Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Цэнтр Еўропы – возера Шо

Аб тым, што геаграфічны цэнтр кантынента знаходзіцца менавіта ў іх краіне, сцвярджаюць жыхары Літвы, Польшчы, Украіны, Славакіі. Пытанне дагэтуль заставалася адкрытым таму, што для вылічэння выкарыстоўваліся розныя спосабы. У методыцы, прапанаванай беларусамі, ужыты найноўшыя навуковыя дасягненні, а ўсе вылічэнні зрабіў камп’ютар.

Сёння дакладна вядома, што цэнтр Еўропы – гэтае возера Шо, што ў Глубокскім раёне. Гэтая дзіўная навіна нядаўна стала вядомая ўсім, хоць вылічэнні, дзякуючы якім возера з таямнічай назвай, вызначанае як «пуп» бабулькі Еўропы, праведзены яшчэ 5 гадоў назад. Адкрыццём мы абавязаныя доктару геаграфічных навук Валеру Аношка, доктару тэхнічных навук Аляксею Саламонаву і супрацоўнікам аб’яднання «Белкосмагеадэзія» – галоўнаму інжынеру Мікалаю Бандарчуку і яго намесніку Барысу Фурману.
Зацікавіліся цэнтрам Еўропы і мы, настаўнікі і вучні Вілейскай гімназіі №1 «Логас», таму турысцка-спартыўны лагер «Вандроўнікі» арганізавалі іменна па так званым цэнтры Еўропы і не пашкадавалі. Дваццаць адзін вучань гімназіі і тры настаўнікі выправіліліся ў падарожжа. На цягніку даехалі да станцыі Зябкі, а там пешшу. Чатыры кіламетры да возера Доўгае – самага глыбокага возера ў Беларусі. Вада чыстая-чыстая, жывуць ракі і мноства рыбы. Вартае месца для адпачынку. Там мы затрымаліся на 2 дні.
Праз вёску Псуя перайшлі на возера Шо – самае вялікае возера ў Глубокскім раёне, якое і з’яўляецца цэнтрам Еўропы. Адкуль такая назва – Шо? Паходзіць яно, па меркаванні навукоўцаў-філолагаў, з угорскіх крыніц і перакладаецца даволі проста – вада. А на дне возера – сапраўдны старажытны некропаль. Незлічоная колькасць магільных камянёў і каменных крыжоў. Мясцовыя жыхары гавораць: «Паедзем на крыжы рыбу лавіць». А расказаў нам цікава пра ўсё былы старшыня Псуйскага сельскага савета Пётр Юруць.
– Па маім сельсавеце манеты знаходзяць самыя розныя: і галандскія, і ангельскія, і Вялікага княства Літоўскага, – спакойна так пералічвае Пётр Юруць. – Я сам і манеты знаходзіў, і наканечнікі дзід. Асабліва касцяны добры. Не губляю надзеі, што тут усё-такі будзе турыстычны цэнтр, тады я выстаўлю сваю калекцыю.
А археолагі – сваю. Бо ў гэтым азёрным баку мноства самых старажытных курганоў, шматлікія з якіх адносяцца да VII – Х стагоддзяў.
Далей шлях прывёў у заказнік «Галубоў сад», што на беразе возера Доўгага. Незвычайнае месца, як бы зачараванае. Якраз пайшоў дождж. Добра, што палаткі паспелі паставіць. Дождж, здаецца, прайшоў, на небе пасвятлела, і раптам хмары варочаюцца назад – і зноў навальніца, гром… І так некалькі разоў. Маланка так біла ў старыя дубы, што страшна рабілася. Толькі потым нам расказаў Пётр Юруць, што гэта месца зачарованае. Некалі тут было памесце пана. Было вельмі многа змей, вужоў. Вось пан і пазваў чараўніка, каб пазбавіць месца ад паўзучых гадаў. З таго часу тут змей няма, а вось прырода злуецца. Ужо пайшоўшы з заказніка, мы бачылі, што над тым месцам доўга яшчэ ішоў дождж і бліскала маланка.
Наступны прыпынак – возера Белае, а побач азёры Баброва і Крывое (ужо арандаванае і закрытае для наведвання). Яшчэ тры кіламетры – і рака Шоша каля вёскі Перавоз. Цікавае месца таксама. На беразе вялікі курган – добрае месца для размяшчэння лагера. Там і альтанка стаіць, і кастрышча наладжана. Паставілі лагер. Толькі потым даведаліся, што курган быў насыпаны іезуітамі, якія жылі ў Глубокім.
А далей возера Пліса. Асноўнае ж багацце возера – чыстая вада. Побач сасновы лес, дзіцячы аздараўляльны лагер «Изумрудный» і пляж. Выдатнае месца для адпачынку. Два дні мы гулялі ў пляжны валейбол, купаліся, хадзілі на мерапрыемствы ў лагер.
Наша падарожжа закончылася, але ўспаміны і добры настрой будуць суправаджаць нас яшчэ доўгі час. Здаровы адпачынак на прыродзе – гэта зарад сіл на цэлы год. І не трэба ехаць за мяжу. Дастаткова цікава і прыгожа ў нас, у Беларусі.
Алена МАЧЭЛЬ, кіраўнік падарожжа
Фота прадастаўлена аўтарам

Общее фото

Сфатаграфавацца ля “пупа”
Затрыманы прадстаўнік мясцовай фаўны

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries