Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Суботнік

Сімвал памяці – Алея Герояў

Пасадка Алеі Герояў на цэнтральнай плошчы – бадай, адно са знакавых мерапрыемстваў рэспубліканскага суботніка. Дрэва – гэта сімвал вечнасці жыцця. Па традыцыі, якая выплывае IMG_3643менавіта з народных крыніц, дрэва садзіў бацька, адзначаючы тым самым нараджэнне свайго дзіцяці. Рос малы і з ім разам узнімаў небу вецце гонкі дубок ці разлапісты клёнік. Але не толькі з нагоды радасных падзей цягнуцца да нябёсаў дрэўцы-сімвалы. Бывала, яны азначаюць памяць. У шуме сваёй лістоты нясуць успамін, нагадваючы пра тых, хто быў, хто адышоў у вечнасць, агорнуты светлым сумам і благаславёны на зорны шлях нашай любоўю. Памяці гэтых апошніх – Алея Герояў. Акцыя яе стварэння датасавана да 65-годдзя Вялікай Перамогі. У нашым горадзе пасаджаныя дрэўцы сімвалізуюць памяць пра герояў, лёс якіх нейкім чынам быў звязаны з Вілейшчынай.
Гераізм – гэта самаахвярнасць, гэта імгненны парыў, імгненны ўсплеск душэўных сіл ці подзвіг, расцягнуты ў часе. Аднолькава яркі бляск у Зоркі Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы. І адлюстраванае яе ззянне – на лёсе ўсіх, каму пашчасціла дакрануцца да святых імёнаў яе носьбітаў.
Восем маладых рабінак пускаюць карані ў вілейскай зямлі. Восем сімвалаў памяці. Урачыстае адкрыццё Алеі Герояў адбудзецца ў дзень святкавання 65-годдзя Перамогі.
Марыя КУЗАЎКІНА


Падрыхтавалі месца для хутара

Пакуль набірае моц плынь дыскусійных хваль вакол ідэі Вільяніна хутара, на самім аб’екце ўжо распачаліся работы. Менавіта ў дзень рэспубліканскага суботніка на бераг Лазневага возера прыйшлі супрацоўнікі ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне, з мэтаю навесці на гэтай невялічкай выспачцы элементарны парадак.
IMG_3655Дарэчы, змяніў крыху яе ландшафт так званы Сцяпанаў камень. Ён дастаўлены сюды ад адміністрацыйнага будынка раёна электрычных сетак. І, згодна думкі аўтараў ідэі, сімвалізуе памяць пра вядомага краязнаўцу Анатоля Рогача. З яго імем мяркуецца звязаць тыя змены на Лазневым возеры, якія могуць пакласці пачатак стварэнню тут культурна-турыстычнага комплекса.
– Вось гэты дуб, – паказвае Таццяна Цітуленка, адна з ініцыятараў праекта, у бок яшчэ аголенага, але ўжо набрынялага вясновымі сокамі дрэва, – будзе сімвалізаваць жыццёвую моц і стойкасць. Дакранешся да ствала – сіл набярэшся. Тут узнімецца брама, скрозь якую будуць праходзіць маладыя муж і жонка…
Да брамы, праўда, яшчэ далёка. І ўдзельнікі суботніка пакуль проста падбіраюць бытавы хлам, пакінуты так званымі адпачываючымі, зграбаюць смецце і мінулагоднюю лістоту. Справа ў любым выпадку карысная. Вось толькі зноў бы тут не брудзілі.
Марыя КУЗАЎКІНА


ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ

Халоднае надвор’е не стала перашкодай і працаўнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія дружна выйшлі на суботнік. Выконвалі работы па навядзенні парадку, да якіх людзям іх прафесіі не прывыкаць. А што надвор’е крыху падвяло, дык, як вядома, у прыроды яно не бывае дрэнным.
IMG_3658– Нармальнае надвор’е, – аптымістычна адзначыў галоўны інжынер ГУП «Вілейская ЖКГ» Валянцін Сусла. – Парадак наводзіць трэба. Прыбіраем пляж на вадасховішчы, даводзім да ладу набярэжную Віліі…
А намесніка дырэктара па будаўніцтву жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ніну Сялюн з падначаленымі мы сустрэлі на плошчы Свабоды, дзе яны фарбавалі помнік загінуўшым у гады вайны.
– А як жа, хутка Дзень Перамогі, трэба падрыхтавацца, – растлумачыла Ніна Анатольеўна. – Ды і ўвогуле ўжо час абнавіць фарбу на помніку, каб выглядаў ён заўсёды дастойна.
* * *
Праехаўшы гарадскімі вуліцамі (то там, то тут сустракалі віляйчан, якія чысцілі, падмяталі, фарбавалі), узялі курс на Дубаўку. Парывісты вецер ужо падганяў дажджавыя хмары, вось-вось, чакалася, пойдзе дождж, таму не думалі, што сустрэнем некага ў зоне адпачынку віляйчан. Дарэмна сумняваліся – між ствалоў дрэў мільгалі фігуры людзей. Пад’ехалі бліжэй і ўбачылі школьнікаў з настаўнікамі. Пазнаёміліся.
– Мы з першай гарадской школы, – прадставіла сваіх выхаванцаў настаўніца Святлана Ількевіч. – 4 IMG_3674«А» клас. Прыйшлі сюды з мэтай актыўна адпачыць. Але хлопчыкі і дзяўчынкі самі выказалі жаданне прывесці ў парадак хоць невялічкую тэрыторыю. Прыемней адпачываць, калі чыста.
Школьнікі з задавальненнем сфатаграфаваліся і заняліся сваёй справай. Думаецца, кожны з іх у гэты дзень не толькі добра адпачыў на прыродзе, але і ўсвядоміў галоўнае: чысціня – гэта прыгажосць. А яе вучні навучыліся ствараць сваімі рукамі.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries