайны, яго сыны Юзаф мал., Вінцэнт і Тадэвуш разам з маці Юліяй вяртаюцца на спадчынныя землі свайго роду. Там, у Сэрвачы, іх маці дзеліць спадчыну мужа паміж сынамі. Агульная плошча зямель роду Козелаў-Паклеўскіх падчас Другой Рэчы Паспалітай складала 4850 гектараў, што ставіла іх на значнае месца сярод землеўласнікаў польскай дзяржавы.

Уладальнік маёнтка Людвінова Вінцэнт Козел-Паклеўскі нарадзіўся ў Таліцы Камышлоўскага павета Пермскай губерні ў 1889 годзе. Ён гадаваўся ў палацы свайго сваяка, таксама Вінцэнта Козела-Паклеўскага, і сына гаспадара таліцкіх заводаў Альфонса Козел-Паклеўскага. Як узгадваў ён сам, у таліцкім палацы яны з братамі аддаваліся тыповым забавам шляхецкай моладзі: ездзілі на конях, палявалі на вялікіх звяроў, а па вечарах танчылі ў танцавальных залах. Дарэчы, першынства ў танцах заўсёды было ў Вінцэнта – ён і ў пазнейшыя гады слыў як балагур і прыхільнік жанчын. Вінцэнт Козел-Паклеўскі скончыў дзяржаўную гімназію ў Екацерынбургу, пасля выпускных экзаменаў паступіў на сельскагаспадарча-лясны факультэт Львоўскага ўніверсітэта ў Дубаўлянах пад Львовам. Затым была служба ў войску, дзе Вінцэнт даслужыўся да Крыжа Св. Юрыя, а пасля Лютаўскай рэвалюцыі разам са сваімі братамі быў залічаны ў І польскі корпус, якім кіраваў генерал Доўбар-Мусніцкі.

Дом ветэрынара з аглядальнай вежай, 1936 год

Знакамітыя лісіныя фермы былі закладзены ім не толькі ў Людвінова, падобная мелася і ў самой Сэрвачы. Гэтаму, напэўна, паспрыяла адукацыя братоў, бо Юзаф і Вінцэнт разам скончылі сельскагаспадарча-лясны факультэт Львоўскага ўніверсітэта. Цікавы артыкул захаваўся ў польскай перыёдыцы – у газеце «Slowo» у нумары 201 за 1938 год, дзе якраз распавядаецца пра ферму лісаў у Людвінова. Вось што пісала газета: «Уладальнік фермы срэбных ліс Вінцэнт Козел-Паклеўскі, закладваючы зверагадоўлю, марыў, каб кожная кабета ў свеце мела ў сваім гардэробе футру з яго фермы. Сама ферма ў Людвінова паўстала амаль з нічаго – ва ўсякім разе з невялікага капіталу, але на 1930-я гады з’яўлялася адной з найбуйнейшых ферм такога кшталту. Футра з людвіноўскага маёнтка складала 50% усяго рынку футраў тагачаснай Польшчы. Толькі адна з нямецкіх звераферм перавышала па колькасці гадаваных ліс ферму ў Людвінова, але наша (беларуская – заўв. аўт.) перавышала якасцю вырабленага футра».

Развядзенне ліс на ферме Козел-Паклеўскіх у Людвінова. Фота 1938 г.

Пачалося ўсё з таго, што Вінцэнт Козел-Паклеўскі прывёз у Людвінова на развод паўсотні норак і чарнабурак. Пабудаваў на тэрыторыі свайго маёнтка ферму для развядзення дзікіх звяркоў і наняў нямецкага ветэрынара, які разам з вясковымі людзьмі даглядалі лісаў і норак. Неўзабаве на шырокай паляне сярод лесу ўсё было забудавана вальерамі, якіх налічвалася каля 300. Кожны вальер быў выраблены з дроту, меў падлогу і спецыяльныя хаткі-скрыні, дзе звяркі маглі схавацца ад сонца і дажджу. Кожны вальер быў пранумараваны, на бакавой сцяне вісела шыльда з нумарам і імем гадаванца. Захаваўся нават каштарыс на вальеры – кожны каштаваў для пана каля 100 злотых.

Вольнае ўтрыманне ліс у Людвінова. Фота 1938 г.

Каб поўнасцю ўбачыць памеры фермы, дзе гадаваліся лісы, трэба было падняцца на ўзровень птушынага палёту ці паглядзець з высокай назіральнай вежы. На зверакухні фермы працавала 8 работнікаў, што рыхтавалі ежу звяркам. Звычайна рыхтавалі «вінегрэт» з сечанага мяса і смажанага вантроб’я. Работнікі разносілі ежу на спецыяльных падносах і ў кожную клетку раскладвалі на спецыяльныя ацынкаваныя талеркі. Тэрыторыя пад вальеры займала каля 1 га, была акружана падвойным плотам-сеткай, укапаным на 60 сантыметраў у глыбіню, што прадухіляла ад пабегаў ліс.

Лісіц даглядае доктар Шмідт. Фота 1938 г.

Як адзначаецца ў газетным артыкуле пра людвіноўскую ферму, дзіўная рэч – гэтыя жывёліны, што нарадзіліся ў няволі, усё ж такі заставаліся дзікімі, бо калі заўважалі чалавека – за імгненне хаваліся, толькі і быў відаць пабліскваючы белы агарак футры. На 1938 год у Людвінова налічвалася каля 650 лісіц і ўжо была закладзена новая ферма на тэрыторыі сэрвацкага маёнтка братам Юзафам Козел-Паклеўскім на адлегласці каля кіламетра ад існуючай людвіноўскай фермы. Дарэчы, у артыкуле адзначаецца і тое, што гэтыя 650 лісіц маюць добры апетыт – яны з’ядаюць штодня тры каровы. Мяса ядуць сечанае, толькі маладыя лісы атрымліваюць мяса на костках – «дзеля здароўя». Разважае аўтар у артыкуле і пра тое, што сярод прафесійных заводчыкаў ліс даўно ідзе спрэчка, ці не лепш разводзіць звяркоў у «вольным утрыманні», калі лісы жывуць на вялікай плошчы, проста акружанай плотам. Аднак, адзначае аўтар артыкула і тое, што вальерная сістэма, якая выкарыстоўваецца ў Людвінова, паказала сябе значна лепшай за вольнае ўтрыманне. Лісы, што гадаваліся ў спецыяльных вальерах, па ўсіх параметрах перавышалі «вольных», што вырошчвалі, напрыклад, немцы. Гаворыцца ў артыкуле і пра спецыяльна запрошанага ўрача з Нямеччыны: «Лісы здаровыя, хоць здарацца час ад часу хірургічныя аперацыі – сшыванне ран ад укусаў, але захворванняў і эпідэмій няма. За здароўем ліс назірае доктар Шмідт. Пад яго наглядам пад Каляды штогод з лісіц здымаюць футра, прычым пазбаўляючы жыцця ліс вельмі гуманістычна – упрыскваннем хлараформу ў сэрца».

Зверасаўгас 1966 год

Такім чынам, знакамітую на ўвесь Савецкі Саюз звераферму ў Людвінова, якая на 1960-я гады была адзінай у рэспубліцы і другой па велічыні ў краіне, дзе вырошчвалі чарнабурак, норак і пясцоў у колькасці каля 60 тысяч, заклаў Вінцэнт Козел-Паклеўскі. Пасля таго, як у 1939 годзе мяжу Заходняй Беларусі, тагачаснай Польшчы, перайшла Чырвоная армія, звераферму ў Людвінова ўзначаліў будучы Герой Савецкага Саюза Іван Цімчук. Менавіта ён перад Вялікай Айчыннай вайной стаў першым дырэктарам створанага на базе былога маёнтка Козелаў-Паклеўскіх 1-га зверасаўгаса «Сэрвач», які ў 1945 годзе перайменавалі ў «1-ы Беларускі зверасаўгас». Дарэчы, Іван Мацвеевіч Цімчук, які стаў у першыя дні вайны камандзірам партызанскага атрада «Мсцівец», сакратаром Лагойскага падпольнага райкама партыі, меў супрацоўніцтва з Тадэвушам Козел-Паклеўскім, які ўзначальваў агентурную сетку на Вілейшчыне, і ён жа дапамог выратавацца жонцы Тадэвуша Магдалене з усімі дзецьмі, адправіўшы іх не ў Казахстан, а ў Вільню. Сам жа ўладальнік маёнтка Людвінова Вінцэнт Козел-Паклеўскі быў арыштаваны НКУС, трапіў у лагер польскіх ваеннапалонных у Казельску, а пасля быў расстраляны ў 1940 годзе ў Катыні. З трох братоў роду Козелаў-Паклеўскіх да старасці дажыў толькі старэйшы Юзаф, у якога было пяцёра дзяцей: Эльжбета, Ізабэла, Юлія, Тадэвуш і Міхал, якія жылі ў Польшчы. Акрамя сярэдняга загінуўшага брата Вінцэнта, быў растраляны немцамі ў 1942-м за ўдзел у Арміі Краёвай і малодшы з братоў Тадэвуш.

“ 1-ы Беларускі зверасаўгас”, 1966 г.

