Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Цераспалосіца

Жыццё наша шматграннае і, так ужо складваецца, што да кожнага з нас у пэўны час яно паварочваецца рознымі гранямі: часам – нечаканымі і не вельмі радаснымі, іншы раз – аптымістычнымі, вясёлымі. Вось і ў зваротах да рэдакцыі, якія хочацца разгледзець сёння, – пра самае рознае.

Хочацца сказаць «дзякуй»
З пасёлка Партызанскі ў рэдакцыю пазваніла пенсіянерка Ірына Антонаўна Валчок. Жанчына расказала пра дапамогу, якую ім, сельскім пенсіянерам, аказала УП «Лукавец-агра», выдзеліўшы ў свой час камбайн для абмалоту прысядзібных збожжавых участачкаў.
– Прыехалі камбайнер Яўген Сіліцкі, памочнік Юрый Валовік, бухгалтар Ганна Захарэвіч, – расказала Ірына Антонаўна, – і так хутка ды якасна ўсё зрабілі! Не цураліся ніякай работы, стараліся не толькі сваю непасрэдную выконваць, але і за нас, нямоглых гаспадароў, папрацаваць. Шчыры дзякуй і ім, і кіраўніку гаспадаркі ад нас, жыхароў пасёлка.
З Даўгінава прыйшло пісьмо ад пенсіянера Аляксандра Адамавіча Пархоменкі, інваліда II групы, перасяленца з Хойніцкага раёна. «Хачу праз газету выказаць вялікую падзяку ляснічаму Даўгінаўскага лясніцтва Міцура Аляксею Фёдаравічу, – напісаў Аляксандр Адамавіч. – Я звярнуўся да яго наконт дроў, і ён выканаў маю просьбу за пяць дзён. Дзякуй Вам, Аляксей Фёдаравіч». Пенсіянер жадае таксама ляснічаму і яго блізкім здароўя і поспехаў.
«Хачу праз газету падзякаваць работніцы кінатэатра «Мір» Наталлі Саўчук, – напісала ў рэдакцыю Ала Яршова. – Мы згубілі кашалёк з буйной сумай грошай і мабільны тэлефон. Яшчэ не ведалі аб сваёй прапажы, а Наталля Саўчук патэлефанавала з майго тэлефона родным і паведаміла пра знаходку. Цяпер, вярнуўшыся з адпачынку, спяшаюся падзякаваць гэтай жанчыне. Толькі дзякуючы ёй, у нас быў добры адпачынак. Ёсць сярод нас людзі з чыстай душой і сумленнем…»
Што тут дадаць? Толькі адно: радасна і вельмі прыемна за тых людзей, чые прозвішчы названы вышэй.
Ёсць прапанова…
Жыхары вуліцы Прывакзальнай таксама звярнуліся ў рэдакцыю. Іх прапанова – зрабіць пешаходны пераход ад аўтавакзала да магазіна.
– Паклалі новы асфальт – добры, а каб яшчэ і пераход зрабілі – было б выдатна, – гаварыла жанчына. – А то тут пастаянна стаяць аўтобусы, з-за якіх дрэнна бачна праезная частка дарогі. Машыны носяцца, пешаходаў не прапускаюць…
Думаецца, у райаддзеле ўнутраных спраў прыслухаюцца да гэтай прапановы і прымуць адпаведнае рашэнне.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries