Пра лекавыя ўласцівасці гэтых ягад са смешна-грубаватай назвай (у нас іх завуць дурніцамі) чула нямала. Памятаю, як шукала ў магазінах сок гэтых ягад, які раілі ўрачы ўжываць блізкаму чалавеку. Так тады і не знайшла яго на гандлёвых паліцах магазінаў.
– Сёлета ягады буйныя, смачныя, – пазванілі нашы чытачы з Бубнаў. – Збіралі іх, як і чарніцы, здавалі ў свае магазіны. І сабе карысць – нейкую капейку заробіш, і людзям – змогуць набыць у гандлі перапрацаваныя карысныя для здароўя ягады. Толькі вось бяда: з нядаўняга часу дурніцы чамусьці перасталі прымаць у магазінах. Можа, хто даў такое ўказанне?
Шукаючы адказ на пытанне чытачоў, патэлефанавала ў раённае спажывецкае таварыства. Мікалай Новік, з якім гутарыла, пагадзіўся, што названыя ягады і сапраўды вельмі карысныя. А наконт таго, каб іх не прымаць, распараджэння ніхто не даваў.
– Разбяромся з прадаўцамі і вырашым пытанне, – сказаў Мікалай Іванавіч.
Разумею, што з нарыхтоўкай гэтай далікатнай ягады ў гандлёвых работнікаў ёсць свае праблемы. Напэўна ж, трымаць дурніцы ў магазіне доўга не будзеш, машыну трэба часцей звычайнага адпраўляць у тыя ж няблізкія Бубны… Але ж у думках на другія шалі ўяўных вагаў кладу карысць, лекавыя ўласцівасці ягады – і гэтыя шалі пераважваюць…
Ірына БУДЗЬКО