Адметна, што засталіся некаторыя ўспаміны тых, хто працаваў і ў пана на ферме, і пасля вайны ў зверасаўгасе. Дзмітрый Фёдаравіч Пястун, старэйшы зверавод саўгаса на 1960-я гады, брыгадзір, узгадваў, як служыў пры Паклеўскіх на ферме, як у 1939 годзе даглядалі ўсёй вёскай лісіц, пакуль у 1940-м годзе не прыехаў чырвоны камісар і не арганізаваў тут саўгас. Калі пачалася вайна, каб звяркі не дасталіся немцам, чырвонаармейцы адчынялі клеткі і выпускалі ліс на волю. Як гэтыя лісы, прывыклыя да людзей, прыходзілі падчас вайны і пасля да вяскоўцаў у двары. Нават цяпер, калі паляўнічыя заўважаюць рыжых лісіц з чорнай паласой ўздоўж спіны, ведаюць, што гэта нашчадкі таго людвіноўскага «ваеннага пакалення».

У 1945 годзе ў саўгас прыехаў першы заатэхнік Віктар Вішнеўскі, потым сюды завезлі новую партыю чарнабурак, а з 1947 года пачалі разводзіць і норак. Завозілі розныя віды і пароды звяркоў з усіх канцоў Савецкага Саюза, а таксама Канады, Нарвегіі. На 1966 год гаспадарка налічвала 18 тысяч норак, 650 лісіц і 500 пясцоў. Потым гэта лічба дасягала некалькі дзясяткаў тысяч звяркоў. Усіх гадаванцаў людвіноўскай зверафермы кармілі толькі натуральным мясам. З розных куткоў СССР прывозілі сюды корм: з сонечнай Адэсы – кітовае мяса, з Калінінграда і Мурманска – рыбу, ад студзёных паўночных мораў – маржоў і цюленяў.

На зверакухні ў Людвінова, 1960-я гады

За адзін толькі дзень выхаванцы зверафермы з’ядалі больш 18 тон мяса, бо, напрыклад, блакітнага кіта, які мог важыць прыкладна тон 120, звяркі маглі з’есці за тыдзень. Ужо не кажучы пра кароў, коней, якія былі самым лепшым рацыёнам. Быў пры зверасаўгасе нават звярынец, тут трымалі ў розныя гады і ваўкоў, і мядзведзя, іншых дзікіх жывёлін, і, нават, тыгра, якога таксама павінны былі скарміць звяркам, бо спісалі з цырка, але мясцовыя даглядчыкі яго выхадзілі. Цікава і тое, што частка вальераў у савецкі час выкарыстоўвалася яшчэ панскіх, як і некаторыя будынкі сядзібы Козел-Паклеўскага.

У звярынцу Людвіноўскага зверасаўгаса.

На вялікі, жаль ад былога маёнтка Людвінова мала што захавалася, толькі некалькі цагляных будынін, часткова парк і падмуркі былой сядзібы, на якой зараз пабудаваны двухпавярховы жылы дом. Можна лічыць, што сядзіба Вінцэнта Козела-Паклеўскага страчана. Але яшчэ добра бачны прыём афармлення тэрыторыі вакол сядзібнага дома з выкарыстаннем елкі звычайнай. Партэр перад сядзібай меў няправільную форму, дзе елкі па яго перыметры была высаджаны двума шчыльнымі радамі з адлегласцю 0,4 метры. Захаваўся фотаздымак фальварка Людвінова, які ў 1916 годзе наведаў архіепіскап Віленскі і Літоўскі Ціхан, будучы Патрыярх. Ён наведаў 277-ы пяхотны Пераяслаўскі полк, штаб якога размяшчаўся непасрэдна ў фальварку Людвінова.

Наведванне фальварка Людвінова архіепіскапам Віленскім і Літоўскім Ціханам, 1916 г.

Да нашага часу захавалася частка панскіх елак, якія дасягаюць зараз каля 13-15 метраў. Баскет за сядзібным домам быў таксама па перыметры абсаджаны елкамі і да яго прымыкала тэрыторыя сядзібнага парку. Арыгінальны кампазіцыйны прыём афармлення сядзібы Людвінова з’яўляецца адметным мясцовым варыянтам планіроўкі дробнасядзібных маёнткаў часу эклектыкі. Пасля 1939 года прадстаўнікі роду Козелаў-Паклеўскіх больш не наведвалі свой маёнтак, акрамя Тадэвуша, які падчас нямецкай акупацыі вяртаецца ў Кастыкі, але ўжо ў 1942 годзе яго расстралялі немцы ў Вілейскай турме за ўдзел у канспірацыі Арміі Краёвай. Яго сын, таксама Тадэвуш-Сцяпан, апошні з роду Козелаў-Паклеўскіх, што нарадзіўся на Вілейшчыне, прыязджаў сюды некалькі разоў у 1997 і 2015 гадах.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота з архіва Сусаны Паклеўскай, сям’і Лапіцкіх і Вілейскага краязнаўчага музея

 

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 67 queries