Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Шкоднікі на дачным участку

Як спарадкаваць голле?
Не сакрэт, што камунальная тэма – самая папулярная ў зваротах нашых чытачоў і самая супярэчлівая. Чарговы ліст, дасланы Іванам Міхайлавічам Несцеруком, таксама пра надзённае – вываз смецця. Наводзячы пасля зімы на прысядзібным участку парадак, ён зрэзаў ссохлыя дрэвы. Як і летась, вынес іх рэшткі за плот і пакінуў на вуліцы. Раніцай наступнага дня голле забралі супрацоўнікі камунальнай службы – так было ў мінулым годзе. А сёлета Іван Міхайлавіч патэлефанаваў у дыспетчарскую ЖКГ і спытаў, якім чынам можна вывезці голле. Атрымаў адказ, што за паслугу спачатку трэба заплаціць, а потым перад хатай паставяць прычэп, на які можна будзе пагрузіць голле… «Чаму адзін раз вываз смецця ажыццяўляецца адным чынам, а ў другі раз – іначай?» – пытаецца Іван Міхайлавіч.
Як патлумачыла Марына Андрыеўская, намеснік дырэктара Вілейскай ЖКГ, паміж Іванам Міхайлавічам і Вілейскай ЖКГ у 2009 годзе заключана пагадненне на аказанне паслуг па вывазе цвёрдых бытавых адыходаў (як, дарэчы, з усімі карыстальнікамі паслуг ЖКГ). У ім сказана наступнае: аб’ём адыходаў (бытавога смецця), што адвозіцца ад жыхара, складае 0,037 кубічных метра з чалавека ў тыдзень (4 вядры). Што датычыць не бытавога, буйнагабарытнага смецця (пункт 2.1.3 пагаднення), яго вываз ажыццяўляецца па разавай заяўцы домаўласніка і за дадатковую плату. Таксама забараняецца выкідваць разам з бытавым будаўнічае смецце, смецце з прысядзібных участкаў, перамешанае з зямлёю, і, у тым ліку, буйнагабарытныя адыходы памерам больш за 30 сантыметраў. Галіны ад абрэзкі дрэў і кусты належыць здрабняць да памераў 20-30 сантыметраў і звязваць у вязанкі.
Марына Браніславаўна раіць усім, у каго ўзнікаюць адпаведныя пытанні, яшчэ раз перачытаць тэкст пагаднення.
Шкоднікі  на дачным участку
Наша чытачка, Клаўдзія Іванаўна Дубовік, паскардзілася: у адсутнасць гаспадыні невядомыя зайшлі на яе дачны ўчастак у вёсцы Багданава і «пагаспадарылі». Арэлі і ўсё тое, што стварае камфорт жыцця, было паламана. Падлеткаў, якія зайшлі на чужую тэрыторыю з благім намерам, аператыўна «вылічыў» участковы Віталь Бернардавіч Барткевіч, да якога звярнулася Клаўдзія Іванаўна. Яму наша чытачка вельмі ўдзячна.
За чысціню і парадак – дзякуй
Галіна Пахальская зайшла ў рэдакцыю, каб адрасаваць словы падзякі супрацоўнікам Вілейскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Віктару Іосіфавічу Паўлоўскаму, дырэктару. Бо чысціня, парадак і добраўпарадкаванне горада – тое, над чым яны працуюць штодня. І гэта карпатлівая праца не застаецца па-за ўвагай пільных віляйчан. Таму і кажуць дзякуй – за абслугоўванне жыллёвага фонду, за арганізацыю жыллёва-камунальных службаў, за актыўны ўдзел работнікаў прадпрыемства ў гарадскіх і рэспубліканскіх суботніках па добраўпарадкаванні. А яшчэ – жадаюць арганізацыі далейшага росквіту.
Калі станцыя выпрацавала  рэсурс
Валянціна Казіміраўна Мацвеева, якая жыве ў Воўкаўшчыне, пыталася: у сувязі з чым у гэтым мікрараёне Вілейкі праводзіцца замена тэлефоннай станцыі?
Уладзімір Мароз, начальнік Вілейскага раённага вузла электрасувязі РУП «Белтэлекам», на наш зварот даў такі каментарый:
– У мікрараёне «Воўкаўшчына» прадпрыемства «Белтэлекам» праводзіць планавую мадэрнізацыю. Тэлефонная станцыя, якая доўгі час абслугоўвала мікрараён, даўно выпрацавала свой рэсурс. Сёлета якраз з’явілася магчымасць яе замяніць. Станцыі, аналагічныя гэтай, завод ужо не выпускае. На змену ім прыйшлі лічбавыя. Да нас яны прыходзяць з мадэмным абсталяваннем, якое працуе ад электрасеткі. Спажыўцам мадэм прадастаўляецца бясплатна. Тэлефонная сувязь, інтэрнэт і тэлебачанне – тры паслугі, якія ён забяспечвае. Па сваім жаданні, спажывец паслуг можа карыстацца адной з іх або ўсімі трыма – па ранейшых тарыфах.
Прагрэс не стаіць на месцы, менавіта ім абумоўлены змены ў тэхнічным пераабсталяванні. Новая тэлефонная станцыя – гэта чарговы крок наперад.
Падрыхтавала  Таццяна ШАРШНЁВА

Visited 12 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 226 queries