Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Скарб”-эліта асіпавіцкага поля

Восень ужо «пасерабрыла» жаўцізной кроны дрэў, састарыўшы іх яшчэ на адзін год, адправіла некаторых птушак ў вырай. Ды зважаць на гэта тым, хто працуе на зямлі, мала часу. Пакуль надараюцца пагодныя дні, трэба ўпраўляцца са штодзённымі восеньскімі клопатамі.

IMG_6261
Віталь Кульбацкі з “ Кіраўцам” – на “ ты”
IMG_6284
На “ Беларусе 3022” – механізатар Аляксандр Барановіч

Нездарма кажа народ, што ўвосень – работ восем. Не горш за іншых ведаюць пра гэта ў райаграсервісе. Узворваюцца плошчы пад зябліва, на чарзе ўборка бульбы, нарыхтоўка кукурузы на сілас, сяўба азімых і рапсу. Яго дырэктар, Аляксандр Бядрыцкі, пакуль задаволены сёлетнім ураджаем бульбы. Вось і зараз мы пад`язджаем да поля падсобнай гаспадаркі «Асіпавічы», на якім капаюць бульбу. Здалёк відаць, што бульба ўрадзіла, і яе жоўты россып на барознах вабіць вока. Аляксандр Яўгенавіч кажа, што сёлетні сорт «скарб” добра сябе зарэкамендаваў, таму будзе распаўсюджвацца на будучы год у падсобных гаспадарках «Дружба» і «Талуць».
Брыгада, што спрытна збірае і грузіць на дзве машыны ўраджай, зборная: ёсць тыя, што зарэгістраваны ў цэнтры занятасці, а таксама тыя, што на час уборкі бяруць адпачынак. З апошніх і Зоя Гіль. Яна – не толькі пастаянны работнік у гэтай гаспадарцы, але і бяззменны брыгадзір.
– Я ўжо прызвычаілася браць адпачынак у бальніцы, дзе працую, на восень, каб трохі зарабіць. Каля пяці гадоў езджу сюды. З начальствам ніколі канфліктаў не ўзнікае, заўжды прыходзім да паразумення. Тут нас не крыўдзяць. Стараемся добра працаваць – і нам у адказ ідуць насустрач у розных сітуацыях. Мы вельмі ўдзячныя за гэта.
Зоя Дзмітрыеўна просіць прабачэння – работа любіць дбайных – і спяшаецца зноў у поле.
Аляксандр Яўгенавіч расказвае, што калі скончаць гэта поле, уборка бульбы пачнецца ў падсобных гаспадарках»Дружба» і «Талуць». Таксама ён адзначае, што кукуруза на сілас у Асіпавічах ужо нарыхтавана, на зерне пакінулі 30 гектараў. Ідзе сяўба азімых.
Далей – падсобная гаспадарка «Дружба». Едучы сюды, любуемся кукурузным полем: стройныя шэрагі каралевы палёў, дзе кожная расліна – вышэй за чалавечы рост. Тут, па словах кіраўніка гаспадаркі Аляксандра Альфера, на зерне пакінулі 40 гектараў гэтай культуры. А на іншых плошчах зараз ідзе яе нарыхтоўка на сілас. Сёлета кукурузы пасаджана на 60 гектараў болей у параўнанні з мінулым годам.
– Спачатку Кавалі працавалі на ўборцы асіпавіцкай кукурузы, цяпер Асіпавічы дапамагаюць на ўборцы ў Кавалях, – расказвае Аляксандр Леанідавіч. Рацыя ў такой арганізацыі працы – гаспадарчая: талакой працаваць спраўней і эфектыўней, чым па адным. Гаспадарчы падыход да зямлі і ў тым, што падчас нашай паездкі ўсе плошчы так званых няўдобіцаў былі заараныя.
Кукурузнае поле. Як пад лінейку ідуць “КЗР”-ы. На першым – механізатар Уладзімір Валынец, на другім – Аляксандр Снядкоў. Пакуль “КЗР”-ы рэжуць кукурузную масу, «МАЗы» і «Уралы» па чарзе адвозяць яе да сіласнай ямы – тэхніка працуе без прастояў, і люба-дорага бачыць такую зладжанасць у такой важнай на сённяшні дзень працы. Усяго на ўборцы гэтага поля занята сем адзінак тэхнікі. У гэтым годзе ўраджайнасць кукурузы склала 330 цэнтнераў з гектара.
Аляксандр Альфер расказвае, што ў «Дружбе» зараз ідзе сяўба азімых, трыцікале, рапсу. Усяго ж у райаграсервісе пад рапс адведзена 300 гектараў.
– Да дваццатага плануем пасеяць усё, – запэўнівае Аляксандр Альфер.
Пад`язджаем да сіласнай ямы. На трактары «Кіравец К-701» – Віталь Кульбацкі. Ён упраўна спраўляецца з тэхнікай, ды і ў кіраўніка Аляксандра Альфера заўваг да яго работы няма. З зайздросным спрытам трактар прадаўжае прэсаваць сіласную масу, а мы трымаем шлях далей.
Звяртаем увагу на акуратнае поле каля Вайдзеняў, засеянае рапсам. Ды роўную яго паверхню ў розных месцах разрываюць «сцяжынкі» дзікоў, што ўсім сваім сямействам, нібы ў сталоўку, рэгулярна ходзяць ласавацца салодкімі пачаткамі кукурузы. Пра гэта сведчаць характэрныя прагаліны ўжо на кукурузным полі. Як заўважае Аляксандр Бядрыцкі, такія пашкоджанні адчувальныя для гаспадаркі.
Па дарозе сустрэлі трактар «Беларус 3220» – адзін з тых шасці, што ўваходзяць у склад механізаванай брыгады райаграсервісу. Тэхніка аснашчана прычэпнымі агрэгатамі для сяўбы, унясення ўгнаенняў, для апрацоўкі пасяўных плошчаў супраць пустазелля. Распачала працу брыгада са жніўня. У ёй – пераважна моладзь, стараюцца.У той дзень, калі адбылася наша паездка, уся гэтая тэхніка была размеркавана па розных палях райаграсервісу.
Адметны этап работ – уборка ільну, што ідзе ў Талуці. Спецыяльная тэхніка спачатку падымае лён, а следам ідзе агрэгат, які яго прэсуе. Далейшы шлях ільну – прыёмныя пункты, ільнокамбінаты.
Пара восеньскай уборкі – не меней гарачая, чым улетку. Каб паспець выканаць увесь аб`ём работ, трэба лавіць тыя пагодныя дні, што яшчэ дорыць нам восень. Так лічаць усе, ад каго залежыць сёлетні ўраджай і парадак на зямлі.
Таццяна ШАРШНЁВА,
фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries